Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў беларускіх дзяцей карыес?


Юлія Шарова, Менск Амаль 90 адсоткаў беларускіх першаклясьнікаў маюць карыес – такія зьвесткі прыводзяць стаматолягі. Учора ў Менску распачаўся Міжнародны стаматалягічны форум, у межах якога прайшла навуковая канфэрэнцыя “Актуальныя пытаньні стаматалёгіі дзіцячага ўзросту”.

Паводле загадчыцы катэдры стаматалёгіі дзіцячага ўзросту Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту Тамары Церахавай, зубы ў маленькіх беларусаў псуюцца вельмі рана.

(Церахава:) “Недзе ў два з паловай года, калі толькі прарэзаліся ўсе малочныя зубы, 26,5 адсоткаў дзяцей ужо з карыесам. А калі пайсьці далей, то ў шасьцігадовым узросьце гэта амаль 90 адсоткаў дзяцей, прычым можна сказаць, што ў кожнага дзіцяці ў шасьцігадовым узросьце паражана карыесам да пяці зубоў”.

У некаторых шасьцігодак-першаклясьнікаў карыес закранае ўжо нават пастаянныя зубы. Кожнае другое дзіця пакутуе на анамаліі прыкуса рознай ступені складанасьці, траціна хварэе на гінгівіт – спэцыфічнае захворваньне дзёснаў.

На думку спадарыні Церахавай, зьвязана гэта з тым, што беларусы ня надта дбаюць пра бліскучую ўсьмешку й пра здароўе зубоў наагул. І гэтую абыякавасьць прышчапляюць дзецям. Рэч не заўсёды ў кепскім харчаваньні ці слабым здароўі. Шмат для каго візыт у кабінэт дантыста – гэта горш за катаваньне, бо цяперашнія дарослыя гадаваліся яшчэ ў тыя часы, калі лекаваць зубы было папросту балюча. Звычайна, першы няўдалы візыт да стаматоляга запамінаецца на ўсё жыцьцё – і ў далейшым чалавек баіцца лекавацца, нават пад анастэзыяй. У стаматалягічнае крэсла ён трапляе толькі тады, калі зуб ужо амаль разбураны.

Як ня дзіўна, у дзяцей забясьпечаных і адукаваных бацькоў зубы горшыя, чым у гадаванцаў школаў-інтэрнатаў, кажа прафэсар Церахава.

(Церахава:) “Яны знаходзяцца ва ўмовах збалянсаванага харчаваньня па тлушчах, бялках, вугляводах і мінэралах. Апрача таго, яны не сілкуюцца салодкім бясконца, яны харчуюцца строга паводле рэжыму. Слодычы па сьвятах атрымліваюць толькі. Хатнія дзеці, натуральна, атрымліваюць іх штодня ды ў немалой колькасьці, як мы заўважаем”.

Здаровая й бліскучая ўсьмешка закладваецца яшчэ да нараджэньня чалавека, тлумачыць спэцыяліст. Частка зубоў, якія вылазяць у першы год жыцьця, фармуюцца ў дзіцяці яшчэ тады, калі яно знаходзіцца ў матчыным улоньні. Таму вельмі шмат чаго залежыць ад здароўя й харчаваньня маці. Немаўля таксама патрабуе якаснага харчаваньня, пажадана, натуральнага кармленьня. Іначай зубы потым будуць слабымі. А крыху пазьней дзіця трэба кожныя паўгода паказваць стаматолягу, нават калі ніякіх праблемаў, здаецца, няма. Дантыст можа заўважыць першыя прыкметы карыесу, параіць, якой пастай карыстацца для прафіляктыкі, а таксама праверыць, ці правільна дзіця чысьціць сабе зубы. Дарэчы, бацькі павінны дачышчаць зубы сваім дзецям-дашкольнікам, бо малыя пакуль ня могуць самастойна выканаць усю гэтую працэдуру як трэба.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG