Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У лёгкай прамысловасьці палова прадпрыемстваў стратныя


Іна Студзінская, Менск На паседжаньні прэзыдыюму Савету Міністраў 1 лістапада прааналізаваная сытуацыя ў рэальным сэктары эканомікі. У справаздачы віцэ-прэм’ера Андрэя Кабякова не раз паўтараліся эпітэты “трывожныя”, і нават “дрэнныя вынікі”. Найбольшую занепакоенасьць выклікае колькасьць стратных прадпрыемстваў.

Колькасьць стратных прадпрыемстваў з пачатку 2005 года скарацілася амаль на 30%, аднак гэта не абярнулася для эканомікі адэкватным павелічэньнем прыбытку. У прамысловасьці з дзьвюх тысяч прадпрыемстваў 644 – стратныя, гэта амаль траціна.

Больш за ўсё іх у лёгкай прамысловасьці, амаль 50%. Кожнае чацьвёртае прадпрыемства ў машынабудаваньні – стратнае, у нафтахімічнай прамысловасьці – кожнае трэцяе стратнае. Пра парадоксы беларускай эканомікі распавядае экспэрт аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка.

(Заіка: ) “Вось нават прамысловасьць будаўнічых матар’ялаў – усе будуюць, і 36% стратных прадпрыемстваў, якія вырабляюць будматар’ялы. Людзі плацяць па 1 тысячы даляраў за квадратны мэтар жытла, а тыя, хто вырабляе будаўнічыя матар’ялы – кожны трэці стратны. Кожнае чацьвёртае прадпрыемства харчовай прамысловасьці таксама стратнае”.

Эканаміст Міхаіл Залескі выказаў такое меркаваньне:

(Залескі: ) “Наяўныя дзьве тэндэнцыі ёсьць. Першая – што стратнасьць зьмяшчаецца як бы з захаду на ўсход. А другое - структура стратнасьці таксама мяняецца не на карысьць народнай гаспадаркі. Памеры стратаў на адно стратнае прадпрыемства ўзрастаюць. І калі рэструктурызацыю не праводзіць, то яна адбываецца сама. І тое, што павінна адсохнуць, яно як бы і адсыхае, а падыход застаецца сацыялістычны: каб мацнейшыя падтрымлівалі слабейшых, багацейшыя – бяднейшых. І пры гэтай ўсеагульнай падтрымцы мы ціхенька будзем тануць”.

Гэта было меркаваньне эканаміста Міхаіла Залескага. Экспэрт аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка цягам дзесятку гадоў аналізуе сытуацыю ў эканоміцы, скрупулёзна вывучае кожную лічбу, і выказаў такую сваю занепакоенасьць.

(Заіка: ) “Такая вялікая колькасьць стратных прадпрыемстваў зьяўляецца рэакцыяй намэнклятуры на падрыхтоўку і жаданьне правесьці прыватызацыю. То бок прыватызацыю лепш праводзіць, калі прадпрыемства стратнае. Тады таньней прадпрыемства абыходзіцца. Вось мне здаецца, што гэта зьяўляецца рэакцыяй намэнклятуры, інсайдэраў, дырэктарату, якія б хацелі гэтыя прадпрыемствы перавесьці ў прыватную ўласнасьць” .

І яшчэ адна хранічная хвароба беларускай эканомікі – вельмі вялікія складзкія запасы гатовай прадукцыі. У лёгкай прамысловасьці запасы складаюць 140% месячнага выпуску. На 1 кастрычніка - на 230 мільярдаў рублёў таварных запасаў. На 870 мільярдаў – запасаў у машынабудаваньні. А ўсяго запасаў прамысловасьці – на 2 трыльёны 135 мільярдаў рублёў. Гэта прыкладна на 1 мільярд даляраў. Урад вельмі насьцярожвае і ўзровень запасаў па важнейшых экспартных пазыцыях (калійныя угнаеньні, хімічныя валокны, шыны, лядоўні, ільняныя тканіны).

Гаворыць экспэрт аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка.

(Заіка: ) “У любой краіне гаспадарчыя суб’екты, якія маюць такія запасы, зьніжаюць аб’ёмы выпуску, звальняюць рабочых, адпускаюць адпачываць, сыходзяць з рынку альбо адсіжваюцца да лепшых часоў. Сёньняшняя сытуацыя надзвычай неспрыяльная для ўсёй эканомікі”.

Якое выйсьце? Вось меркаваньне кандыдата эканамічных навук Міхаіла Залескага.

(Залескі: ) “Выйсьця існуе два. Першае – навучыцца лепей прадаваць. А другое выйсьце – навучыцца рэструктурыраваць вытворчасьць. Таму што калі я плёў лапці, спатрэбіліся боты – трэба пераходзіць на боту, спатрэбіліся красоўкі – на красоўкі. У тканінах, у вопратцы жаночай – там наогул трэба па 3 разы на год мяняць мадэлі. Тое самае – у машынабудаўніцтве. Адзінае, дзе мы пасьпяваем за ўсім сьветам – гэта высокія тэхналёгіі, але іх зона скарачаецца адносна ўсёй прамысловасьці. У тым сэнсе што продаж астатні ідзе не за кошт “high-tekh”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG