Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне "Свабоды": якіх сьвятых памятаюць і шануюць найбольш?


Галіна Абакунчык, Менск Каталіцкая царква ў Беларусі 1 лістапада адзначае Дзень усіх сьвятых. Ці ведаюць імёны сьвятых беларусы?

(Першая спадарыня: ) “Панна Марыя, Эўфрасіньня Полацкая, сьвяты Андрэй – ведаю такі ёсьць, бо ў мяне сын Андрэй таксама. Шмат да каго зьвяртаесься, калі кепска”.

(Першы спадар: ) “Мікалай Чудатворца, Эўфрасіньня Полацкая – шмат, на кожны дзень ёсьць сьвяты”.

(Другая спадарыня: ) “Сьвятая Эўфрасіньня. Мяне завуць Алена, таму Сьвятая Алена. Ну і акрамя гэтага агульнахрысьціянскія – Божая маці, Сьвяты Міхал”.

(Другі спадар: ) “Згадаць можна цалкам сьвятцы. Сьвяты Мікола, Міхал Архангел. А калі нашыя сьвятыя, то Кірыла Тураўскі, Язафат Кунцэвіч, Эўфрасіньня Полацкая. Шаную Сьвятога Юр''я, таму што ён апякун Беларусі. Таксама ў пашане Сьвятая Марыя-Магдалена”.

(Трэцяя спадарыня: ) “Я ўшаноўваю каталіцкую веру. Зьвяртаюся па дапамогу да тых сьвятых, які па каталіцкім календары выпадаюць. Мой найлепшы сьвяты, якога я шаную, гэта мой анёл-апякун Сьвятая Алена. Напэўна, у кожнага зь нас ёсьць свае сьвятыя. Дзяды – як вынік, напэўна, ушанаваньня. Таму што Дзяды падкрэсьліваюць сьвятасьць, падкрэсьліваюць памяць”.

Сярод апытаных мінакоў былі людзі каталіцкага і праваслаўнага веравызнаньня. Аднак яны аднолькава прыхільна ставіліся да сьвята Ўсіх Сьвятых, а таксама зьвязвалі гэты дзень зь Дзядамі, якія адзначаюцца 2 лістапада. Вось як гэта камэнтуе культуроляг Сяргей Харэўскі.

(Харэўскі: ) “Гэта акурат тыя рэдкія дні, тыя рэдкія нагоды, калі беларусы маюць мажлівасьць забыць на сваю канфэсійную разьяднанасьць. І таму Дзень Усіх Сьвятых, які папярэднічае Дзядам, фактычна адзначае бальшыня беларусаў. Цяжка ўявіць, што, напрыклад, праваслаўныя будуць чакаць нейкія іншыя сьвятаў, калі побач зь імі каталікі, пратэстанты, то бок пераважная большасьць хрысьціянаў сьвету. Я быў сьведкам, як цяпер тэлефануюць адзін аднаму гарадзкія беларусы і перапытваюць менавіта ў які дзень ставіць сьвечку, як яе ставіць і што ў гэты дзень рабіць. Дзякуй Богу! Мы проста забылі, што было 15 гадоў таму. Гэта было табу. А сёньня спакваля адраджаецца. Людзі шукаюць спосаб шукаць сябе ў гэтых традыцыях”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG