Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

10 тысячаў крокаў за дзень і касмэталёгія захаваюць вашую маладосьць


Натальля Судлянкова, Прага Насельніцтва Эўропы старэе. І тым ня менш, сёньняшні сьвет – гэта сьвет пасьпяховых маладых людзей. Шмат хто імкнецца выглядаць нашмат маладзей за свае гады. Брытанская газэта Financial Times прысьвячае гэтай тэндэнцыі адразу некалькі артыкулаў.

Зусім нядаўна француская касмэтычная карпарцыя "Lancome" правяла прэзэнтацыю новай ліні для жанчынаў ва ўзросьце за 60 гадоў. Дырэктар "Lancome" у пытаньнях навукі Веранік Дэльвін на прэзэнтацыі заўважыла: “Чым больш старэйшымі мы становімся, тым больш маладзейшымі сябе адчуваем”.

Іншыя касмэтолягі адзначаюць, што жанчыны ва ўзросьце пасьля 40 гадоў бачаць, як мяняюцца іх лініі цела, але па-ранейшаму застаюцца маладымі. Аднак, нашыя целы, зьвяртаюць увагу экспэрты, тым ня менш, запраграмаваныя на пэўны ўзрост. І таму зьмены на скуры з часам становяцца ўсё больш і больш відавочнымі. І тая танная касмэтыка, якой могуць карыстацца маладыя прывабныя дзяўчынкі, ужо ня можа схаваць цёмныя плямы на скуры або зморшчкі. “Дарагая касмэтыка – гэта менавіта тое, куды ёсьць сэнс укладаць грошы тым жанчынам ва ўзросьце за 40 гадоў, якія хочуць па-ранейшаму заставацца прывабнымі і маладымі” – адзначаюць экспэрты.

Новыя трэнды ў касмэтыцы распрацаваныя спэцыяльна для кожнага ўзросту. Тыя касмэтычныя лініі, якімі можа карыстацца жанчына, напрыклад, у 30 гадоў, не прымальныя для жанчыны ў 60 гадоў. У 60 гадоў скура пачынае хутчэй страчваць кальцый, таму спэцыяльна для жанчынаў гэтага ўзросту была распрацаваная сэрыя крэмаў, якія ўтрымліваюць ў сабе кальцый. Аднак дарагая касмэтыка – гэта магчымасьць вонкава выглядаць маладым і здаровым.

Каб сапраўды заставацца маладым, як высьветлілі японцы, трэба ня так ужо і шмат – рабіць 10 тысячаў крокаў за дзень. Гэтая канцэпцыя зьявілася ў Японіі 40 гадоў таму. І яе вонкавая прастата і даступнасьць прыцягнулі ўвагу. Большасьць з нас рухаецца кожны дзень. Адзінае, што застаецца параіць – рабіць гэта больш рэгулярна і больш доўга. Высьветлілася, што толькі тры з кожных 10 чалавек выконваюць гэта простае правіла, але яшчэ больш цікава тое, што 8 зь дзесяці перакананыя, што яны робяць 10 тысячаў крокаў на дзень. У сярэднім чалавек праходзіць толькі 4 з паловай тысячы крокаў на дзень. Пры гэтым калі, напрыклад, у Брытаніі ў 1975 годзе сярэднестатыстычны брытанец прахадзіў за год 255 міль або блізу 400 кілямэтраў, дык цяпер гэтая лічба складае толькі 191 мілі або 300 кілямэтраў.

Дарэчы, недахоп руху бывае прычынай 37% захворваньняў сардэчна-судзіннай сыстэмы, у той час, як курэньне зьяўляецца прычынай 19% захворваньняў. Дарэчы, 10 тысячаў крокаў на дзень – гэта амаль 8 кілямэтраў. І калі чалавек будзе рабіць іх кожны дзень, ён можа страціць за месяц блізу 5 кіляграмаў. Аднак фізыёлягі папярэджваюць аб небясьпецы засяроджваньня на дасягненьні ўзроўню ў 10- тысячаў крокаў штодзень. Фізыятэрапэўт Юдзіт Піт-Брук заўважае, што для падтрыманьня нармальнага стану здароўя дастаткова хадзіць па 20 хвілінаў тры разы на тыдзень. Але, падкрэсьлівае яна, трэба вытрымліваць даволі высокі тэмп крокаў. І ў дадатак – папросту не забывацца на тое, што лесьвіца ў краме і лесьвіца ў доме замест ліфту, лесьвіца на вуліцы або ў мэтро замест эскалятару– гэта ўсё ўнёсак у тыя 10 тысячаў штодзённых крокаў, якія даюць чалавеку здароўе.
XS
SM
MD
LG