Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памерла маці Віктара Ганчара


Алесь Дашчынскі, Менск У суботу на 78-м годзе жыцьця памерла Валянціна Ганчар, маці зьніклага беларускага палітыка Віктара Ганчара.

Пасьля таго, як у верасьні 1999 году зьнік Віктар Ганчар, ягоная маці Валянціна зьвярталася і да грамадзкасьці, і да кіраўніцтва краіны па дапамогу. “Я зьвяртаюся да Вас, спадар Лукашэнка. Згадайце маю дабрыню, прастату й гасьціннасьць у адносінах да Вас. Дапамажыце вярнуць мне сына! – прасіла Валянціна Ганчар у 1999 годзе. – Я ўдзячная ўсім за спачуваньне й разуменьне. Я так спадзяюся, што з вашаю дапамогаю, людзі, у маім доме адчыняцца дзьверы, і я зноў пачую родны голас...”

У 2000 годзе яшчэ ў адным лісьце да сілавых структур Беларусі Валянціна Ганчар напісала: “Калі вы яшчэ памятаеце пяшчотныя рукі сваіх мацярок, калі ў вас засталася хоць кропля чалавечнасьці, сумленьня, калі ў вас ёсьць дзеці і яны даражэйшыя за жыцьцё, калі вы верыце ў Бога, не маўчыце, дайце хоць маленькую надзею. Пашкадуйце маю сівізну, маё мацярынскае сэрца, ня дайце мне памерці, не пабачыўшы сына. Не маўчыце, адгукніцеся”.

Аднак ніякага адказу на свае лісты да беларускіх уладаў яна так і не атрымала.

Зінаіда Ганчар згадвае, што Валянціна была моцнай бабуляй, няньчыла сваіх унукаў, але цягам гэтых шасьці гадоў здароўе яе моцна пагоршылася. Апошнія тры месяцы яна знаходзілася ў лякарні. Яе сэрца не вытрымала. Да апошняга яна згадвала пра Віктара, чытала прэсу, цікавілася любымі паведамленьнямі, зьвязанымі зь лёсам сына.

(Зінаіда Ганчар: ) “Як усякі чалавек, яна ўсё роўна спадзявалася на лепшае. І маці і ўсе мы спадзяемся на лепшае. Вядома, яна вельмі чакала Віктара. З кожным годам ёй станавілася ўсё горш. Толькі нейкая надзея яе яшчэ падтрымлівала. Толькі надзея давала нейкія сілы. Старалася верыць”.
XS
SM
MD
LG