Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманая частка тыражу “Народнай Волі” знаходзіцца ў пастарунку


Сяргей Астраўцоў, Горадня Учора ўвечары каля Горадні была затрымана частка тыражу газэты “Народная Воля”, якая цяпер знаходзіцца ў гарадзенскім райаддзеле міліцыі. Газэты вёз у Горадню кіраўнік абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Чырвоненка са сваімі калегамі. Міліцыянты цяпер вырашаюць, ці вяртаць газэту актывістам АГП.

Уладзімір Чырвоненка гаворыць, што міліцыянт, які іх затрымаў, напэўна чакаў менавіта іхнюю машыну, бо кінуўся насустрач, ледзь ня выскачыўшы на дарогу. Адпаведных дакумэнтаў на дастаўку “Народнай Волі” ў актывістаў АГП не было. Ім давялося ехаць у гарадзенскі райаддзел міліцыі, адпусьцілі іх амаль праз тры гадзіны. Папярэдне было дамоўлена аб наступным:

(Чырвоненка: ) “Мы зараз чакаем неабходныя дакумэнты, якія нам патрэбныя для размовы з супрацоўнікамі міліцыі. Яны нам абяцалі, што калі мы дамо ім таварна-транспартныя накладныя і пагадненьне паміж партыяй і рэдакцыяй, яны нам усё аддадуць”.

Словы Уладзіміра Чырвоненкі мне пацьвердзілі і ў Гарадзенскім райаддзеле міліцыі.

(Міліцыянт: ) “Калі ўсё нармальна, праглядзім дакумэнты, дамову, і калі ўсё ў парадку, мы аддамо ім пад расьпіску газэту літаральна нават сёньня ці заўтра”.

Міліцыянт яшчэ сказаў, што сярод часова затрыманых газэт ёсьць нумары за розныя даты — за 4, 10, 29 кастрычніка. Уладзімір Чырвоненка спадзяецца, што ім вярнуць затрыманую “Народную Волю” заўтра да абеду.
XS
SM
MD
LG