Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшынём ТБМ IX зьезд таварыства зноў абраў Алега Трусава


Валянціна Аксак, Менск “Чарговы зьезд Таварыства беларускае мовы імя Францішка Скарыны адбыўся, і гэта галоўны яго вынік”, – сказаў у інтэрвію нашаму радыё сябра рады ТБМ знаны гісторык Анатоль Грыцкевіч. Да самага пачатку зьезду ў арганізатараў не было ўпэўненасьці ў тым, што ён адбудзецца. За колькі дзён улады забаранілі праводзіць зьезд у Доме літаратара, а напярэдадні – у тэатральнай залі Чырвонага касьцёлу.

Забарона ўладамі арэнды памяшканьняў для зьезду актывістаў беларушчыны – прызнаньне іх сілы і ўплывовасьці на грамадзтва, сказаў, адкрываючы чарговы сход таварыства, яго старшыня Алег Трусаў. І падмацаваў затым у сваім справаздачным дакладзе гэтую тэзу лічбамі.

(Трусаў: ) “Паводле стану на 1 кастрычніка, у шэрагах ТБМ афіцыйна зарэгістравана 7 тысяч жыхароў Беларусі і каля трохсот замежных грамадзян. У краіне дзейнічае 109 рэгіянальных арганізацыяў, 60 зь якіх стаяць на дзяржаўным уліку у мясцовых органах улады. Суполкі ТБМ існуюць у Літве, Латвіі, Расеі, Украіне, Польшчы, Нямеччыне, ЗША, Англіі, Канадзе і іншых краінах сьвету”.

На зьезд былі абраныя 153 дэлегаты, зь якіх прысутнічалі 128. Яны ледзьве ўмясьціліся ў невялікую залю паседжаньняў сядзібы БНФ у Менску. Значная частка дэлегатаў і гасьцей змушаныя былі цягам некалькіх гадзінаў стоячы ўдзельнічаць у працы сходу. У ліку гасьцей, дарэчы, было шмат прадстаўнікоў іншых дэмакратычных грамадзкіх арганізацыяў і партыяў, а таксама амбасадары ЗША Джордж Крол і Польшчы Тадэвуш Паўляк, якія выступілі з кароткімі прывітальнымі прамовамі.

Выступы дэлегатаў былі пераважна аптымістычнымі. “Шклянка беларушчыны напалову больш поўная, чым напалову пустая”, – зазначыла намесьніца старшыні ТБМ Людміла Дзіцэвіч.

(Дзіцэвіч: ) “Мы змаглі ў складаны для нашай мовы час застацца дзеяздольнымі, не патануць у галашэньні па тых беларусах, якія ніяк не выбіраюць родную мову ў жыцьці. У таварыстве запанавала новае пазытыўнае мысьленьне, і мы цяпер можам шклянку бачыць больш напалову поўнай, чым напалову пустой. Гэта вельмі важная тэхналёгія для нашай сьвядомасьці”.

Дасягаць канкрэтнага посьпеху невялікіх, але рэальных учынкаў заклікала прысутных старшыня Менскай гарадзкой арганізацыі Алена Анісім.

(Анісім: ) “З аптымізмам, рацыянальным, прагматычным, як хочаце можам назваць, але з аптымізмам ідучы да вырашэньня канкрэтных задач, мы абавязкова даможамся таго, што беларуская мова стане дзяржаўнай, фактычна дзяржаўнай, і гэтая мова заваюе розумы і сэрцы ўсіх нашых грамадзян”.

У XXI стагодзьдзі беларуская мова выжыве толькі ў выпадку, калі яна замацуецца ў інфармацыйнай прасторы, перакананы Сяржук Кручкоў, ініцыятар стварэньня шэрагу беларускіх кампутарных праграмаў. Ён прапанаваў стварыць Нацыянальны ўнівэрсытэт з дыстанцыйным навучаньнем і заклікаў выкладчыкаў распрацоўваць беларускамоўныя інтэрнэт-праграмы.

Зьезд прыняў рэзалюцыю аб сучасным стане і пэрспэктывах разьвіцьця беларускай мовы, а таксама некалькі зваротаў – да ўдзельнікаў выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году, аб становішчы беларускай мовы ў тэлевізійным вяшчаньні, аб адкрыцьці Нацыянальнага ўнівэрсытэту і аб адносінах камісіі Эўразьвязу да мовы перадаваньня на Беларусь.

Старшынём ТБМ зьезд на чацьверты ўжо двухгадовы тэрмін абраў Алега Трусава. На пытаньне нашага радыё, што новага чакаецца ў стратэгіі і тактыцы ТБМ найбліжэйшым часам, спадар Трусаў сказаў:

(Трусаў: ) “Думаю, што праца будзе ўлічваць спэцыфіку наступнага году – гэта выбары прэзыдэнта, і мы сёньня прынялі адпаведны зварот. Некаторыя кандыдаты ў прэзыдэнты – сябры ТБМ, і мы будзем браць актыўны ўдзел у незалежным назіраньні. Таксама будзем працаваць актыўна з уладамі, са спадарыняй Ярмошынай. Дарэчы, мы зь ёй працуем вельмі плённа, і я думаю, што на гэты раз усе бюлетэні для выбараў будуць па-беларуску”.

Алег Трусаў узначальвае Таварыства беларускай мовы ад 1999 году.
XS
SM
MD
LG