Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускі фальшываманэтнік, магчыма, пачне жыцьцё пад новым імем


Алена Струвэ, Менск У нямецкім Патсдаме пасьля перапынку аднавіўся судовы працэс над групоўкай фальшыманэтнікаў, тэхнічным лідэрам якой быў 33-гадовы мянчук Уладзіслаў Ліпскі. Як піша сёньняшні нямецкі друк, многае ў справе “геніяльнага”, паводле мясцовых экспэртаў-крыміналістаў, беларускага фальшываманэтніка застаецца нявысьветленым.

На сьлед інтэрнацыянальнай крымінальнай групоўкі, у склад якой, акрамя беларуса, уваходзілі іранец, турак, араб, немец, патсдамскія сьледчыя выйшлі выпадкова, пасьля званка ў паліцыю аднаго мясцовага пэнсіянэра. Той паведаміў, што ў старой аранжарэі батанічнага саду нелегальна вырошчваюцца каноплі. Як вынік, акрамя наркотыкаў паліцыянты знайшлі і бездакорна фальшаваныя 50-эўравыя купюры.

33-гадовы Ўладзіслаў Ліпскі па-ранейшаму сьцьвярджае, што ў Нямеччыну трапіў паводле заданьня КДБ. Ягонай задачай нібыта было ўкараніцца ў банды фальшываманэтнікаў з постсавецкіх краінаў і прасачыць, як гэтыя банкноты трапляюць у Беларусь. Свае паказаньні адносна магчымага дачыненьня Ліпскага да беларускіх спэцслужбаў пачалі даваць і іншыя ўдзельнікі патсдамскай групоўкі. Напрыклад, 43-гадовы нямецкі іранец Хасан. Ён засьведчыў, што Ліпскі далёка не адразу раскрыў іншым свае надзвычайныя здольнасьці ў вытворчасьці фальшаваных эўра. Напачатку, перад тым, як укараніцца ў групоўку, беларус паказаў “калегам” зробленыя ім даляры. Тыя банкноты, паводле Хасана, былі ня самай высокай якасьці. Іранец таксама сьцьвярджае, што беларускі інжынэр-тэхноляг даволі часта тэлефанаваў у Беларусь, перш чым пачаць рабіць сапраўдныя “шэдэўры”.

Як пішуць нямецкія журналісты, якія асьвятляюць працэс, у справе беларускага фальшываманэтніка застаецца шмат пытаньняў. Усё часьцей як з боку абароны, так і з боку абвінавачаньня гучыць, што Ліпскаму пагражае небясьпека з боку беларускіх спэцслужбаў. Журналіст “Вerliner Zeitung” Мартын Клесман кажа, што, паводле ягоных зьвестак, нямецкая юстыцыя накіроўвала свае запыты адносна Ліпскага непасрэдна беларускаму КДБ, аднак адказу так і не атрымала. Мартын Клесман працягвае:

(Клесман: ) “Дарэчы, наколькі я ведаю, Хасан таксама нейкі час вучыўся ў Менску. Што да Ліпскага, то, перш чым трапіць у Нямеччыну, ён атрымаў вельмі добрую падрыхтоўку. Я маю на ўвазе ня тую афіцыйную адукацыю інжынэра-тэхноляга. Ня надта верыцца, што ў такой справе, як высакаякаснае фальшываманэтніцтва, можна быць самародкам. Я магу сабе ўявіць, што ён у гэтай, скажам так, прафэсіі, атрымаў добрыя ўрокі”.

Мартын Клесман бачыў Уладзіслава Ліпскага толькі аднойчы, у турме. Паводле нямецкага журналіста, беларускі грамадзянін вельмі пільна ахоўваецца:

(Клесман: ) “Побач зь ім тады былі, прынамсі, чатыры ўзброеныя ахоўнікі. Наколькі я ведаю, Ліпскі павінен атрымаць новую ідэнтыфікацыю”.

Размова ідзе пра спэцыяльную праграму абароны, якую, звычайна, ажыцьцяўляюць кампэтэнтныя структуры. У выніку Ўладзіслаў будзе мець іншае імя, біяграфію, новы пашпарт. Ён будзе жыць у іншым горадзе пад прыкрыцьцём нямецкай крымінальнай паліцыі і спэцслужбаў.
XS
SM
MD
LG