Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкі ўрад дапамагае ахвярам нацызму ў Беларусі


Валер Каліноўскі, Менск Урад Нямеччыны і Беларускі рэспубліканскі фонд “Узаемаразуменьне і прымірэньне” пачалі рэалізацыю некалькіх новых праектаў гуманітарнай дапамогі ахвярам нацызму ў Беларусі. Праекты гэтыя рэалізуюцца за кошт рэшткаў сумаў, выдаткаваных урадам ФРН для выплаты беларускім ахвярам нацызму.

У 2006 годзе Беларускі рэспубліканскі фонд “Узаемаразуменьне і прымірэньне” павінен спыніць сваю працу — выплаты вязьням канцлягераў, гета, выгнаным на прымусовыя працы ў Нямеччыну ў асноўным завершаныя. 120 тысяч чалавек атрымалі грошы нямецкага ўраду. На гэты час фонду засталося знайсьці каля 500 спадкаемцаў беларускіх ахвяраў нацызму. Пасьля 30 верасьня 2006 году ніякіх выплатаў рабіцца ня будзе, і фонд будзе расфармаваны.

Старшыня праўленьня фонду “Ўзаемаразуменьне і прымірэньне” Валянцін Герасімаў гэтак заявіў пра сваё бачаньне будучыні справы, якой ён прысьвяціў апошнія гады:

(Герасімаў: ) “Увогуле, мы б тут хацелі, канечне, калі нашы ўрад і прэзыдэнт падтрымаюць нас, стварыць Цэнтар сацыяльна-мэдычнай падтрымкі ахвяраў нацызму. Для гэтага ўсе магчымасьці ў фонду ёсьць, нямецкі бок грошы дае. Патрэбная падтрымка кіраўніцтва Беларусі”.

Спадар Герасімаў мяркуе, што гэтая тэма ў Беларусі яшчэ будзе абмяркоўвацца. Аналягічныя прапановы гучаць у суседніх краінах, дзе дзейнічаюць такія фонды. Тысячы ахвяраў нацызму патрабуюць далейшай падтрымкі, тым больш што сродкі для гэтага ёсьць.

У 1993 годзе ўрадам ФРН на выплаты ахвярам нацызму Беларусі было выдзелена 200 мільёнаў нямецкіх марак. З гэтай сумы нявыплачанымі засталося 4,5 мільёна эўра, якія было вырашана выкарыстаць на мэдычна-сацыяльныя праекты для ахвяраў нацызму.

На гэты час зацьверджана і пачынаецца рэалізацыя чатырох праектаў: падтрымкі і пашырэньня дзейнасьці трох аптэк, адкрытых фондам у Менску, Берасьці і Віцебску, адкрыцьця майстэрні для вырабу акуляраў для ахвяраў нацызму, арганізацыя іх лячэньня і рэабілітацыі ў пансіянаце для вэтэранаў у Ждановічах ды ў 432-м вайсковым шпіталі Мінабароны.

Асобны праект, які ў хуткім часе мусіць быць зацьверджаны, — абсталяваньне Рэспубліканскага шпіталю інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя Машэрава ядзерна-магнітным кампутарным тамографам, які каштуе 1,5 мільёна эўра, ім будуць карыстацца ўсе кліенты шпіталю.

Валянцін Герасімаў паведаміў, што ўсе гэтыя праекты прадугледжаныя на 5 гадоў — прынамсі, на гэты тэрмін складзеныя дамовы. З зэканомленых фондам грошай застаецца яшчэ 1,3 мільёна эўра, які пойдуць яшчэ на тры праекты аналягічнага характару. Спадар Герасімаў спадзяецца, што гэтыя праекты будуць распрацаваныя да канца гэтага году.
XS
SM
MD
LG