Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магільна – вёска курганоў, дзе хавалі беларускіх ваяроў (фота)


Міхал Стэльмак, Магільна Новая перадача сэрыі “Падарожжы Свабоды”.



(Партон: ) “Магільна — самая прыгожая вёска ў раёне”.

Гэтак кажа адзін са старэйшых магілянаў Мікалай Партон, які пасяліўся тут больш як паўвеку таму. Ён жыў у іншай узьдзенскай вёсцы, але калі зьявілася магчымасьць пераехаць у Магільна, то зрабіў гэта без ваганьняў. Іншая справа — Васіль Велікевіч, работнік мясцовага сельгаспрадпрыемства. Чатыры дзясяткі гадоў таму, калі той вучыўся ў Сьмілавіцкім сельгастэхнікуме, юнака абавязалі ехаць у Магільна, нягледзячы на пратэст зь яго боку:

(Велікевіч: ) “Яны мяне накіравалі на практыку. А я баяўся адной назвы Магільна — што магілы. Вось я прыехаў у Магільна, і так і застаўся. Цяпер прывык. Мне б хутчэй дадому. Гляньце на нашу вёску — гэта ж проста сад. Хараство. Чыстае паветра. Нёман побач. Лепшага нідзе ня знойдзеш”.

Ад хаты Велікевіча вуліца вядзе ў цэнтар вёскі, дзе на пагорку ляжыць вялізны камень. Ён, паводле загадчыка мясцовага Дому культуры Барыса Лыча, месьціцца тут невыпадкова:

(Лыч: ) “Гэты камень як бы ўвекавечыць нашу вёску. Тут мы хочам напісаць: Магільна, год нараджэньня 1235. Гэта дата першай згадкі нашай вёскі”.

Як сьцьвярджаюць летапісы, у ХІІІ стагодзьдзі Магільна пакінула яркі сьлед у гісторыі Беларусі. Тут у 1235 годзе адбылася знакамітая Магільнянская бітва. Беларуска-літоўскі князь Рынгольд ля гэтай вёскі разьбіў ушчэнт супольнае войска князёў-іншаземцаў, якія княжылі на расейскіх і ўкраінскіх землях і хаўрусавалі з мангола-татарамі.

Я знаходжуся на адной з ускраінаў Магільна, у ваколіцах якога шмат курганоў і якія нагадваюць гіганцкія магілы. Я нават уяўляю, як адбывалася гэтая бітва. Рынгольд прывёў да вёскі сваё войска зь нясьвіскага кірунку і заняў пазыцыі на левым беразе Нёману. Дарэчы, большасьць гэтага войска складалі тагачасныя беларусы, да іх далучыліся і мясцовыя жыхары. Яны чакалі тут варожае войска, што рухалася з узьдзенскага кірунку да правага берагу ракі. І калі заваёўнікі сталі перапраўляцца празь Нёман, пачалася сеча. Тысячы людзей, сваіх і чужынцаў, засталіся пасьля яе навечна ляжаць на зямлі, якая перада мною… Сучасныя магіляне кажуць, што так і было.



(Цыбульская: ) “Тут былі магілы, курганы, дзе былі пахаваны ахвяры бітвы. У нашу вёску звозілі целы ўсе. І вось яны і на беразе Нёману пахаваныя. Калісьці мы капалі ямы і часта выкопвалі галёнкі людзкія. Я сама капала тыя ямы і косьці выкідала наверх”, — кажа пэнсіянэрка Лідзія Цыбульская.

Яна з карэнных магілянаў, большасьць якіх перакананыя, што назва паселішча нясе водгук той жорсткай сечы. Згадкі пра яе, у якой загінула шмат ваяроў з аднаго і другога боку, перадаваліся магілянамі з пакаленьня ў пакаленьне. Іх парэшткі, як мяркуецца, дагэтуль знаходзяцца ў шматлікіх курганах, параскіданых у магілянскіх ваколіцах. У сярэднявечча Магільна разраслося да паселішча, якое мела шырокую на той час вядомасьць:

(Цыбульская: ) “Замак быў панскі. Туды за мостам, на той бок ракі. І там быў падземны ход вялікі. Ён аж тут выходзіў”, — распавядае спадарыня Цыбульская.

Магільнянскі замак быў узьведзены ў XVI стагодзьдзі. Паводле архіўных крыніцаў, гэта было вялікае збудаваньне, адна са сьцен якога мела даўжыню больш за сто мэтраў. Але ў XVII стагодзьдзі ў часе тагачасных войнаў з Расеяй ён быў разбураны.



Спадарыня Цыбульская добра памятае Магільна свайго дзяцінства — 70—80-гадовай даўніны:

(Цыбульская: ) “Гэта было мястэчка. Была школа. Была бальніца. Быў Дом культуры. Камэндатура ў нас была. У нас была памежная зона. І жылі людзі. Габрэяў было шмат. Яны былі кавалі. Яны былі краўцы. У іх былі крамы, гандлярствам займаліся. Яны былі мяккія людзі, памяркоўныя. Раіліся з усімі”.

Пэнсіянэрка Вера Пакуш таксама са скрухай прыгадвае даваеннае Магільна:

(Пакуш: ) “Выглядала лепш, чым цяпер. А што цяпер наша вуліца? Некалькі чалавек. А так ужо старыя паўміралі. А да вайны колькі было людзей! Добра жылося!”

Спадарыня Пакуш мае 84 гады. Яна лічыць, што і назва вуліцы, на якой яна нарадзілася, была лепшая — Кавалёўская; названая так, бо тут пераважна жылі габрэі-кавалі. Была вуліца Нарадоўская, на якой вяскоўцы праводзілі нарады. А вуліца, што ішла ў бок Нясьвіжу, называлася Нясьвіскаю. Пасьля вайны ўсе магільнянскія вуліцы ўлады перайменавалі. Тую ж Кавалёўскую — у Камсамольскую, а Нясьвіскую — у Ракасоўскага. Між тым, паводле вяскоўцаў, савецкі маршал Ракасоўскі ня меў ніякага дачыненьня да Магільна. А той жа князь жа Рынгольд, хаця і меў да вёскі непасрэднае дачыненьне, падобнага гонару не заслужыў.

(Цыбульская: ) “Цяпер больш людзей у нас прыежджых. У нас магіляне адыходзяць. І нашы дамы цяперака закрытыя. А некалі ж у нас было весела”, — прыгадвае Лідзія Цыбульская. Некалі яна загадвала ў Магільне хатай-чытальняй і была найлепшай у вёсцы сьпявачкай.

(Цыбульская, сьпявае: ) “Пад каліною, пад маліною, Сядзеў галубчык з галубіною, А як сядзелі, дык кахаліся, Правым крылечкам абдымаліся”.

Вясковая сьпявачка прыгадвае, што ў маладосьці самымі шчырымі прыхільнікамі яе сьпеваў былі Леанід і Генадзь Лычы.

(Цыбульская: ) “Гэта мае браты. Яны вясёлыя хлопцы”, — кажа спадарыня Цыбульская і дадае, што яе дзявочае прозьвішча таксама Лыч.

Вядомыя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі прафэсар-гісторык Леанід Лыч і акадэмік-эканаміст Генадзь Лыч апошні час зрэдку наведваюць родныя мясьціны, але раней яны былі тут частыя госьці. Магіляне пра іх найлепшай думкі. Бацькоўская хата Лычоў месьціцца побач з хатай пэнсіянэркі Веры Пакуш.



(Пакуш: ) “Лычы, як суседзі, былі добрыя. І цяпер, як прыедуць, дык і паклоняцца, і пагавораць з табою. Добрыя людзі. Другі ж чын з гэткай, як я бабаю, і гаварыць ня будзе. А гэта — суседзі добрыя. Домік стаіць. Кажуць: “Хай бацькаўшчына гніе. А продаць ня будзем”.

Дарэчы, калі б ня менскія Лычы, дык і не было б цяпер вёскі Магільна. Дакладней, паселішча з такой назвай. Прыгадвае загадчык Дому культуры Барыс Лыч:

(Лыч: ) “Нашу вёску пераймяноўвалі. Зь вёскі Магільна зрабілі Нёман. Як было перайменаваньне, дык тады парабілі ўсё Нёманскім. І Нёманскі сельсавет, і Нёманская кантора, і Нёманская школа. Потым людзі ўзбунтаваліся, сталі пісаць у Менск. Асабліва стараліся Лычы”.

Яшчэ адзін магілянін, пэнсіянэр Мікалай Старавераў прыгадвае, як Лычы ў 1980-я пасьля пачатку перабудовы прыяжджалі ў родную вёску і неаднаразова ладзілі тут сходы аднавяскоўцаў, каб вярнуць Магільну яго спрадвечную назву:

(Старавераў: ) “Можа, пяць сходаў людзей адбылося. Мы падпісваліся. Мы выступалі. Мы спрачаліся. Мы хацелі вярнуць назву назад. І мы з нашай уладай спрачаліся тры гады. І пасьля выйшаў указ, што назву вёсцы Магільна вярнуць назад. Так і зноў стала Магільна. А так была Нёман. Гадоў, мусіць, яна была зь пяць ці шэсьць. Дык браты Лычы глядзяць тут за нашай вёскай. Дапамагаюць і добрым словам, і чым могуць, дапамогуць”.

Празь перайменаваньні давялося прайсьці і тутэйшаму сельгаспрадпрыемству. У 1940—1950-я яно было калгасам, які насіў імя Сталіна. Затым гаспадарку перайменавалі ў “Авангард”, пасьля ў “Нёман”. Сёньня гэта сельскагаспадарчы каапэратыў “Наднёман”. Паводле афіцыйнай статыстыкі, ён лічыцца ў раёне серадняком. Рэальны ж дабрабыт мясцовых калгасьнікаў сьведчыць, што гаспадарка ў глыбокім заняпадзе. Гаворыць адзін зь іх, Васіль Велікевіч:

(Велікевіч: ) “Узяць маю зарплату. Была палучка. Я цэлы месяц быў на працы. Хадзіў дзень у дзень. Але што я атрымаў — 93 тысячы. Паехаў куціць дзецям цукерак, і ўсё”.

Эканамічнае становішча сельгаскаапэратыву непакоіць і Іосіфа Мірона, які ў асабістай гаспадарцы трымае каня:

(Мірон: ) “Летась давалі сена на каня. А сёлета не. Вось толькі, калі сумееш дзе трошкі ўкасіць, так крышку і падтрымліваеш. Калгасных коней у брыгадзе засталося шэсьць. Няма конюхаў. Бо як яны плацяць! Няма дабравольцаў. А калі прымушаць, то гэта ўжо не пастух. Трэба ж коніка даглядзець. Трэба накарміць і напаіць”.

Пэнсіянэр Мікалай Партон, які ў свой час кіраваў тутэйшай гаспадаркай, адной з прычынаў заняпаду “Наднёману” лічыць кадравую сытуацыю ў вёсцы:

(Партон: ) “Шмат залежыць ад кіраўніка гаспадаркі. Пасьля мяне быў Сікорскі. Ён яшчэ трымаў гаспадарку ў добрым стане. Пасьля Сікорскага стаў Лясун, ён гадоў дзесяць пабыў і разваліў калгас. А пасьля яго яшчэ было тры старшыні. Пры мне моладзь працавала на фэрме даяркамі, цялятніцамі, а цяпер на фэрме робяць тыя, дзе каго зловяць. Няма каму. Тут былі такія кіраўнікі, якія нічога не плацілі. Па пяць месяцаў заробкаў не плацілі”.

Цяперашняя сельскагаспадарчая палітыка, зьвязаная з масавым будаўніцтвам у краіне аграгарадкоў, закранула і Магільна. Гаворыць старшыня выканкаму мясцовага сельсавету Яніна Майсюк:

(Майсюк: ) “У 2008 годзе будзе ў вёсцы Магільна аграгарадок. Для гэтага складзены плян. Сацыяльна-культурная сфэра будзе працаваць на вышэйшым узроўні. Новага нічога будавацца ня будзе. Абновіцца лазьняпральны камбінат, таму што ён цяпер зусім у заняпадзе”.

Спадзяецца на будучы аграгарадок і мясцовая паштарка Галіна Нічыпаровіч. Рэч у тым, што да яе, як дэпутата сельскага савету, неаднойчы зьвярталіся па дапамогу магіляне. У прыватнасьці, жыхары вуліцы Набярэжнай прасілі ўпарадкаваць яе, бо восеньню і вясною па той вуліцы з-за гразі не прайсьці:

(Нічыпаровіч: ) “Прасілі высыпаць гравіем. Зрабіць, каб там хаця б была гравейка. Таму што асфальт, вядома ж, не пакладзеш. Але ж гэта не ў маіх сілах. І мы пра гэта колькі разоў гаварылі са старшынём сельскага савету. Яна кажа, што грошай няма, і таму ў гэтым я нічым не магу дапамагчы”.

Нядаўна сельсавет аналізаваў дэмаграфічную сытуацыю ў Магільне. Высьветлілася, што летась, напрыклад, тут памерлі 42 чалавекі, а нарадзілася ўсяго чацьвёра дзяцей. Як вынік, фактычна пустуе мясцовы Дом культуры. Гаворыць яго загадчык Барыс Лыч:

(Лыч: ) “Наагул у нас мала дзяцей. Да мяне прыходзіць чалавек восем-дзесяць. Зімою прыйдзе чатыры-пяць. У суботу чалавек пятнаццаць-дваццаць зьбярэцца. У асноўным хлопчыкі. Дзяўчатак ходзіць мала. Рэзка паменшала дзяцей. Яны паразьехаліся. Хто ў горадзе, хто вучыцца”.

Хлопцы і дзяўчаты зьбіраюцца ў Доме культуры, каб патанчыць. Але й тыя, што засталіся ў вёсцы, паводле дарослых, мараць пра ад’езд. Паштарка Нічыпаровіч мяркуе, што гэтую тэндэнцыю можна зьмяніць — вярнуць моладзь у Магільна:

(Нічыпаровіч: ) “Я думаю, каб у нас пабудаваўся новы Дом культуры. Таму што ў нас стары Дом культуры. І, мне здаецца, трэба новы будаваць. Каб моладзь была зацікаўлена. Ну й вядома, трэба больш будаваць кватэраў. Таму што маладым усё-такі няма дзе жыць. Гэта ўсё-такі цэнтар калгасу. І наша вёска стаіць на добрым маляўнічым месцы. Вось бераг Нёману. Наагул, лясы наўкола. І рэчка. Грыбы, ягады. А большага для людзей і ня трэба нічога”.



Сёлета магіляне справілі 770-годзьдзе вёскі. Згадваючы аб падзеях той даўніны, вяскоўцы ўшанавалі продкаў, якія разам з вайсковымі фармаваньнямі князя Рынгольда абаранілі Магільна ад заваёўнікаў. Перамога ў Магільнянскай бітве паспрыяла росквіту паселішча. Калісьці тут, апроч замку, былі ўніяцкая царква, прыстань, карчма, млын, пазьней нават вясковая электрастанцыя зьявілася. І хаця з таго часу шмат вады ўцякло, і гэта ўсё зьнікла і не адноўлена, вяскоўцы вераць, што лепшыя часы Магільна яшчэ наперадзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG