Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вольных прафсаюзаў забралі чарговы офіс


Міхал Стэльмак, Менск У Полацку пазбавілі офісу суполку Свабоднага прафсаюзу прадпрыемства “Полацк-Шкловалакно”. Як лічаць сябры прафсаюзу, гэтае рашэньне ініцыявалі ўлады.

31 кастрычніка скончылася дамова на арэнду офісу прафсаюзнай суполкі з адміністрацыяй “Полацку-Шкловалакна”. Спроба рабочых, якія зьяўляюцца сябрамі Свабоднага прафсаюзу, падоўжыць дамову на новы тэрмін была адхілена.

Вось што паведаміў на гэта конт лідэр суполкі, рабочы Віктар Стукаў:

(Струкаў: ) “Прыйшоў ліст, дзе напісана, што ў сувязі з тым, што нам гэтае памяшканьне патрэбна пад склад утрыманьня маёмасьці басэйна, то ня будзем з вамі працягваць арэнду і просім пакінуць яго. А калі не пакінеце, то тады вам будзе абмежаваны туды доступ.

Людзі ставяцца ніжэй, чым нейкая маёмасьць. Таму што офіс Свабоднага прафсаюзу гэта офіс 60 працаўнікоў, якія маглі туды прыходзіць”.

Чаму заводзкае начальства адмовілася падоўжыць арэнду офісу суполкі дэмакратычнага прафсаюзу? З такім пытаньнем я зьвярнуся да намесьніцы дырэктара заводу па ідэалягічных пытаньнях Людмілы Проп:

(Проп: ) “У іх завяршыўся тэрмін арэнды. Прадпрыемства мае права прадстаўляць арэнду альбо не. Гэта права наймальніка”.

Між тым, рабочы Віктар Стукаў лічыць, што заводзкае начальства выконвае ўказаньне Аляксандра Лукашэнкі наконт незалежных прафсаюзаў ў канцэрне “Белнафтахім”. Паводле зьвестак Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП), Лукашэнка на верасьнёўскім зьезьдзе Фэдэрацыі прафсаюзаў распарадзіўся зьліквідаваць незалежны прафсаюзны рух на прадпрыемствах гэтага канцэрну. Гаворыць намесьнік старшыні БКДП Мікалай Канах:

(Канах: ) “Пасьля зьезду, які прайшоў у Фэдэрацыі прафсаюзаў, сытуацыя стала пагаршацца. Кіраўнік дзяржавы выступаў, і ён выказаў сваё стаўленьне да незалежных прафсаюзаў. І я так думаю, што чыноўнікам нейкага іншага распараджэньня не патрэбна. І таму гэта не навіна, што ў гэтай арганізацыі офіс забяруць. Забралі ў Свабоднага прафсаюзу цэнтральны офіс. І я ўпэўнены, што на прадпрыемствах нашыя арганізацыі будуць выціскаць з прафсаюзнага поля”.
XS
SM
MD
LG