Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адзначаюць Дзяды жыхары сталіцы?


Галіна Абакунчык, Менск Паводле народнай традыцыі, 2 лістапада ў Беларусі адзначаюць Дзень памінаньня продкаў — Дзяды. На пачатку 1990-х Дзяды былі прызнаныя дзяржаўным сьвятам, гэты дзень абвешчаны выходным. Аднак неўзабаве паводле распараджэньня Аляксандра Лукашэнкі выходны дзень на Дзяды быў скасаваны. Ці будзеце вы адзначаць Дзяды і як? Гэтае пытаньне менчукам задавала наша карэспандэнтка.

(Карэспандэнтка: ) “Ці адзначаеце вы Дзяды? І калі адзначаеце, то як?”

(Спадарыня: ) “Так, вось цяпер еду на могілкі, вязу кветкі, памалюся, пастаўлю сьвечку. А ўвечары пайду ў касьцёл. Мае бацькі былі каталікамі з Валожынскага раёну, а там заўсёды адзначалі й адзначаюць. Хоць цяпер гэта й не выходны дзень, аднак людзі ставяцца з разуменьнем”.

(Спадарыня: ) “Дзяды — гэта памяць продкаў і я абавязкова адзначаю. У мяне маці памерла, і мы з бацькам ідзём на могілкі, сёлета перад Дзядамі падфарбавалі літары на помніку. Памінаем”.

(Спадар: ) “Ну, памянуць, канечне, патрэбна, раз ёсьць такі дзень. Ходзім на могілкі і гэтак памінаем сваіх продкаў — маці, бацьку і іншых”.

(Спадарыня: ) “Толькі вясновыя. А восеньню — гэта ўсё ж такі крыху каталіцкае сьвята, а мы ў асноўным праваслаўныя. Проста мы заўсёды памятаем, што гэта Дзяды”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці адзначаеце вы Дзяды?”

(Спадарыня: ) “Канечне. Восеньская памяць перад зімой абавязкова мусіць быць”.

(Спадар: ) “Я праваслаўны і таму ў нашай сям’і няма такой традыцыі. Сьвечка ў куце — і ня больш за тое. Гэта перадалося ад маці, і мы гэтага прытрымліваемся. Гэта толькі на Радаўніцу ўжо”.

(Спадарыня: ) “Ну як я адзначаю памяць продкаў? Яны ў мяне ў душы. Я не магу не пайсьці на могілкі, а калі там пабуду, у мяне на душы робіцца лепей. Я не прымаю таго, што на могілках трэба раскласьці абрус, нешта есьці і піць. Гэта не азначае, што я ніяк не адзначаю памяць — я прыходжу дадому і магу выпіць пяцьдзясят грамаў, памянуць. Але галоўнае, каб памяць была ў сэрцы і ў душы”.

(Спадар: ) “Я ведаю, што гэты дзень трэба адзначаць з пачуцьцём, што гэта твае блізкія й родныя, твае карані. Трэба памятаць пра гэтыя карані, вось і ўсё”.

(Спадарыня: ) “Маё стаўленьне да гэтага сьвята выключнае, бо мала што можа пераўзысьці значнасьцю і каштоўнасьцю. На мой погляд, гэта адна з найвялікшых сьвятыняў, перададзеных нам нашымі продкамі ў спадчыну каштоўным дарам. Дзяды пацьвярджаюць сьвятасьць, пацьвярджаюць памяць”.
XS
SM
MD
LG