Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адзначаюць у Беларусі Хэлоўін?


Галіна Абакунчык, Менск 31 кастрычніка ў Злучаных штатах Амэрыкі й краінах Заходняй Эўропы традыцыйна адзначаюць народнае сьвята Хэлоўін. Назва паходзіць ад All Hallows Eve, ці ночы перад ‘All Hallows’ (днём усіх сьвятых). Папулярнасьць гэтага сьвята ў ЗША велізарная. У вечары цэнтральныя вуліцы горадоў ператварыцца ў карнавал ведзьмакоў, прывідаў, вупыроў, зомбі і г.д. Гэта – так бы мовіць – сьвята нячыстай сілы, калі людзі страшаць адзін аднаго, высьмейваюць гэтых самых нячысьцікаў, каб перш за ўсё напужаць іх саміх і гэтае адагнаць ад людзей. Некалькі гадоў таму Хэлоўін распачалі сьвяткаваць і ў Беларусі. “Баль нячыстай сілы” на гарадзкіх вуліцах, як правіла, арганізоўвае студэнцкая моладзь.

“Хэлоўін” у Беларусі яшчэ распачалі сьвяткаваць маладзёны Згуртаваньня беларускіх студэнтаў. Як паведамілі ў ЗБС, сёлятняе сьвята абавязкова працягне традыцыю мінулых гадоў. А як гэта адбываецца распавядае актывістка згуртаваньня Вольга Кузьміч.

(Кузьміч: ) “Хэлоўін мы называем словам “Халявін” і на гэты дзень рабілі такое жартоўнае сьвята: выклікалі дух “Халявы”і ўсё для сябе прасілі. Да прыкладу, каб падчас сэсіі, дабра здаваць іспыты, залікі, каб усё был добра, а таму й сьвята “Халявін”. Таксама хадзілі на вуліцу. Напачатку людзі даволі дзіўна рэагавалі, а пасьля ўжо не было праблемы. Бо зараз вельмі шмат ходзіць маладзёнаў, пераапранутых у розныя цікавыя строі. І нас падтрымліваюць – гэта й дзіўна й прыемна адначасна”.

Мінулымі гадамі Міністэрства адукацыі й праваслаўная царква ў Беларусі выступілі з асуджэньнем гэтага сьвята й заклікалі моладзь адмовіцца яго праводзіць. Як паведамілі ў Міністэрстве адукацыі, іхныя погляды на сьвята не зьмяніліся, але перашкаджаць ягонаму правядзеньню Міністэрства ня будзе. Вось як гэта патлумачыў спэцыяліст управы Міністэрства Уладзімер Клімята”.

(Клімята: ) “Гэта не дзяржаўнае сьвята, а таму мы яго не падтрымліваем. Гэта значыць ня супраць, калі нехта недзе неяк адзначае. Але ў сваіх рэкамэндацыях, якія мы даем на навучальны год, мы яго не ўзгадваем”.

У Менскім эпархіяльным упраўленьні праваслаўнай царквы паведамілі, што таксама не намерваюцца выступаць зь нейкімі адмысловымі заявамі, але іхная пазыцыя адносна “Хэлоўіна” па-ранейшаму застаецца катэгарычнай. Гаворыць прэсавы сакратар Андрэй Петрашкевіч.

(Петрашкевіч: ) “Кожны год выступаць з заявамі супраць амэрыканскага сьвята “Хэлоўін” не разумна. Але калі з дзіўнай настойлівасьцю адзначаецца сьвята нячыстай сілы й паступова ён пашырае сваю аўдыторыю, значыць мы можам зрабіць выснову пра тое, які выбар робіць значная частка людзей”.

А вось як выказаўся пра сьвята “Хэлоўін” й ягонае правядзеньне культуроляг Сяргей Харэўскі.

(Харэўскі: ) “Сапраўды дзіўнавата: няхай бы з такім імпэтам, з такім задорам сьвяткаваліся тыя ж Каляды, Купальле – у нас хапае самых розных сьвятаў і народных звычаяў на любыя густы, у тым ліку карнавальных. Бо дзіўнавата, з хрысьціянскага гледзішча, ўхваляць гульні зь нячыстай сілай. Таму пазыцыя царквы цалкам зразумелая. Але забараняць і рабіць гэтае выпадковае, экзатычнае й моднае сьвята прадметам грамадзкай дыскусіі – таксама не разумна. Бо калі хочуць сьвяткаваць – будуць сьвяткаваць. І тым ня менш, хутчэй за ўсё гэта не прыжывецца й сыдзе ў нябыт, як абсалютна чужое й непасоўнае да нашых традыцыяў”.
XS
SM
MD
LG