Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Польскі кіраўнік МЗС вызначыць стаўленьне Эўропы да афіцыйнага Менску?


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польскі штодзёньнік “Gazeta Wyborcza” піша сёньня пра тое, што ад таго, які зь міністраў замежных справаў Польшчы – стары ці новы – будзе прадстаўляць Варшаву ў часе штомесячнага спатканьня кіраўнікоў МЗС 25 краінаў Эўразьвязу ў Брусэлі, залежыць будучае стаўленьне аб’яднанай Эўропы да афіцыйнага Менску.

Польшча ўжо працягы час дамагаецца, каб пытаньне аб сытуацыі ў Беларусі было абмеркаванае на як мага больш высокім узроўні ў Эўразьвязе і гэта, урэшце, атрымалася: 7 лістапада адбудзецца сустрэча 25 міністраў замежных справаў краінаў Эўразьвязу – гэтак званай Рады ў агульных справах, дзе як раз і заплянваная дыскусія аб перасьледзе апазыцыі і нацыянальных меншасьцяў у Беларусі. Дагэтуль адзіным органам Эўразьвязу, які дэбатаваў у справе Беларусі, быў Эўрапарлямэнт.

“Аднак цяпер з прычыны затрымак з стварэньнем новага ўраду ў Брусэль можа паехаць стары міністар замежных справаў Адам Ротфэльд. Нашыя крыніцы ў Брусэлі не хаваюць, што размова пра Беларусь была б добрай нагодай для дэбюту менавіта новага кіраўніка МЗС Польшчы, які ме ў бы большае поле манэўру, чым Ротфэльд”, -піша “Gazeta Wyborcza”.

Штодзёньнік адзначае, што адыходзячы ўрад зрабіў шмат, каб Эўразьвяз даў цьвёрды, адназначны сыгнал Менску, што ня будзе пагаджацца з палітыкай Лукашэнкі што да апазыцыі і меншасьцяў. Сярод іншага гаворка ішла пра пашырэньне сьпісу беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю краінаў Эўразьвязу на некалькі асобаў, якія адказваюць за перасьлед СПБ, у тым ліку і былога кіраўніка раганізацыі спадара Кручкоўскага, што ўжо зрабіла Польшча.

“Большасьць краінаў Эўразьвязу, аднак, ня хочуць пагадзіцца з гэтым. Частка лічыць, што Брусэль не павінен умешвацца ў спрэчку паміж Варшавай і Менскам, для іншых гэтая справа занадта далёкая ў сэнсе геаграфічным. Польшчу падтрымліваюць літоўцы і швэды, крыху разуменьня выказваюць немцы, французы і фіны, аднак гэтага недастаткова” – піша “Wyborcza”.

Менавіта таму, паводле штодзёньніка, прысутнасьць новага кіраўніка МЗС Польшчы на сустрэчы ў Брусэлі магла б дапамагчы пераканць іншыя краіны ў слушнасьці пазыцыі Варшавы.

Гэтак, хутчэй за ўсё, аднак ня здарыцца, бо новы польскі прэм’ер Казімеж Марцінкевіч заплянаваў на 10 лістапада першую прамову ў гэтай якасьці ў парлямэнце, тады ж будзе зацьверджаны і склад новага ўраду. Праз тры дні пасьля сустрэчы ў Брусэлі.
XS
SM
MD
LG