Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяды: шэсьце і мітынг у Курапатах


Ганна Соусь, Менск Больш за паўтысячы чалавек прайшлі ў нядзелю шэсьцем да ўрочышча Курапаты і ўшанавалі памяць ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Акцыя, арганізаваная сябрамі Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, была прымеркаваная да Дня памяці продкаў – Дзядоў. Разам з удзельнікамі шэсьця дарогаю на Курапаты прайшла нашая карэспандэнтка.

Гэта стала ўжо традыцыяй, што шэсьце на Курапаты пачынаецца ад парку Чалюскінцаў, дзе сталінскім часам карнікі НКВД расстрэльвалі бязьвінных людзей. Калёна зь бел-чырвона-белымі сьцягамі па ходніках выпраўляецца ў кірунку ўрочышча Курапаты – усяго каля дзесяці кілямэтраў пешшу. Дэманстранты нясуць крыжы і плякаты з надпісамі “Ўшануйма памяць ахвяраў Курапатаў”, “Ніякіх саюзаў з імпэрскай Расеяй”.



Для вэтэрана беларускага адраджэнскага руху Вячаслава Сіўчыка гэта ўжо 18-е шэсьце на Курапаты.

(Сіўчык: ) “Дзяды і самі па сабе зьяўляюцца адвечным беларускім сьвятам. І, вядома, другі ўзровень, што гэтае мерапрыемства вельмі цесна зьвязана з тым, як паўстаў ужо у найнавейшай гісторыі Беларусі беларускі незалежніцкі рух, бо разглядаць гісторыю БНФ безь Дзядоў проста немагчыма”. Мастак Мікола Купава згадвае, як калісьці яшчэ ягоны дзед адзначаў Дзень памяці продкаў:

(Купава: ) “Дзяды былі з самага пачатку майго жыцьця, колькі я сябе памятаю. Гэта была абавязковая традыцыя. Трэба было ехаць усёй сям’ёй у вёску да дзеда, і там адбывалася такая ўрачыстасьць за сталом. Белыя абрусы, у белае апранутыя дзед з бабай. Гэта было настолькі запамінальна, урачыста...”

Удзельнік жалобнага шэсьця Пятро Шашкель сам зьведаў пакуты сталінскіх лягераў.

(Шашкель: ) “Гэта адначасна і сьвяточны дзень, паколькі шмат моладзі ідзе сёньня, каб пакланіцца нявінна загінулым. У нейкай ступені і смутнае пачуцьцё, таму што я страціў сваіх бацькоў, сам быў рэпрэсаваны. Мяне рэабілітавалі толькі ў 1996-м годзе”.

Сярод дэманстрантаў былі і ўдзельнікі васьмімесячнай вахты памяці ў Курапатах 2001 – 2002 гадоў, калі будавалася менская кальцавая дарога.

Гаворыць абаронца Курапатаў Юрась Фабішэўскі:

(Фабішэўскі: ) “Ня ведаю, у Курапатах ці ў іншым месцы, але ў мяне ў сталінскіх лягерах загінуў дзед, і таму я лічу сваім абавязкам браць удзел у гэтым мерапрыемстве”.



Жалобнае шэсьце і мітынг былі санкцыянаваныя ўладамі, калёну суправаджалі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. Ва ўрочышчы Курапаты падчас жалобнага мітынгу сакратар управы КХП БНФ Валер Буйвал зачытаў зварот старшыні партыі Зянона Пазьняка.

(Буйвал: ) “Сёньня я востра адчуваю сябе тут разам з вамі. Кожны год мы прыходзім сюды, каб засьведчыць нашу памяць. Ніводная нявінная сьмерць не павінна застацца неадпомшчанай, і нікога нельга забыць. Сёньня ж з намі ня толькі ахвяры, але й вялікія Дзяды нацыі: і слаўны князь Вялікі Вітаўт, Ян Радзівіл і Каліноўскі, і дарагі наш Васіль Уладзімеравіч. Раўняймася на іх. Вечная памяць іх жыцьцям, і вечна жыве Беларусь!”

(Людзі: ) “Жыве Беларусь! Жыве!”

Намесьнік старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі заклікаў ушанаваць памяць ахвяраў бальшавіцкіх рэпрэсіяў.

(Беленькі: ) “Курапаты – гэта матэрыяльнае сьведчаньне злачыннасьці антыбожай сатанінскай ідэалёгіі – расейскага бальшавізму, пэўнай разнавіднасьці расейскага імпэрыялізму”.

Адказны сакратар управы сойму КХП БНФ Алесь Чахольскі заклікаў удзельнікаў акцыі гуртавацца вакол заснавальніка Беларускага народнага фронту Зянона Пазьняка.

(Чахольскі: ) “Давайце гуртавацца вакол нашага лідэра. Далучайцеся да ініцыятыўнай групы, якая цяпер ствараецца”.

Па заканчэньні жалобнага мітынгу ўдзельнікі акцыі ўстанавілі ў Курапатах 11 крыжоў, запалілі сьвечкі і прасьпявалі “Магутны Божа”.
XS
SM
MD
LG