Лінкі ўнівэрсальнага доступу

100-годзьдзе Курлоўскага расстрэлу ў Менску ўлады не адзначалі


Валер Каліноўскі, Менск Роўна сто гадоў таму на загад расейскага губэрнатара Паўла Курлова ў Менску быў расстраляны мітынг супраць самадзяржаўя. Ад царскіх куляў загінулі 100 чалавек, яшчэ 300 былі паранены.

Маніфэстацыі праходзілі ў часе рэвалюцыі 1905 году, якая пацярпела паразу. На наступны дзень пасьля абнародаваньня царскага маніфэсту, які даваў пэўныя свабоды, але захоўваў манархію, у Менску сабралася дваццацітысячная дэманстрацыя супраць самадзяржаўя. Улады спачатку спалохаліся, і на загад губэрнатара Курлова былі адпушчаныя палітвязьні.

Пад вечар мітынг ля Віленскага вакзалу на загад губэрнатара Курлова быў расстраляны. Але многія салдаты стралялі паверх галоваў дэманстрантаў, іначай лік ахвяраў мог быць большым. Як адзначаецца гадавіна гэтай трагічнай падзеі?

На будынку менскага вакзалу і Прывакзальнай плошчы няма ніякага напаміну аб трагічных падзеях, якія адбываліся тут сто гадоў таму. Гаворыць супрацоўніца даведачнай службы вакзалу:

(Супрацоўніца: ) “Не, нічога няма ў нас такога, і стары вакзал калі быў, то не было, я тут працую дваццаць гадоў, нічога ня бачыла”.

Калісьці адразу па расстрэле на грошы менчукоў на вакзале паводле рашэньня гарадзкой думы быў усталяваны памятны крыж, але да нашага часу ён не дастаяў. У адрозьненьне ад савецкага часу, сёлета няма ніякіх афіцыйных акцыяў памяці ахвяраў Курлоўскага расстрэлу. Гаворыць прэсавы сакратар Менскага гарвыканкаму Алена Аўрынская:

(Аўрынская: ) “Па мерапрыемствах, пералік якіх у мяне ёсьць, не, ня бачу такога”.

Выглядае, што крывавыя падзеі стогадовай даўніны цяпер цікавяць толькі гісторыкаў. Чаму сто гадоў таму людзі ў Менску выйшлі пратэставаць пасьля маніфэсту 1905 году, які нібыта даваў пэўныя свабоды? Гісторык Захар Шыбека гаворыць, што менчукі сапраўды радаваліся маніфэсту, але хацелі далейшых крокаў да дэмакратыі, найперш скасаваньня самаўладзьдзя.

(Шыбека: ) “Маніфэст ня мог спадабацца людзям, бо ён уводзіў абмежаванае выбарчае права ў Дзяржаўную думу. Акрамя таго, заставаліся нявырашаныя аграрнае і нацыянальнае пытаньне ў гэтай “турме народаў”, як называлі Расейскую імпэрыю”.

Спадар Шыбека кажа, што цяперашнія расейскія і беларускія ўлады імкнуцца абяліць царскі рэжым.

У Беларусі ўвогуле ніяк не ўшанавалі стогадовага юбілею рэвалюцыі 1905 году, паколькі крытыка царскага самадзяржаўя ня ўкладваецца ў цяперашнія афіцыйныя ўяўленьні аб моцнай уладзе, мяркуе спадар Шыбека.

Мэмарыяльны знак ахвярам Курлоўскага расстрэлу ёсьць толькі пад зямлёй — у пераходзе мэтро да станцыі плошча Незалежнасьці. Кошык кветак да гэтага знаку прынесьлі актывісты БСДП (Грамада) — відаць, адзіныя, хто ўшанаваў памяць ахвяраў царскага рэжыму. Прадстаўнік гэтай партыі гісторык Аляксей Кароль, мяркуе, што цяпер сярод уладаў пануе страх перад досьведам і ўзорам рэвалюцыі 1905 году, якая адбывалася ў форме мітынгаў і дэманстрацыяў:

(Кароль: ) “Рэвалюцыі, якія праз стагодзьдзе атрымалі назву аксамітных, многа ў чым прадвызначаныя былі ранейшымі рэвалюцыямі, ня толькі 1905 году, але і тымі, якія называлі буржуазнымі рэвалюцыямі. Галоўны лёзунг 1905 году — “Далоў самаўладзьдзе!”

Спадар Кароль мяркуе, што лёзунгі той рэвалюцыі пакуль ня страцілі сваёй актуальнасьці:

(Кароль: ) “У Беларусі яны актуальныя і на сёньняшні дзень. За лёзунг “Далоў самаўладзьдзе!” ўжо і ў наш час штрафавалі”.

Аляксей Кароль нагадвае, што расейскі царызм, які задушыў рэвалюцыі 1905 году і ўсталяваў рэакцыю, у выніку атрымаў нашмат большую і крывавую рэвалюцыю 1917 году.

(Кароль: ) “Калі эвалюцыйныя перамены і нармальныя рэформы стрымліваць, то выбухае новая рэвалюцыя, таму найлепш праводзіць рэформы — гэта ўрок для ўладаў”, — зазначыў Аляксей Кароль, аўтар гістарычнай кнігі аб рэвалюцыі 1905 году. Мадэлюючы сытуацыю 1905 году ў цяперашніх умовах, спадар Кароль кажа, што калі ў цяперашнім Менску вялікая частка насельніцтва выйдзе на плошчу з патрабаваньнямі свабоды і дэмакратыі, то ўлада будзе дзейнічаць іначай:

(Кароль: ) “Яна будзе дзейнічаць ня кулямі, зразумела, а сучаснымі мэтадамі будзе выціскаць людзей з плошчы, арыштоўваць, садзіць у пастарунак. Гэта па мадэлі сёньняшняга дня, па той мадэлі, якую мы назіраем”.

Пасьля Курлоўскага расстрэлу 1905 году ўвесь Менск ахапіла хваля пратэстаў, царскі рэжым выў вымушаны адклікаць арганізатара расстрэлу губэрнатара Паўла Курлова ў Пецярбург і пачаць афіцыйнае расьсьледаваньне. Але злачынцаў не пакаралі. На Курлова ў Менску былі ўчынены два замахі, абодва няўдалыя. Ён памёр у эміграцыі ў 1923 годзе.
XS
SM
MD
LG