Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Песьняры” адмовіліся ад паслугаў Уладзімера Мулявіна-малодшага


Ігар Карней, Менск З дзяржаўнага ансамблю “Песьняры” звольнены Ўладзімер Мулявін – сын стваральніка легендарнага калектыву, гэтаксама Ўладзімера Мулявіна. Назіральнікі кажуць пра этычны момант такога рашэньня: сына памерлага два гады таму пасьля аўтакатастрофы кіраўніка “Песьняроў” шмат хто ведае як прафэсійнага музыку і адмову ад ягоных паслугаў успрынялі як нечаканую навіну.

Да скандалаў у дзяржаўным ансамблі “Песьняры”, падобна, ужо ўсе прызвычаіліся. Сам факт існаваньня некалькі складаў гурту, якія гастралююць пад “песьняроўскім” брэндам, абурае шматлікіх прыхільнікаў творчасьці ансамблю. Некалькі месяцаў таму зьявіліся чуткі, што на былога ўжо дырэктара “Песьняроў” Валерыя Скаражонка заведзеная крымінальная справа за нямэтавае выкарыстаньне бюджэтных сродкаў. Навіна гэтых дзён – звальненьне з калектыву сына Мулявіна, Уладзімера, які іграў на альце. Гэта пацьвердзіла сястра Ўладзімера Марына, якая працуе ў дзяржаўным ансамблі на адміністратыўнай пасадзе.

(Мулявіна: ) “Так, ён ужо ў ансамблі не працуе. Але вы тэлефануйце Вячаславу Шарапаву, ён вам усё патлумачыць”.

Да цяперашняга дырэктара “Песьняроў” адсылалі шмат якія мае суразмоўцы. Аднак папярэднік Шарапава, саліст Валерый Скаражонак, адрозна ад іншых, выказаў уласную вэрсыю, чаму Мулявін-малодшы прыйшоўся раптам не даспадобы.

(Скаражонак: ) “На гэтыя пытаньні будзе адказваць Вячаслаў Шарапаў. Ён вёў з Валодзем размовы, таму, калі ласка, да яго. Шарапаў у нас дырэктар, таму яму пытаньні і адрасуйце. А я, шчыра кажучы, ня ў курсе справы. Але, па-мойму, ён вельмі дрэнна пераносіць паездкі. Мне так здаецца”.

Пасьля сьмерці лідэра “Песьняроў” склад гурту зьмяняўся шматразова. Чаму такая ўвага да гісторыі са звальненьнем чарговага музыкі, якога, збольшага, ведаюць, толькі як сына Мулявіна?

Натуральна, тут справа ў маральным аспэкце. Спадзяваліся, што Мулявін-малодшы ў пэўным сэнсе працягне “песьняроўскія” традыцыі бацькі. Аднак былы паплечнік Мулявіна, а зараз саліст “Беларускіх песьняроў” Валерый Дайнэка лічыць: сучасныя “Песьняры” так абрасьлі скандаламі, што творчасьць іх цікавіць у апошнюю чаргу.

(Дайнэка: ) “Скандальны ансамбаль, таму, натуральна, будуць скандалы. Але дыма без агню не бывае. Проста так не звальняюць, значыць, было за што. А я сумняюся, што там увогуле хтосьці іграе. Хоць сам Уладзімер музыка нядрэнны, здольны хлопец. Аднак апошнім часам я яго ў ансамблі ўвогуле ня бачыў. Ведаю, што калісьці ён займаўся на скрыпічным альце ў адзінаццацігодцы”.

Дырэктар ансамблю “Песьняры” мулявінскага ўзору Ігар Сьвечкін, які пасьля гучнага сыходу ад каманды Скаражонка арганізаваў свой ансамбаль і актыўна гастралюе па СНД, салідарны з Дайнэкам. І не хавае абурэньня ад таго, у ва што пераўтвораны самы знакаміты беларускі калектыў.

(Сьвечкін: ) “Клянавалі ўсё да такой ступені, што проста сорамна. Людзі ўжо сьмяюцца, прыхільнікі калектыву ў розных рэгіёнах – няхай гэта Ўкраіна заходняя, усходняя, Расея, Далёкі Ўсход. Усюды людзі не разумеюць, як такое ўвогуле магло адбыцца. І ўсё паступова робіцца нікому не цікавым”.

Што з нагоды рашэньня кіраўніцтва ансамблю “Песьняры” гаворыць сам Мулявін-малодшы?

Камэнтаваць гэтакае рашэньне, шчыра кажучы, ніхто асабліва ня хоча. Дырэктар калектыву Вячаслаў Шарапаў, да якога па тлумачэньні адсылаюць практычна ўсе, аказаўся адзіным, хто не захацеў нічога гаварыць увогуле. Што да звольненага Ўладзімера Мулявіна, то, па ўсім бачна, ён абураны, але выносіць на людзі крыўду таксама ня вельмі хоча. (Мулявін: ) “Так, сытуацыя няпростая. Але навошта вам гэта, які сэнс? Вам што ад гэтага? Ведаеце, я проста не хачу гэтую тэму ўздымаць. Калі ў вас якіясьці пытаньні, затэлефануйце дырэктару, ён раскажа. Але я не хачу ўлазіць у ва ўсё гэта”.

Цікава, што асобныя, датычныя да “Песьняроў” людзі, ня бачаць у падобных катаклізмах нічога надзвычайнага. Прыкладам, былы мастак-пастаноўшчык канцэртаў гурту Лявон Бартлаў лічыць, што сам факт цікавасьці да таго, што адбываецца ў “Песьнярах”, сьведчыць на безгрунтоўнасьць размоваў – маўляў, “Песьняры” сваё аджылі. Гэтаксама, як і імклівае клянаваньне выбітнага калектыву.

(Бартлаў: ) “Ёсьць дзяржаўныя “Песьняры”. З гэтага складу можа толькі два чалавекі працавалі з Мулявіным. “Песьняры імя Мулявіна”, дзе мастацкім кіраўніком Лявон Барткевіч. Проста “Песьняры”, дзе працуюць усе “песьняры”, якія былі з Мулявіным у розныя часы – іх збіраюць як вольных, фармуюць калектыў і яны такім сэзонным складам працуюць. І зараз рыхтуецца чацьвёртая каманда “Песьняроў”, якія могуць называць сябе самымі “чыстымі” ад Мулявіна. Таму казаць пра крызыс жанру “Песьняроў” проста ранавата”.
XS
SM
MD
LG