Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Халіп: “У Беларусі толькі адзін герой”


Міхась Скобла, Менск (эфір 30 кастрычніка) Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”.

Беларускія ўлады намагаюцца дазаваць айчынную героіку. Скасавалі ордэн Кастуся Каліноўскага, галоўныя сталічныя праспэкты атрымалі безасабова-банальныя назвы, а за ўсю найноўшую гісторыю ў краіне зьявілася толькі некалькі герояў. Няўжо беларуская рэчаіснасьць сапраўды такая малагераічная? На Захадзе лічаць іначай — амэрыканскі часопіс “Тіmе” надаў званьне “Герой Эўропы-2005” беларускай журналістцы Ірыне Халіп, якое было ўручанае ёй у Вялікабрытаніі.

(Міхась Скобла: ) “Ірына, прыміце віншаваньні з узнагародай. Памятаеце хрэстаматыйны верш Пімена Панчанкі “Герой”? “Злосна сказаў: “Уставай, пяхота, мы не на пляжы, а на вайне…” Герой першым ідзе на калючы дрот, на агонь, на рызыку. Вы гатовыя да штодзённага геройскага жыцьця?”

(Ірына Халіп: ) “А я да яго гатовая была і да таго, як атрымала гэтую ўзнагароду. Мне здаецца, што ў Беларусі гераізм і рызыка — у паўсядзённым жыцьці. І герояў у Беларусі вельмі многа. Вы тут прыгадалі цытату зь Пімена Панчанкі, а мне прыгадаліся словы Бэртольда Брэхта: “Нешчасьлівая тая краіна, якой патрэбныя героі”. Калі б іх было ў Беларусі менш, калі б нам не патрэбна было быць героямі штодзень, можа быць, гэта была б іншая краіна, больш шчасьлівая”.

(Скобла: ) “Давайце дарэшты разьбярэмся з героямі. Чаму ў Беларусі амаль няма герояў афіцыйных?”

(Халіп: ) “Таму што ў Беларусі ёсьць чалавек, ад якога залежыць колькасьць афіцыйных герояў. А яму героі не патрэбныя. Бо ён сам сябе лічыць героем. А астатніх не заўважае. Але выходзіць усё наадварот. Чым больш гэты чалавек спрабуе застацца пры ўладзе, тым болей герояў у нашай краіне абуджаецца. Нават тыя, якія, здавалася, сьпяць, яны абуджаюцца. І я спадзяюся, што наступнай вясной усе гэтыя героі выйдуць на вуліцу”.

(Скобла: ) “А не атрымаецца так, што на вуліцу выйдуць адны героі?”

(Халіп: ) “Калі іх будзе большасьць, няхай выходзяць. Галоўнае, каб амонаўцаў на вуліцы было ня больш, чым герояў. Дыктатура — увогуле вельмі зручная рэч для ўсіх. І калі яна доўжыцца больш за дзесяць гадоў, то ўсе знаходзяць нейкія нішы, зацішныя куткі, дзе можна ціха сядзець, нават зарабляць грошы і жыць нібыта няблага. Але 2006 год — год выбараў, пра якія мы ўсё ведаем. Мы ведаем, што колькасьць прыхільнікаў прэзыдэнта будзе адсоткаў за 80. За нас ужо ўсё падлічылі. І справа тут нават ня ў тым, каб прывесьці да ўлады Мілінкевіча ці кагосьці яшчэ, а ў тым, каб асабіста сабе вярнуць права галасаваць і абіраць, бо сёньня мы гэтага права пазбаўленыя.

І на вуліцу мы павінны выйсьці дзеля гэтага. 2006 год — гэта шанец, які мы павінны выкарыстаць. У мінулым годзе прайшоў рэфэрэндум — таксама быў шанец, але тады не было падрыхтаваных масавых акцыяў. А цяпер мы павінны падрыхтавацца да вясновых масавых акцыяў, і калі распачаць гэтую кампанію яшчэ ўвосень, то можна дасягнуць жаданых вынікаў, і людзі выйдуць. Мы проста павінны зразумець, што гэта наш апошні шанец. Быў шанец у 1996-м, потым у 2001-м. Тады нам здрадзілі, спачатку Шарэцкі, які заклікаў людзей разысьціся, потым Ганчарык, які зрабіў тое самае. Цяпер мы проста павінны ведаць: нельга нікога слухаць”.

(Скобла: ) “Героем Эўропы” разам з вамі названы славуты тэнар Плясыда Дамінга. Вось ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі наладжваюць свае сустрэчы, хаўрусуюцца. Каб надарылася магчымасьць запрасіць Дамінга ў Беларусь, які вакальны твор з айчыннай клясыкі вы яму прапанавалі б для выкананьня?”

(Халіп: ) “Што-небудзь з “Крамбамбулі” — мне здаецца, яна ўжо стала клясыкай. Дарэчы, у гэтым альбоме ёсьць цудоўны твор, якраз для тэнара, для бэльканта: “Грапа, к’янці ды марціні, хочаш — сангрыю бяры, і Чэзарэ, і Кампана — нашы добрыя сябры”.

(Скобла: ) “Вы пачыналі свой журналісцкі шлях у “Чырвонай зьмене” і “Советской Белоруссии” — органах тагачаснай улады. У які момант вы адчулі, што працаваць на ўладу ня зможаце?”

(Халіп: ) “Я не працавала на ўладу. Я тады, шчыра кажучы, яшчэ не цікавілася палітыкай. Так, я працавала ў “Советской Белоруссии”, калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады. І літаральна празь некалькі месяцаў ён звольніў галоўнага рэдактара “Советской Белоруссии” Ігара Асінскага. Ён быў добрым галоўным рэдактарам, чалавекам левага напрамку, яму не хапала камуністычных каштоўнасьцяў, але ён быў гатовы працаваць у новых умовах. І тут такое хамскае, бесцырымоннае ўмяшаньне чалавека, які ня мае ўяўленьня, што такое газэта, як яе рабіць, чым добры рэдактар адрозьніваецца ад кепскага. Вось пасьля гэтага я і звольнілася, тады я і зразумела, што мне гэтая ўлада не падабаецца”.

(Скобла: ) “Часопіс “Тіmе” у сваёй пастанове аб прысуджэньні званьняў “Герой Эўропы” зазначае: “Ірына Халіп выкрывае карупцыю, не шкадуючы нават Лукашэнкі”. Але як вы можаце даказаць Захаду, што кіраўнік Беларусі мае дачыненьне да карупцыі? У яго нават дому ўласнага няма, ня кажучы пра вілу на Міжземнамор’і. Усё яго багацьце — гэта ўлада. Але ж улада над уладай — гэта ж не карупцыя”.

(Халіп: ) “Прабачце, але Беларусь займае адно зь першых месцаў у сьпісе гандляроў зброяй. Чацьвертае ці пятае, дакладна ня памятаю. Беларусь — лідэр на гэтым рынку! Прабачце, у Беларусі няма зброі ў такіх колькасьцях, каб ёю гандляваць. Пра што гэта гаворыць? Толькі пра тое, што гандаль зброяй — пэрсанальны бізнэс нашай улады. І рабіць такі бізнэс бяз санкцыі найвышэйшай службовай асобы немагчыма. Ніхто і ніколі ня зможа мяне пераканаць, што спадар Лукашэнка нічога пра гэта ня ведае, што гэта нейкія палкоўнікі дзе-небудзь паціху фарцуюць зброяй. Не. Гэта дзяржаўны бізнэс”.

(Скобла: ) “У вашых антыкарупцыйных артыкулах фігуруюць канкрэтныя імёны высокіх чыноўнікаў. Няўжо яны не спрабавалі неяк спыніць вас, перашкодзіць вашым журналісцкім расьсьледаваньням?”

(Халіп: ) “Былі такія спробы. Напрыклад, у 1999 годзе і мне, і рэдактару “Белорусской деловой газеты” Пятру Марцаву перадалі інфармацыю: зьяжджайце зь Беларусі, калі ня зьедзеце, вас проста заб’юць, пра вас прынятае рашэньне, таму, калі ласка, зьяжджайце. Ні Марцаў, ні я ня зьехалі, бо мы зразумелі, што нас спрабуюць запалохаць. Марцаў, праўда, зьмяніў кватэру, бо ў яго была маладая жонка, і ён не хацеў, каб яна падвяргалася рызыцы. А я ўспрыняла ўсё гэта як чарговую прыгоду, і маім улюбёным заняткам у той час было: здагадацца, які з аўтамабіляў займаецца вонкавым назіраньнем. І я іх аднойчы вылічыла! Разьвярнулася, і паехала за імі. І я перасьледавала аўтамабіль вонкавага назіраньня! Праўда, не дагнала, яны ўцяклі, але больш падобных аўто я за сабой не заўважала”.

(Скобла: ) “Вам пагражаюць забойствам, а вы думаеце, што вас проста палохаюць? І гэта пасьля зьнікненьня Ганчара і Захаранкі?”

(Халіп: ) “Ні Ганчара, ні Захаранку ніхто не папярэджваў. Калі хтосьці кагосьці зьбіраецца забіць, ён не дасылае чорных метак. Калі табе кажуць: ня зьедзеш, то цябе заб’юць — гэта запалохваньне. А таго, каго зьбіраюцца забіць, не запалохваюць”.

(Скобла: ) “Вы неаднойчы паўтаралі, што адзіны шлях для Беларусі — гэта рэвалюцыя. Але ж усім вядома, што ніву рэвалюцыі засяваюць рамантыкі, жнуць героі, а ўраджай спажываюць нягоднікі. Навошта ж пладзіць нягоднікаў, можа, варта пашукаць які іншы шлях да свабоды і дэмакратыі?”

(Халіп: ) “Іншага шляху, на жаль, няма. З той простай прычыны, што немагчыма для нас сёньня перамагчы на выбарах. Усе ведаюць, як падлічваюцца галасы, усе ведаюць, якім “высокапрафэсійным” спэцыялістам стала мадам Ярмошына, яна выдасьць такую лічбу, якая будзе замоўленая. А калі мы ня можам перамагчы на выбарах, то прыйдзецца перамагаць праз рэвалюцыю. Што датычыцца нягоднікаў... Ведаеце, добрай улады не бывае ўвогуле. Я ня ведаю, у якой краіне добрая ўлада”.

(Скобла: ) “Ну, а ў той краіне, дзе вам уручылі пасьведчаньне “Героя Эўропы”, там таксама нягоднікі пры ўладзе?”

(Халіп: ) “Не, ну там усё ж такі манархія, там каралева. Вы што, прапануеце манархічную мадэль улады для Беларусі? Паспрабуйце сабе ўявіць, як улада ў Беларусі пяройдзе ў спадчыну… У нас нават ёсьць гатовыя нашчадкі. Таму вельмі небясьпечна весьці падобныя размовы. А раптам спадар Лукашэнка пачуе і падумае — цудоўная ідэя! І праз гадоў так пяць-дзесяць у нас будзе новы манарх — Віця Лукашэнка, потым Міця Лукашэнка, а потым у іх дзеці-ўнукі падгадуюцца… Не, давайце лепш без манархіі”.

(Скобла: ) “Вы, Ірына, пішаце пра найвышэйшыя эшалёны ўлады. Такое ўражаньне, што ўсіх іх вы добра ведаеце. Калісьці нямецкі паэт Дытрых Экерт, які чытаў Гітлеру лекцыі па містыцы, гаварыў, маючы на ўвазе свайго слухача: “Так, ён будзе танчыць, але гэта я прыдумаў для яго музыку”. Пад чыю музыку танчыць Лукашэнка? Ці ён цалкам самастойны танцор?”

(Халіп: ) “Лукашэнка верыць у тое, што ён самастойны танцор. Але ўвесь час ён танчыць пад тую музыку, якая цяпер гучыць. Немцам ён распавядаў, што сымпатызуе Гітлеру, бо думаў, што каб спадабацца немцам, трэба абавязкова любіць Гітлера. Арабскім журналістам ён гаварыў пра тое, што беларускі народ ва ўсіх канфліктах заўсёды выступае на баку арабаў. Калі ён сустракаецца з Пуціным, мы чуем, як беларусы сямімільнымі крокамі, хутчэй-хутчэй-хутчэй бягуць у саюз з Расеяй. Потым ён вяртаецца ў Менск і цьвердзіць, што ніколі не аддасьць незалежнасьці Беларусі. Ён — як той хлопец п’яны на дыскатэцы — пачуў музыку і танчыць. Ці танга, ці блюз — што заўгодна. Проста пачуў музыку — трэба таньчыць. Вось і Лукашэнка так робіць”.

(Скобла: ) “Па натуры вы змагарка. Чым вы будзеце займацца, калі ў Беларусі настане спакойнае дэмакратычнае жыцьцё? Будзеце выдаваць глянцавы часопіс накшталт “Форбсу”, ці паедзеце па сьвеце ў пошуках дыктатуры, каб зь ёю змагацца?”

(Халіп: ) “Шчыра кажучы, я сама сабе гэтае пытаньне часам задаю — што я тады буду рабіць? Мне самой раз-пораз здаецца, што я сапраўды нейкі Чэ Гевара ў спадніцы, і пасьля паразы лукашэнкаўскай дыктатуры прыйдзецца кудысьці ехаць — у Зымбабвэ ці Паўночную Карэю. Як і Чэ Гевара езьдзіў — спачатку ў Афрыку, потым у Балівію. Ці можа, лепш усё ж застацца дома і выдаваць часопіс накшталт “Форбсу”? Ня ведаю пакуль. Але ў Беларусі й пасьля паразы дыктатуры далёка не адразу ўсё будзе добра. Знойдзецца чым займацца. Як вы самі заўважылі, да ўлады часьцей за ўсё прыходзяць нягоднікі”.

(Скобла: ) “Паэт Андрэй Вазьнясенскі, пабачыўшы аднойчы, як вас білі амонаўцы на менскім асфальце, прысьвяціў вам верш. А ў сваёй кнізе “На віртуальным ветры” напісаў, як хацеў пераправіць вас у Швэцыю. А ў вас самой не зьяўлялася думкі зьехаць?”

(Халіп: ) “Не, ніколі такой думкі не было. Няма ў нашай краіне ні гораў, ні фантастычных курортаў. Беларусь — ну, непрыгожая звонку. Але я люблю яе. І я сябе адчуваю часткай менавіта гэтай краіны. У мяне мэнталітэт жыхара маленькай краіны. Я не змагла б жыць ні ў Расеі, ні ў Злучаных Штатах Амэрыкі. Я ўдзячная Андрэю Вазьнясенскаму за падтрымку. У дзяцінстве, калі мае сяброўкі былі закаханыя ў д’Артаньяна-Баярскага, я была закаханая ў Вазьнясенскага. А дзесяць гадоў таму мы пазнаёміліся і сталі, на шчасьце, сябрамі”.

Андрэй ВАЗЬНЯСЕНСКІ Мянчанка



Ірыне Халіп

Ірына, сырэна Волі, Шапэнавай музе радня. І б’е па дзявочым болю Мужык, чыё сэрца — браня.

Ашчэрыўся ў тэлеку шабас Браніраванай свалаты. “Шайбу! — крычалі, — Шайбу!” Ды шайбачка — гэта ты.

За тое, што непрыручоная? За вольніцу думак і рук? За стрыжку тваю залачоную, Што зьнічкай упала на брук?

Крычала з экранаў, хацела Ты нас папярэдзіць аб чым? Твой бацька закрыў цябе целам. З Масквы я ня змог памагчы.

І хто па каханых, любімых Тваіх, Ірына, плячах Адчуе сьляды дубіны? Ты ўночы пачнеш крычаць.

І сьціхне, ад болю зьнямеўшы, На вуснах крывавы пажар. Мяне пацалуеш, сустрэўшы, А трэба, каб плюнула ў твар. Пераклад з расейскай Рыгора Сітніцы
XS
SM
MD
LG