Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Віцебскія чальцы КХП БНФ усклалі памятны вянок ахвярам сталінізму


Браніслава Станкевіч, Віцебск На Ўсьпенскай горцы ў Віцебску апазыцыянэры запалілі сьвечкі, ушанаваўшы памяць закатаваных там людзей.

Парэшткі невядомых ахвяраў неаднаразова знаходзілі дасьледчыкі і будаўнікі ў часе археалягічных раскопак на Ўсьпенскай горцы і рэстаўрацыі Ўсьпенскага сабору. Паводле згадак віцебскіх старажылаў, у 1941-м годзе, незадоўга да ўваходу ў горад нямецкіх войскаў, на гэтым месцы былі расстраляныя некалькі соцень палітычных вязьняў.

Каб напомніць пра тую трагедыю, сябры КХП БНФ зрабілі надпіс на стужцы да памятнага вянка: “Вязьням віцебскіх турмаў, зьнішчаных супрацоўнікамі НКВД у ліпені 1941-га году”. Вянок паставілі ля крыжа, які нагадвае жыхарам Віцебску пра яшчэ адну змрочную падзею ў гісторыі гораду – загубу арцыбіскупа Язафата Кунцэвіча ў 1623-м годзе. Каля вянка запалілі сьвечкі. За ўсімі гэтымі дзеяньнямі пільна сачылі невядомыя людзі ў цывільным, з фотаапаратамі і відэакамэрай у руках. Паводле меркаваньня ўдзельнікаў акцыі, гэта былі супрацоўнікі абласнога ўпраўленьня КДБ.

Нягледзячы на тое, што гісторыя расстрэлу вязьняў на Ўсьпенскай горцы досыць вядомая (пра гэта піша, у прыватнасьці, у сваіх успамінах Юрка Віцьбіч), факт расстрэлу дагэтуль не прызнаны ні гарадзкімі ўладамі, ні адпаведнымі структурамі.

У сярэдзіне 1980-х гадоў мінулага стагодзьдзя археоляг Ігар Цішкін настояў на экспэртызе парэшткаў, знойдзеных на Ўсьпенцы. Тады яшчэ савецкія экспэрты склалі паперу пра тое, што адкапаныя косткі – гэта парэшткі свойскае жывёлы. Праз колькі год зьявілася другая афіцыйная вэрсія: нібыта там пахаваныя ахвяры фашызму, закатаваныя ў часе мінулай вайны.

Штогод на Дзяды на гэтае месца прыходзяць віцебскія апазыцыянэры, і штогод ускладзеныя імі кветкі ды сьвечкі зьнікаюць адразу пасьля іх адыходу. Тое самае адбылося й цяпер: праз гадзіну на памятным вянку стужкі з надпісам ужо не было.
XS
SM
MD
LG