Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джордж Крол: “Я хацеў бы падтрымаць дзеяньні ТБМ”


Альгерд Невяроўскі, Менск У IX зьезьдзе Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны ўдзельнічала нямала вядомых у Беларусі людзей і замежных гасьцей. Наш карэспандэнт пацікавіўся, чаго яны чакаюць ад гэтага зьезду і якімі бачаць пэрспэктывы ТБМ.

Дэлегат зьезду ТБМ, старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка лічыць Таварыства беларускай мовы актыўнай арганізацыяй і спадзяецца, што яно стане структурай ня толькі культурніцкай, але й праваабарончай:

(Вячорка: ) “Я лічу, што таварыства на ўздыме. Яно за апошнія гады дастаткова выразна ідэнтыфікавала сябе менавіта як грамадзкая структура. Усюдыісная структура, якая дзее адпаведна абставінам. Я спадзяюся, што таварыства прадоўжыць гэты кірунак, вызначыць сябе як структуру ня толькі культурніцкую, але й праваабарончую. Ад нашых штодзённых моўных паводзінаў залежыць пэрспэктыва беларускай мовы ў нашай дзяржаве”.

Былы міністар замежных справаў Беларусі Пятро Краўчанка лічыць галоўнай задачай на цяперашні момант захаваць ТБМ ад ліквідацыі:

(Краўчанка: ) “Самае галоўнае – каб захавалася арганізацыя, якую мы стваралі больш за 15 гадоў таму. Таму, на мой погляд, нягледзячы на ціск уладаў, нам трэба праявіць спакой, вытрымку, занадта не палітызавацца, а проста перш за ўсё канцэнтраваць сваю ўвагу на пытаньнях захаваньня і разьвіцьця мовы і нацыі”.

Мастак Аляксей Марачкін называе ТБМ арганізацыяй, што стаіць у авангардзе бясьпекі дзяржавы:

(Марачкін: ) “Праблема мовы стаіць вельмі востра. І я чакаю, што будзе весьціся ня толькі размова, а будуць прынятыя рэзалюцыі аб стане беларускай мовы, адносіны зьезду да радыёстанцыі “Deutsche Welle”. Наагул, Таварыства беларускай мовы – гэта тая арганізацыя, што стаіць у авангардзе бясьпекі дзяржавы”.

А вось чаго чакаў ад зьезду рэжысэр Валеры Мазынскі:

(Мазынскі: ) “Я чакаю ад зьезду адной інфармацыі – нас стала больш ці менш. Я думаю, што нас стала больш”.

Амбасадар Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі Джордж Крол прамаўляў да дэлегатаў зьезду па-беларуску. Ён лічыць для сябе вялікім гонарам удзельнічаць у гэтым мерапрыемстве:

(Крол: ) “Для мяне вялікі гонар удзельнічаць сёньня ў гэтым зьезьдзе. Я ня сябар таварыства, але мы падтрымліваем гэтае мерапрыемства. Я тут і ад сябе асабіста, і ад імя амэрыканскага народу. Для мяне гэта вялікі гонар, і я з задавальненьнем хацеў бы тут падтрымаць дзеяньні гэтай арганізацыі”.

Ягоны калега амбасадар Польшчы Тадэвуш Паўляк яшчэ не навучыўся так добра гаварыць па-беларуску, але кажа, што ён – вялікі аматар беларускага слова:

(Паўляк: ) “Я амбасадар суседняй дзяржавы, а таксама аматар беларускай мовы, на якой, на жаль, да гэтага часу правільна не навучыўся гаварыць. Мне здаецца, гэта важная падзея ў жыцьці беларускага народу. І амбасадар, запрошаны арганізатарамі зьезду, павінен у ім удзельнічаць. І раблю гэта зь вялікай прыемнасьцю”.
XS
SM
MD
LG