Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: як будзеце адзначаць Дзяды?


Ганна Соусь, Менск 2 лістапада ў Беларусі адзначаюць Дзяды — Дзень памяці продкаў. Раней гэта быў выходны дзень, але пры канцы 1990-х улады зрабілі яго працоўным — праўда, са згадкай аб даце ў календарах. Як беларусы сёлета зьбіраюцца адзначаць Дзень памяці продкаў? Гэта высьвятляла на менскіх вуліцах наша карэспандэнтка Ганна Соусь.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы будзеце адзначаць Дзень памяці продкаў — Дзяды?”

(Спадарыня: ) “Ніяк, напэўна”.

(Спадар: ) “Чарку вып’ем ды хопіць”.

(Спадар: ) “Як звычайна, з бацькамі, усёй сям’ёй. Сьвечкі запалім, бліноў напячэм”.

(Спадарыня: ) “У найлепшым выпадку, я схаджу да касьцёлу”.

(Спадар: ) “Напэўна, ніяк. Гэта які дзень?”

(Карэспандэнтка: ) “Раней быў выходны дзень”.

(Спадар: ) “А цяпер ужо не. На працы буду адзначаць”.

(Спадарыня: ) “Пайду ў царкву ды ўсё, паколькі могілкі ў мяне далёка”.

(Спадар: ) “2 лістапада? Дакладна, што паеду на могілкі, сьвечку пастаўлю”.

(Спадар: ) “Я звычайна са сваякамі ежджу памінаць”.

(Спадар: ) “Наколькі я разумею, гэта каталіцкае сьвята. А я праваслаўны, у мяне Радаўніца. Але на могілкі ўсё ж пайду”.

(Спадарыня: ) “Ніяк”.

(Спадарыня: ) “Я зьбіраюся ехаць на могілкі, пляную быць там у наступныя выходныя”.

(Спадарыня: ) “Упарадкую магілу — вось і ўсё адзначэньне”.

(Спадарыня: ) “Трэба і дома адзначаць, са сваякамі памянуць продкаў. Гэта абавязкова, канечне”.

(Карэспандэнтка: ) “Наколькі для вашай сям’і гэта традыцыйнае сьвята?”

(Спадарыня: ) “Так, гэта ў нас традыцыя. У нас абавязкова Тройцу адзначаюць, і на Дзяды ўсе сваякі ў нас зьбіраюцца на могілках, каб ушанаваць памяць тых, каго ўжо няма з намі”.

(Спадарыня: ) “Мы заўсёды адзначаем Дзяды ў адпаведнасьці зь беларускімі звычаямі, як належыць”.

(Спадар: ) “Як звычайна, сям’ёй выяжджаем на могілкі”.

(Спадар: ) “Зьбіраюся паехаць у вёску, дзе пахаваны бацька і два браты. Паеду да іх на могілкі”.

(Спадарыня: ) “На Дзяды звычайна ў царкву ходзім”.

(Спадар: ) “У мяне ёсьць фатаздымкі, ёсьць успаміны і пісьмовы стол, за які я сяду і буду ўспамінаць эпізоды, вобразы і думкі людзей”.

(Спадарыня: ) “Ужо рыхтуемся. З пэўных прычынаў не змагу паехаць на могілкі, але ўжо замовіла імшу”.
XS
SM
MD
LG