Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

1 лістапада 1992 году ў Менску адбыўся Першы (Устаноўчы) Сойм Згуртаваньня Беларускай Шляхты.


RFE/RL Гісторык і пісьменьнік Кастусь Тарасаў паведамляе, што 1 лістапада 1937 году ў Менску ў Курапатах карнікі НКВД расстралялі 11 біскупаў, сьвятароў і дыяканаў Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Такім чынам фізычна зьнішчалася сама гэтая царква, а праваслаўныя беларусы гвалтам вярталіся ва ўлоньне Маскоўскага патрыярхату. Паводле Тарасава, яшчэ каля 200 сьвятароў Беларускай Аўтакефальнай царквы былі высланыя ў сталінскія канцлягеры, дзе бальшыня іх загінула.

1 лістапада 1992 году ў Менску адбыўся Першы (Устаноўчы) Сойм Згуртаваньня Беларускай Шляхты. Быў прыняты Статут і выбрана кіраўніцтва арганізацыі. Старшынём ЗБШ стаў доктар гістарычных навук Анатоль Грыцкевіч.

1 лістапада 1868 году нарадзіўся Зьміцер Даўгяла – беларускі гісторык старое школы. Прыйшоў на сьвет Даўгяла ў Казьянах пад Шумілінам.

Некалі ў Казьянах быў замак. Магчыма, ён і натхніў хлопца заняцца гісторыяй. Цяпер у Казьянах замка няма, затое ёсьць заказьнік, у якім гадуюць ласёў. Што да Зьмітра Даўгялы, дык ён скончыў Пецярбурскую духоўную акадэмію і пачаў працаваць спачатку ў Віцебскім, а тады ў Віленскім архівах і ўзначальваў Віленскую археаграфічную камісію. Пасьля бальшавіцкае рэвалюцыі працаваў у Магілёўскім архіве, а тады стаў дырэктарам бібліятэкі Акадэміі Навук Беларусі. У сьнежні 1937 году быў зьвінавачаны ў антысавецкай дзейнасьці, арыштаваны, два гады правёў у турме ў Менску і быў высланы ў Казахстан, дзе і памёр ў 1942 годзе.

Таксама 1 лістапада, але ў 1873 годзе нарадзіўся Іван Замоцін, літаратуразнавец, які шмат зрабіў дзеля станаўленьня беларускай літаратурнай навукі ў часы міжваеннай беларусізацыі. Стаў акадэмікам, выдаў Збор твораў Максіма Багдановіча, распрацоўваў мэтодыкі выкладаньня літаратуры.

1 лістапада ў розныя гады прыйшлі на сьвет Уладзімер Крыловіч, які стаў легендай беларускага тэатру, археоляг і антраполяг Глеб Бонч-Асмалоўскі, які першы на тэрыторыі Беларусі выявіў парэшткі нэандэртальца, і пісьменьнік Вячаслаў Адамчык.
XS
SM
MD
LG