Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гайдукевіч стварае перадвыбарчы блёк


Алесь Дашчынскі, Менск Распачаў працу аргкамітэт у падрыхтоўцы кангрэсу перадвыбарчага блёку “Новая Беларусь – адзінства”. Ён адбудзецца ў студзені-лютым і падтрымае кандыдатуру Сяргея Гайдукевіча на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 года. Як рыхтуецца да выбараў спадар Гайдукевіч?

Спадар Гайдукевіч разьлічвае на падтрымку ня толькі сваёй Лібэральна-дэмакратычнай партыі, але і ўтвараемага блёку “Новая Беларусь – адзінства”. На кангрэс плянуецца сабраць да 800 дэлегатаў з усіх абласьцей. Чакаецца, сябры партыі складуць толькі траціну дэлегатаў. Вылучэньне дэлегатаў пачалося. Узначаліць гэты блёк сам Сяргей Гайдукевіч і пасьля кангрэсу ён падасьць адпаведныя дакумэнты ў мінюст на рэгістрацыю. Потым будзе створаны таксама штаб блёку “Новая Беларусь – адзінства”. А пакуль працуе толькі партыйны штаб пад кіраўніцтвам Уладзімера Карунаса.

(Гайдукевіч: ) “ У кастрычніку 2004 года я ўжо аб’явіў, што дзейнічаюць штабы. У мяне сёньня ўжо месяцаў шэсьць як гатовыя папкі для кожнага сябра ініцыятыўнай групы, з памяткай, як рабіць. Ініцыятыўная група гатова і адпрацоўваецца штомесяц. Гатовыя папкі для назіральнікаў”.

За свайго “вельмі сур’ёзнага” канкурэнта спадар Гайдукевіч уважае Аляксандра Лукашэнку. Параўнальна з Аляксандрам Мілінкевічам, спадар Гайдукевіч лічыць сябе вядомым у краіне чалавекам.

(Гайдукевіч: ) “У любым добрым супэрмаркеце чалавек пяць-сем усьміхнецца і падыдуць, нешта скажуць. Пазнаюць вельмі моцна.У мяне рэйтынг ня менш за 30 працэнтаў. Я з павагай адношуся да Мілінкевіча. Але я яго сам зьнешне вельмі цьмяна ўяўляю. У мяне больш перад вачыма Калякін”.

Нагадаем, Сяргей Гайдукевіч ужо вылучаў сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах 2001 года і быў апошнім, набраў 2,48 працэнта галасоў. Як ён цяпер ацэньвае свае шансы? Паводле спадара Гайдукевіча, адрозна ад вынікаў Цэнтравыбаркаму, адчуваў, што за яго прагаласавала каля 27 працэнтаў выбарнікаў і ён мусіў быў быць на другім месцы.

(Гайдукевіч: ) “Але трэба было неяк адзінага рабіць другім месцам. А цяпер, калі спадар Мілінкевіч зойме другое месца, то мне давядзецца толькі на плошчу выходзіць. У знак поўнай нязгоды, як ён мог у мяне выйграць. Гэта проста выключана”.

А як у штабе Аляксандра Мілінкевіча ацэньваюць шансы Сяргея Гайдукевіча, ці ёсьць ён сур’ёзным супернікам? Гэтае пытаньне я адрасаваў намесьніку кіраўніка штабу спадара Мілінкевіча Аляксадру Дабравольскаму. Ён абсалютна ня лічыць Гайдукевіча сур’ёзным канкурэнтам.

(Дабравольскі: ) “Я не стаўлюся сур’ёзна да Гайдукевіча і проста не цікава, што ён там заяўляе. Тыя, хто сачылі за палітыкай ведаюць, хто гэта такі. Што ён нават ва ўласнай партыі не абраны быў на з’ездзе і пасьля, пры дапамозе, фактычна, улады, ён правёў свой з’езд і зноў стаў старшынёй. Ён удзельнічаў у шмат якіх выбарчых кампаніях і пакуль лічылі галасы, ён займаў апошнія месцы. Прычым, з вялікімі амбіцыямі чалавек. Ну што тут зробіш? Чалавек несур’ёзны, на мой погляд. Проста не трэба яго сур’ёзна ўспрымаць”.
XS
SM
MD
LG