Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хэлоўін у Польшчы - сьвята ці бізнэс?


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Усё больш палякаў, акрамя традыцыйнага наведваньня могілак у Дзень усіх сьвятых, які царква адзначае сёньня, адзначаюць таксама Хэлоўін – апранаюць касьцюмы страшыдлаў, выразаюць страшныя твары ў гарбузе і ўстаўляюць туды сьвечкі. Касьцёл пратэстуе, а палякі падзяліліся – на прыхільнікаў амэрыканізаванага Хэлоўіну і традыцыяналістаў.

Хаця традыцыя адпужваньня злых духаў у дзень памінаньня продкаў ідзе яшчэ ад старажытных кельтаў, сучасныя палякі пераймаюць звычай сьвяткаваньня Хэлоўін з ЗША. Напрыканцы кастрычніка на вуліцах Варшавы сотні рэклямных плякатаў з запрашэньнямі ўзяць удзел у касьцюміраваных вечарынах – строй, натуральна, мусіць быць як мага больш жахлівы.

(Варшавянка: ) “Па-мойму варта. Жыцьцё такое сумнае, трэба весяліцца”, - кажа супрацоўніца аднаго з варшаўскіх клюбаў, дзе сьвяткуюць Хэлоўін.

У сваю чаргу мінак на варшаўскай вуліцы лічыць, што гэта сьвята чужынскае і не пасуе да польская традыцыі.

(Мінак: ) “Тое, што недзе адзначаюць Хэлоўін не азначае, што мы, палякі, павінны як папугаі гэта паўтараць”.

Такой пазыцыі прытрымліваецца і каталіцкая царква, паводле якой Хэлоўін супярэчыць традыцыйнаму настрою Дня ўсіх сьвятых, калі вернікі ў спакоі і цішыні ўгадваюць сваіх продкаў.

Між тым сацыёлягі лічаць, што у сьвяткаваньні Хэлоўіну палякаў прывабліваюць перадусім вечарыны і імпрэзы, а не ідэя гэтага сьвята, таму пагрозы адыходу ад традыцыяў няма: увечары – вясёлы Хэлоўін, раніцай - духоўны Дзень усіх сьвятых. Іншыя падыходзяць да гэтай дыскусіі іранічна.

(Мінак: ) “Беспрацоўныя і студэнты змогуць падзарабіць – будуць прадаваць кашулькі з чарапамі, у фэрмэраў не згніюць гарбузы, а ўсе ахвотныя. У тым ліку і палітыкі, што райгралі ў гэтых выбарах, змогуць падпрацоўваць пераапрануўшыся ў строі шкілетаў”

У Польшчы кожны год з надыходам Хэлоўіну ці Дня сьвятога Валянціна ізноў разгараецца дыскусія – ці варта пераймаць той ці іншы нетрадыцыйны звычай. Аднак уладальнікам гандлёвых цэнтраў гэта не перашкаджае павялічваць свае заробкі – паводле іхных словаў, на падрыхтоўку да гэтых святаў палякі з кожным годам выдаюць усё больш грошай.
XS
SM
MD
LG