Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Беларусі таньнеюць наркотыкі?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Беларускія праваахоўныя органы рапартуюць аб перакрыцьці чарговага каналу дастаўкі ў краіну наркотыкаў. Між тым кошт іх у Беларусі трывала зьніжаецца, што адмыслоўцы лічаць прыкметай пашырэньня злачыннага рынку.

У Менску на чыгуначным вакзале затрымалі наркадзялка зь вялікай партыяй дарагога сынтэтычнага наркотыка – амфітаміну. У партыі, якую даставіў кур’ер зь Берасьця, было 200 таблетак, кожная каштуе на чорным рынку каля ста даляраў. Але, аказваецца, гэта ўжо танна. Паводле адмыслоўцаў, год таму за грам амфітаміну ў Беларусі плацілі 400 даляраў, зараз менш ажно на чвэрць. Патаньнеў і какаін – адзін з самых дарагіх натуральных наркотыкаў. Грам гэтай атруты каштуе ў Менску ўжо 160-170 даляраў, а адна цыгарэта, набітая гэтак званай “траўкай” -- ці марыхуанай, увогуле прадаецца за адзін даляр.

Чаму наркотыкі ў Беларусі патаньнелі?

Ва ўправе КДБ па Менску і Менскай вобласьці кажуць: шляхі дастаўкі наркотыкаў у Беларусь рэгулярна выкрываюцца. Наркадзялок, якога днямі арыштавалі на чыгуначным вакзале, кантраляваў цэлы канал дастаўкі амфітаміну з Польшчы. У гэтым і каштоўнасьць апэрацыі , тлумачыць супрацоўнік управы КДБ Ігар Кавалеўскі.

(Кавалеўскі: ) “Факт якраз у тым, што перакрыты цэлы канал дастаўкі наркотыка ў краіну празь Берасьце ў Менск. А ўвозяць яго кур’еры звычайна з Польшчы ці з Прыбалтыкі”.

Паводле Ігара Кавалеўскага, іншыя напрамкі таксама пад кантролем. Гэтак, нядаўна была затрыманая вялікая партыя марыхуаны, якую ў Беларусь везьлі з Крыма.

І ўсё ж ад сумнай статыстыкі нікуды не падзецца. За 15 гадоў наркаманаў у Беларусі паболела ў 40 разоў, афіцыйна іх зараз больш за 15 тысяч, але незалежныя крыніцы называюць лічбу ў 50 тысяч тых, што залежыць ад наркотыкаў. Падзеньне коштаў на наркотыкі, паводле эканамічных законаў, яскрава сьведчыць пра тое, што колькасьць наркаманаў павялічылася.

Хто ён, сярэднестатыстычны беларускі наркаман? Паводле адмыслоўцаў, яго узрост значна памаладзеў і зараз вагаецца ў межах 16-20 гадоў. Ягоныя перавагі ў выбары наркотыкаў не заўсёды залежаць ад колькасьці грошай у кішэні. Безумоўна, дарагі амфітамін часьцей ужываюць у шыкоўных начных клюбах, дзе зьбіраецца маладзёвая эліта, але там папулярна і танная “траўка”. І ўсё часьцей наркотыкі становяцца ня проста сродкам атрымаць задавальненьне, але і сродкам зарабіць на жыцьцё. Студэнтка з Берасьця Наста адзін час сябравала з хлопцамі, якія сталі менавіта на гэты шлях.

(Наста: ) “Яны гэтым два гады займаліся, прадавалі. Іх папярэджвалі і ўсё, злавілі. Дома знайшлі шмат марыхуаны, таблетак. Далі аднаму 8 гадоў, другому 10. Зараз сядзяць”.

Паводле Насты, у Берасьці ёсьць пэўныя кропкі, дзе гандлююць наркотыкамі. Адна з такіх кропак знаходзіцца на ўскраіне горада, у вёсцы Дуброўка. Каб дамовіцца пра набыцьцё наркотыка, трэба ў тэлефоннай размове назваць некалькі ключавых словаў, пэўны пароль. Наста лічыць, што прыкладна 10 адсоткаў наркаманаў купляюць наркотыкі на дыскатэках, астатнія – менавіта праз такіх глыбока заканспэраваных гандляроў.

Імкліваму распаўсюджваньню наркотыкаў сярод моладзі дзяржава вырашыла супрацьпаставіць ня толькі карныя захады, але і тлумачальную працу. Пытаюся ў другой студэнткі Берасьцейскага унівэрсытэта, Кацярыны, ці чула яна калі лекцыю аб шкодзе наркотыкаў.

(Вольга: ) “У нас на першым курсе былі нейкія лекцыі, але без залікаў, пра СНІД, яшчэ пра што, але я асабіста на іх не хадзіла, таму ня ў курсе гэтай справы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG