Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працягваецца "цукровая вайна" паміж Беларусяй і Расеяй


Юлія Шарова, Менск Расейскія вытворцы цукру вінавацяць беларусаў у нядобрасумленнай канкурэнцыі й лічаць, што імпарт беларускага цукру падрывае іхны ўнутраны рынак. Праз два тыдні ў Маскве маюць адбыцца публічныя слуханьні ў межах кампэнсацыйнага расьсьледаваньня, якое распачало Міністэрства эканамічнага разьвіцьця й гандлю Расеі. Між тым беларускі прэм’ер Сяргей Сідорскі сёньня на нарадзе цукравытворцаў у Слуцку заявіў, што антыдэмпінгавае расьсьледаваньне – надуманае мэдыямі пытаньне.

Абвінавачаньні ў нядобрасумленнай канкурэнцыі ідуць ад Саюзу цукравытворцаў Расеі "Саюзросцукар". Як заявіў у інтэрвію "Свабодзе" старшыня праўленьня Саюзу Юры Чумакоў, беларускія вытворцы занялі на сёньня ўжо амаль 8% расейскага рынку, а не 4%, як цьвердзіць кіраўнік ураду Беларусі.

Беларускі цукар таньнейшы, хоць выдаткі на ягоную вытворчасьць тыя ж самыя, а часам і вышэйшыя, чым у Расеі. З гэтага вынікае, кажа Юры Чумакоў, што вытворчасьць гэтага прадукту ў Беларусі падтрымліваецца дзяржавай.

(Чумакоў: ) "У Беларусі дастаткова шырока субсыдуюцца дастаўкі цукру ў Расею. У выніку атрымліваецца неабгрунтаваны экспарт і заніжаныя цэны, што ставіць нашыя расейскія кампаніі на ўласным жа рынку неканкурэнтаздольнымі. І гэта наносіць сур''ёзную шкоду".

У Расеі гэтая галіна цалкам камэрцыялізаваная, ніякіх дзяржаўных субсыдыяў цукравытворцы не атрымліваюць. Таму ім усё складаней канкураваць з суседзямі – ужо на ўласным рынку, тлумачыць спадар Чумакоў. Зь ягоных словаў, вінавачаньні ў адрас беларусаў грунтуюцца ў тым ліку й на афіцыйнай статыстыцы, якую падае канцэрн “Белдзяржхарчпрам”. Сабраных фактаў, кажа старшыня Саюзросцукру, хапіла для таго, каб распачаць кампэнсацыйнае расьсьледаваньне.

Напрыклад, вядома, што Беларусь мае права прадаваць у Расею толькі бураковы цукар. Для сваіх патрэбаў увозіцца цукар-сырэц з трысьнягу, ён перапрацоўваецца й прадаецца на ўнутраным рынку. Штогод беларусы спажываюць 350 тысячаў тонаў трысьняговага цукру, вырабляюць – 300 тысячаў тонаў бураковага. Але ж аб''ёмы экспарту ўРасею пры такім раскладзе перавышаюць усе магчымыя нормы, кажа Юры Чумакоў.

(Чумакоў: ) "Калі вы спажываеце 350 тысячаў тонаў, а вырабляеце 300, у вас ёсьць экспартныя рэсурсы? Цукровых буракоў летась у Беларусі прадукавалі 300 тысячаў тонаў, а ў Расею даставілі 420 тысячаў тонаў цукру. Адкуль ён узяўся? Ці гэта чужы цукар, белы? Ну калі вы вырабілі 300, самі зьелі 350 і 420 тысячаў тонаў паставілі ў Расею – які гэта можа быць цукар?"

Распачатае расьсьледаваньне – не антыдэмпінгавае, а кампэнсацыйнае, падкрэсьлівае мой суразмоўца. Але як вырашыць праблему з кампэнсацыямі й мытам, спадар Чумакоў пакуль ня ведае: гэта занадта складанае тэхнічнае пытаньне.

Беларусь і Расея існуюць у адзінай эканамічнай прасторы, кантраляванай мяжы ня маюць, і адрэгуляваць цэны на беларускі цукар шляхам увядзеньня мыта, фактычна, немагчыма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG