Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

31-га кастрычніка ў Беларусі ўшаноўваецца Лука


RFE/RL Найперш аб нядзельных датах

30 кастрычніка ў сьвеце адзначаўся Міжнародны дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. У зьвязку з гэтым варта нагадаць, што 30 кастрычніка 1937 году ў Менску НКВД працягвала расстрэлы беларускіх паэтаў і пісьменьнікаў. Гэтым разам былі забітыя Янка Нёманскі, Тодар Кляшторны і Юлі Таўбін.

30 кастрычніка 1988 году ў Менску адбыўся мітынг-рэквіем памяці ахвяраў сталінізму, які быў гвалтоўна разагнаны камуністычнымі ўладамі.

30 кастрычніка 1905 году, 100 гадоў таму, нарадзіўся адзін з самых вядомых беларускіх масткоў ХХ стагодзьдзя – скульптар Андрэй Бембель. Пры ягоным удзеле будаваліся сёньняшнія менскія прыкметнасьці -- Дом ураду, помнік Перамогі, а таксама мэмарыялы Берасьцейская крэпасьць і Курган Славы.

30 кастрычніка ў розныя гады прыйшлі на сьвет францускі паэт і філёзаф Поль Валеры, амэрыканскі паэт-авангардыст Эзра Паўнд і аргентынскі футбаліст Дыега Марадона, якога называюць легендай сусьветнага футболу.

Цяпер – пра сёньняшні каляндар.

31 кастрычніка ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Лука. Як паведамляе этнограф Уладзімер Васілевіч, у гэты дзень паўсюль спраўлялі восеньскія вясельлі і шчасьлівыя сваты задаволена канстатавалі: “На Лукаша дзеўка наша”.

31 кастрычніка 1905 году ў Менску адбылася трагедыя, што ўвайшла ў падручнікі пад назваю “Курлоўскі расстрэл”. У гэты дзень каля вакзала -- цяпер цэнтральнага чыгуначнага, а тады ён называўся Віленскім -- сабраўся 20-тысячны мітынг менчукоў, якія выступалі супраць манархіі, за дэмакратычную рэспубліку. На загад губэрнатара Курлова супраць дэманстрантаў былі кінутыя паліцыя і войска. Пачалася страляніна, у выніку якой 100 чалавек былі забітыя і каля 300 параненыя.

31 кастрычніка 1937 году карнікамі НКВД быў расстраляны Антон Баліцкі - дзяржаўны дзяяч, адзін з завадатараў і праваднікоў палітыкі беларусізацыі ў БССР.

31 кастрычніка 1961 году цела Сталіна вынесьлі з маўзалею на Краснай плошчы ў Маскве. Разам зь Ленінам Сталін праляжаў восем гадоў.

31 кастрычніка 1968 году Аркадзю Куляшову і Максіму Танку прысвоілі званьні народных паэтаў Беларусі.
XS
SM
MD
LG