Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржава выдзеліць на пэнсіі дадаткова 1,5 мільярда


Юлія Шарова, Менск З 1 лістапада ў Беларусі зноў падвышаецца бюджэт пражытковага мінімуму – велічыня, да якой прывязаная большасьць сацыяльных выплатаў. Цяпер ён будзе роўны 150 тысячаў 800 рублёў. Адначасова праіндэксуюцца ўсе сацыяльныя пэнсіі, а для асобных катэгорыяў атрымальнікаў такіх пэнсіяў уводзяцца адмысловыя даплаты. Адпаведны прэзыдэнткі ўказ № 510 выйшаў гэтымі днямі.

Памер штомесячных даплатаў да сацыяльных пэнсіяў – 20 адсоткаў ад бюджэту пражытковага мінімуму, гэта прыкладна 30 тысячаў рублёў. Атрымліваць гэтыя даплаты будуць дзеці-інваліды ва ўзросьце да 18 год, інваліды зь дзяцінства, якія ня маюць працоўнага стажу, дзеці, што страцілі кармільца, інваліды першай і другой групаў. Для інвалідаў трэцяй групы даплата складзе 10% ад бюджэту пражытковага мінімуму, альбо прыкладна 15 тысячаў рублёў.

Тычыцца гэта прыкладна 50 тысячаў беларусаў. Першую даплату да сацыяльнай пэнсіі гэтыя групы грамадзянаў атрымаюць ужо ў лістападзе. У далейшым памер даплатаў будзе ўзрастаць разам зь бюджэтам пражытковага мінімуму, то бок, чатыры разы на год – 1 лістапада, 1 лютага, 1 траўня й 1 жніўня. Для прыкладу, інвалід першай групы цяпер атрымлівае 124 тысячы 660 рублёў. З даплатай ягонай пэнсія будзе ўжо больш за 155 тысячаў.

На думку экспэрта Інстытуту прыватызацыі й мэнэджэмэнту Аляксандра Чубрыка, вялікай нагрузкай для бюджэту гэтыя даплаты ня стануць – гэта ўсяго толькі 1,5 мільярда рублёў штомесяц. Сёлета дзяржаўны бюджэт выконваецца з прафіцытам. Можна чакаць, што і ў наступным годзе будзе тая ж спрыяльная сытуацыя, хоць пакуль у праект бюджэту-2006 закладваюць дэфіцыт.

Аднак праблему забесьпячэньня гэтых слаёў насельніцтва такія дабаўкі ня вырашаць, лічыць эканаміст.

(Чубрык: ) "Трыццаць тысячаў – вы ж разумееце, што гэта ня тыя грошы, якія дазволяць істотна палепшыць іхнае становішча. Некаторыя людзі, якія жылі на мяжы галечы, якія мелі прыбыткі, крыху меншыя за бюджэт пражытковага мінімуму, апынуцца цяпер з другога боку й такім чынам зьнізіцца афіцыйны паказьнік галечы ў краіне".

Намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі станоўча ацэньвае прэзыдэнцкі ўказ, нават калі гэта толькі перадвыбарчая “абяцанка”. Але пры гэтым ён мяркуе, што для падвышэньня дабрабыту насельніцтва трэба рабіць комплексныя захады.

(Дабравольскі: ) “Тое, што дапамагаюць, добра. Але гэта ўсё няшчыра. Бо лепей за ўсё, каб прэзыдэнт задумаўся над тым, чаму растуць цэны і параіўся хаця б з эканамістамі”.

На думку спадара Дабравольскага, беларуская статыстыка скажае рэальны ўзровень інфляцыі, які толькі паводле афіцыйных зьвестак сёлета стаў ніжэйшым, чым у Расеі ды Ўкраіне. І даплаты да сацыяльных выплатаў толькі дапамагаюць крыху кампэнсаваць рост спажывецкіх коштаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG