Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палкай носа не дастанеш


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Колькі ў нашай мове фразэмаў ды прымавак пра нос – цяжка падлічыць. Па тым, якое становішча ў прасторы займае гэты мясісты выступ паміж вачыма і ротам, можна меркаваць пра стан чалавека альбо ягоны характар. Нос можна зьвесіць, ім можна круціць, можна яго торкаць не ў сваё, трымаць па ветры, некаму яго падцерці, нарэшце, паклаўшы на нешта жыцьцё, можна застацца з носам. Бываюць, аднак, выпадкі, калі носа палкай не дастанеш. Так кажуць пра фанабэрыстага, пыхлівага чалавека. Чаму не дастаць палкай, зразумела: надта высока той насень задзёрты.

Фразэмы пра задзёрты нос ёсьць, бадай, ува ўсіх мовах сьвету. Turn up one’s nose або put on airs – так кажуць пра сваіх задавакаў ангельцы; ar degunu mākoņus stumt – ‘хадзіць, носам аблокі піхаючы’ – гэта па-латыску; ohrnovat nos – задзіраць нос па-чэску, а riesti nosį – па-літоўску.

Сусьветная літаратура шмат пасьмяялася з фанабэрыстых герояў. Згадаем таго ж пана Быкоўскага. Аднак ганарліўцаў на сьвеце не паменела. Больш за тое, ёсьць яны й сярод навачасных літаратурных творцаў. Сустрэнеш такога і зьбянтэжана глядзіш на бокі ў пошуках палкі, а потым вінавата паціраеш рукі, згадаўшы, што задзёртага носа ніякай палкай не дастанеш.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал) Магія мовы: архіў 2005 (3-і квартал)
XS
SM
MD
LG