Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці будзе зроблена праверка беларуска-ірацкіх кантрактаў?


Іна Студзінская, Менск У дакладзе незалежнай камісіі па расьсьледваньні ААН аб махінацыях у межах праграмы “Нафта ў абмен на харчаваньне” фігуруе каля 2200 (дзьвюх тысячаў двухсот) кампаніяў з 66-ці краінаў сьвету, якія мелі дачыненьне да таго, што рэжым Садама Хусэйна, у абыход міжнародных санкцыяў атрымаў 1 мільярд 800 мільёнаў даляраў. У гэтым сьпісе ёсьць і беларускія кампаніі, фірмы і палітычныя партыі.

Не сакрэт, што Беларусь актыўна ўдзельнічала ў праграме ААН “Нафта ў абмен на харчаваньне”, афіцыйны Менск меў добрыя стасункі з урадам Садама Хусэйна. У дакладзе ААН фігуруе, да прыкладу, “Белмэталэнерга”, які заключыў 71 кантракт на агульную суму амаль у 250 мільёнаў даляраў, а ў якасьці гаранту “Белмэталэнерга” выступаў “Інфабанк”. Дарэчы, урад ЗША і раней абвінавачваў “Інфабанк” у “адмываньні” грошай Садама Хусэйна. Экспэрты мяркуюць, што “Белмэталэнерга” наўмысна парушала правілы і санкцыі ААН.

Эканаміст Міхал Залескі зазначыў, што ва ўсім сьвеце даўно распрацаваныя мэханізмы, ёсьць адпаведныя дзяржаўныя ўстановы, якая адказваюць, каб узбраеньне, прадукцыя двайнога прызначэньня не трапляла ў краіны, на якія накладзеныя міжнародныя санкцыі ААН, у краіны, якія могуць скарыстацца гэтай прадукцыяй у мэтах, што супярэчаць інтарэсам супольнасьці. І тут ёсьць некалькі аспэктаў.

(Залескі: ) “Першы – зьвязаны з маральнасьцю, бо бок прызнаньнем альбо непрызнаньнем міжнародных санкцыяў, а другі – з дзяржаўным дазволам, маўклівым альбо пісьмовым, на гэтыя адносіны. У Беларусі пісьмовых дазволаў ніхто на гэта не даваў, забаронаў таксама не было, і пэўная пазыцыя дзяржаўная адносна Іраку ў нас была таксама не вэрбалізаваная належным чынам: мы не парывалі адносінаў з Іракам, але мы і не асуджалі нічога, што робіцца з боку Іраку, з боку Садама Хусэйна. У прыватнасьці, падтрымлівалі адносіны на ўзроўні пэрсаналіяў досыць высокіх, яны ўсім вядомыя”.

Узгадваюцца ў дакладзе кіраўніка камісіі ААН Пола Волкэра “Лада-ОМС”, “Белфарм”, Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі, Партыя камуністаў Беларуская. Пэрсанальна названы Леанід Козік - былы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, цяперашні старшыня ФПБ (у якасьці аднаго з бэнэфіцыянтаў кантрактаў “Белнафтахіму” і брытанскай кампаніі “Fossdik”. Ну а калі фігуруюць такія кампаніі і пэрсоны, на думку спадара Залескага, трэба было б чакаць пэўнай рэакцыі з боку дзяржавы.

(Залескі: ) “Але такой рэакцыі не наступае. Узяць той жа “Інфабанк”. Яго досыць даўно запрыкмецілі – перайменавалі. Ну, Козіка не перайменуеш, але ніхто на яго пальцам нават не кіўне. Чаму? Таму што гэта агульны прынцып дзеяньняў. Адсутнасьць галоснасьці. А калі няма галоснасьці, празрыстасьці – пра якое асуджэньне альбо камісіі альбо разгляды можа ісьці гаворка? Усё зроблена і забыта. Будзе яшчэ штосьці зроблена – і таксама забыта. Будзе пакараны чарговым разам ня той чалавек, як меў дачыненьні з не патрэбнай нікому краінай, а той чалавек, які не падзяліўся пасьля такіх дачыненьняў”.

Кіраўнік камісіі ААН Пол Волкэр заўважыў, што ўзгаданыя ў дакладзе фігуранты зь Беларусі не адказалі на абвінавачваньні ў прыналежнасьці да злоўжываньняў, акрамя “Белмэталэнерга”, які ўсё абверг. Што да расьсьледаваньня, праверкі ірацкіх кантрактаў, кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька выказаў такое меркаваньне:

(Лябедзька: ) “Ня можа быць тут апэрацыі “Чыстыя рукі”, таму што калі правая рука “грабла” з Іраку, а левая “падграбала” ў Беларусі, то, натуральна, ніхто ня будзе разьбірацца. Гэта такі паўкрымінальны бізнэс, які, на жаль, завязаны на падтрымцы ўладных структур. Таму ніхто ня будзе праводзіць расьсьледаваньне, ніхто ня будзе прадстаўляць інфармацыю па запытах міжнародных структур, таму што працэнты, я думаю, ішлі па ўсёй вэртыкалі, і прадпрымальніцкай, і таксама ўладнай, якія падтрымлівалі дзейнасьць тых структур. Альбо накіроўвалі, як таго ж Козіка, як спэцпрадстаўніка беларускіх уладаў”.

Паводле зьвестак МЗС Беларусі, за 1999–2003 гады ў межах праграмы ААН “Нафта ў абмен на харчаваньне” ў Ірак было экспартавана беларускіх тавараў на 200 мільёнаў даляраў. Беларусь пастаўляла ў Ірак аўтамабіл, трактары, прадукцыю хімічнай прамысловасьці, мэталапракат.
XS
SM
MD
LG