Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вашынгтоне працягваецца скандал вакол агенткі ЦРУ


Кастусь Бандарук, Прага У ЗША працягваецца скандал выкліканы рассакрэчаньнем асобы агенткі ЦРУ Валеры Плейм. У часе сваіх паказаньняў ейны муж, былы амэрыканскі амбасадар Джозэф Уілсан заявіў, што Белы дом у змове зь сіламі бясьпекі вырашыў пакараць сваіх крытыкаў: тых, хто лічыў, што адміністрацыя Буша на падставе выдуманых прычынаў пераканала Кангрэс і амэрыканцаў распачаць вайну ў Іраку.

Усё пачалося з 16 словаў прэзыдэнта Джорджа Буша аб тым, што паводле брытанскай выведкі, Садам Хусэйн набыў ў Афрыцы значную колькасьць урану. Пасьля гэтага, выступаючы перад Радай бясьпекі ААН, дзяржсакратар Колін Паўэл заявіў, што Белы дом валодае інфармацыяй аб тым, што ірацкі рэжым хавае свае арсэналы зброі масавага зьнішчэньня.

Пасьля гэтага ЦРУ даручыла діплямату Джозэфу Уілсану зьезьдзіць у Нігер, каб на месцы праверыць чуткі пра закупку Іракам урану. Вільсан быў дзеля гэтага вельмі адпаведным чалавекам, паколькі цягам 20 гадоў ён працаваў дыпляматам ў Афрыцы, а таксама, да вайны ў Пэрсыдзкай затоцы, у часе калі прэзыдэнтам быў Джордж Буш старэйшы, ён выконваў абавязкі амэрыканскага амбасадара ў Багдадзе.

Вярнуўшыся з Афрыкі, Уілсан падрыхтаваў свайму начальству справаздачу, у якой напісаў, што не знайшоў ніякіх доказаў набыцьця Іракам у Нігеры радыяактыўных матэрыялаў. У чэрвені 2003 году ён апублікаваў пра гэта артыкул у газэце "Нью-Ёрк Таймс".

Цяпер, даючы паказаньні Вільсан заявіў, што прозьвішча ейнай жонкі прасачылася ў друк не выпадкова. На ягоную думку, гэтым самым Белы дом хоча даказаць, што місія ў Афрыцы была яму даручаная выключна дзякуючы пазыцыі ягонай жонкі ў ЦРУ. Вільсан кажа, што пасьля вяртаньня з Нігеру ён цягам сямі месяцаў публічна не гаварыў пра вынікі сваёй паездкі. Ён наагул ня быў праціўнікам вайны ў любым выпадку, але хацеў каб замежная палітыка грунтавалася на праверанай інфармацыі. Паводле Уілсана, ён ніколі ня ставіў пад сумнеў наяўнасьць зброі масавага зьнішчэньня ў Іраку, якая, дарэчы, не была знойдзеная. Яму проста не падабалася ўпартае імкненьне Белага дому да адхіленьня рэжыму Садама Хусэйна ад улады любым коштам.

(Уілсан: ) “Разбраеньне Садама Хусэйна было легітымнай мэтай міжнароднай супольнасьці і слушнай мэтай Амэрыкі, аднак зьмена рэжыму дзеля самой зьмены азначала будучыя праблемы”.

Паводле Джозэфа Ўілсана, адміністрацыя Буша наўмысна праігнаравала ягоную інфармацыю і зрабіла ўсё, каб апраўдаць вайну з мэтай адхіленьня Садама Хусэйна ад улады. Цяпер адміністрацыя спрабуе пакараць сваіх крытыкаў, у тым ліку яго і ягоную жонку, кажа Ўілсан. На думку Ўілсана, нападкі на яго з боку Белага дому і Рэспубліканскай партыі не зьмяняюць факту, што 17 тысяч амэрыканцаў загінулі альбо былі параненыя ў Іраку у вайне, якая была распачатая на падставе фальшывай інфармацыі.

Сьледзтва ў справе рассакрэчаньня асобы супрацоўніцы ЦРУ працягваецца. У чацьвер дараднік віцэ-прэзыдэнта Дзіка Чэйні – Луіс Лібі быў абвінавачаны ў фальшывым сьведчаньні і заблытваньні сьледзтва, аднак паводле газэты “Вашынгтон Пост”, гэтыя абвінавачаньні супраць яго, праўдападобна, будуць зьнятыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG