Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады не рэгіструюць подпісы за рэфэрэндум


Уладзімер Глод, Менск Аляксандр Вайтовіч, Васіль Лявонаў і Валеры Фралоў два месяцы таму заявілі пра жаданьне правесьці ў Беларусі рэфэрэндум зь ініцыятывы выбаршчыкаў. Гэтае мерапрыемства мусіць стаць першым гучным крокам грамадзкай арганізацыі пад назовам "Рух за вызваленьне Беларусі ад дыктатуры", якая ствараецца намаганьнямі ўзгаданых палітыкаў. Што ўжо зробленае за гэты час, ці павялічылася колькасьць сябраў ініцыятыўнай групы (у свой час гучала лічба 260), якая будзе займацца зборам подпісаў выбаршчыкаў?

У дзейнай Канстытуцыі тлумачыцца, што для правядзеньня рэфэрэндуму зь ініцыятывы выбаршчыкаў патрэбна сабраць подпісы ня менш за 450 тысячаў грамадзянаў Беларусі. Да таго ж (і гэта таксама запісана ў Канстытуцыі), неабходна, каб у кожнай з шасьці абласьцей і ў Менску іх было ня менш за 30 тысячаў. Зборам подпісаў займаецца спэцыяльная група. Прычым, каб патрапіць у склад зборшчыкаў, аднаго жаданьня мала -- спачатку патрэбна абавязкова заверыць свой подпіс у натарыюса.

Зразумела, што для правядзеньня акцыі па збору амаль паўмільёна подпісаў выбаршчыкаў, патрэбна вялікая колькасьць зборшчыкаў. І вось што гаворыць генэрал Валеры Фралоў, які каардынуе гэтую працу:

(Фралоў:) "Дзесьці 800 завераных у натарыюса заяваў у мяне ужо ёсьць. Але, разумеючы, што сабраць 450 тысячаў подпісаў цяжка, мы б хацелі мець натарыяльна завераных тысячы дзьве зборшчыкаў. Тым больш, што яшчэ існуе каля пяці тысячаў подпісаў, якія пакуль не завераныя натарыюсамі. На жаль, гэты працэс тармазнуўся".

Міністар юстыцыі Віктар Галаванаў разаслаў у абласныя ўпраўленьні юстыцыі наступны дакумэнт: "У Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь паступаюць вусныя запыты натарыюсаў аб магчымасьцях засьведчыць праўдзівасьць подпісу на заявах грамадзянаў, у якіх яны даюць згоду на ўдзел у ініцыятыўных групах па правядзеньню рэфэрэндуму з абвяшчэньнем пытаньняў, у тым ліку і палітычнага характару. Паколькі ў дадзены час адсутнічаюць праўдзівыя дадзеныя -- ці не ўступаюць зьвесткі ў заявах у супрацьлегласьць з артыкулам 68 закону "Аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасьці", да спэцыяльнага ўказаньня забараніць сьведчыць праўдзівасьць подпісу на ўказаных заявах".

Такім чынам, стварэньне спэцыяльнай групы зборшчыкаў подпісаў фактычна прыпыняецца на нявызначаны тэрмін. І вось як камэнтуе сытуацыю Валеры Фралоў:

(Фралоў:) "Сьведчыцца ж ні зьмест, а подпіс асобы. Мы павінны аддаць дакумэнты пасьля паседжаньня ініцыятыўнай групы ў Цэнтральную выбарчую камісію. І толькі пасьля гэтага міністэрства юстыцыі, пракуратура мусяць разабрацца, ці адпавядаюць яны заканадаўству. Мы цяпер спрабуем праз заявы ў Вярхоўны суд, пракуратуру дапамагчы нам разабрацца -- ці адпавядаюць дзеяньні міністра юстыцыі заканадаўству. Я, напрыклад, лічу, што ён парушае Канстытуцыю і закон".

На рэфэрэндум плянуецца вынесьці тры пытаньні -- пра дэмакратызацыю выбарчага заканадаўства, адмену кантрактнай сыстэмы найму на працу, замарожваньне росту тарыфаў на паслугі жыльлёва-камунальных службаў, да той пары пакуль сярэдні заробак у краіне не дасягне 400 даляраў. Раней было яшчэ і чацьвёртае пытаньне -- пра дзяржаўную падтрымку малога і сярэдняга бізнэсу. Але яго вырашылі зьняць.

Валеры Фралоў лічыць, што гэтыя пытаньні хвалююць усіх. Рэфэрэндум ёсьць тым стрыжнем, вакол якога можна рэальна аб''яднацца, упэўнены ён. Першымі на зварот ініцыятараў адгукнуліся сацыял-дэмакраты з партыі Грамада. Яны вырашылі падтрымаць гэтую акцыю. І вось як тлумачыць гэтае рашэньне намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Уладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк:) "Нават калі ўлада не дасьць магчымасьць правесьці рэфэрэндум, дык любы збор подпісаў, любы зварот да грамадзтва, зьвязаны з пэрспэктывай зьмены заканадаўства, з пэрспэктывай новых дэмакратычных мерапрыемстваў, для нас лічыцца станоўчым. Для нас не мае вялікага значэньня, ці гэта ініцыятыва аднаго, двух ці трох... Мы на калегіяльным органе партыі абмеркавалі, прыйшлі да высновы, што гэта карысна для дэмакратычных сілаў Беларусі. У любым выглядзе, у якім гэта мерапрыемства будзе праходзіць".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG