Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Дзяды на беларуска-літоўскай мяжы -- спрошчаны кантроль


Тацяна Поклад, Вільня На Дзяды на беларуска-літоўскай мяжы часова адкрытыя тры пункты спрошчанага памежнага кантролю і закрыты адзін сталы КПП. Штогод на Дзяды на беларуска-літоўскім памежжы дзейнічаюць пэўныя палёгкі для жыхароў памежных раёнаў, каб яны мелі магчымасьць наведаць могілкі у суседніх краінах. Тым часам, колькасьць такіх палёгкаў з кожным годам зьмяншаюцца, а аб''ёмы непазьбежных выдаткаў на паездку у суседнюю краіну -- павялічваюцца.

Пасьля абмену нотамі паміж міністэрствамі замежных справаў Беларусі і Літвы было прынятае рашэньне пра часовую дзейнасьць трох пунктаў спрошчанага памежнага кантролю на беларуска-літоўскай мяжы. Яны будуць адкрытыя ад 29 кастрычніка да 1 лістапада.

Гэтыя тры дні будуць дзейнічаць пункты памежнага кантролю у Пяцюлеўцах у Шчучынскім раёне (з літоўскага боку – Ракі Варэнскага раёну), у Піцкунах Іўеўскага раёну і Кемялішках на Астравеччыне (з літоўскага боку – адпаведна Нарвялішкі і Прэны Салечніцкага раёну). Праз гэтыя спрошчаныя пункты змогуць перасякаць мяжу толькі жыхары памежных раёнаў Беларусі й Літвы з адпаведнымі падарожнымі дакумэнтамі, калі яны не вязуць ніякіх тавараў, і толькі ў сьветлую пару – ад 10-й да 17-й гадзіны. Аднак ёсьць і асаблівасьць – сёлета на Дзяды праз гэтыя пункты будуць прапускаць і транспартныя сродкі, і тых, хто падарожнічае пешшу.

Адначасова літоўская служба аховы дзяржаўнай мяжы папярэджвае, што адзін са сталых пунктаў памежнага кантролю, Лаварышкі – Катлоўка, цяпер часова ня дзейсны – з-за “працаў па ўдасканальваньню інфраструктуры”. Можна будзе перасякаць мяжу праз сталыя КПП -- Меднікі-Каменны Лог , Беняконі - Салечнікі, Прывалка – Райгарды.

Летась на Дзяды былі адкрытыя пяць пунктаў спрошчанага кантролю (апрача тых, што дзейнічаюць сёлета, былі часова адкрытыя пункты пункты у Місканцах у Воранаўскім раёне і Грыга-Грагароўе на Ашмяншчыне), і дзейнічалі яны цягам дзевяці дзён. За тыя дні празь іх прайшлі каля 200 літоўскіх і 250 беларускіх грамадзянаў. У мінулыя Каляды былі адкрытыя таксама пяць пунктаў спрошчанага кантролю, але прапускалі яны толькі тых, хто падарожнічаў пешшу.

Усяго на амаль 700-кілямэтровай беларуска-літоўскай мяжы стала дзейнічаюць 12 дарожных пунктаў памежнага кантролю. Усе пункты спрошчанага кантролю былі закрытыя ад пачатку 2003 г., усяго такіх ПКП было 21. Жыхарам памежных вёсак, каб наведаць сваякоў ці могілкі у суседняй вёсцы па другі бок мяжы, даводзіцца праяжджаць лішнія 200-300 км. Былі скасаваныя і усе палёгкі пры перасячэньні мяжы для жыхароў памежнай зоны – ім таксама цяпер трэба афармляць візы і страхавыя полісы.

Грамадзяне абедзьвюх суседніх краінаў адзначаюць, што пасьля зьмяншэньня коштаў на візы выдаткі на паездкі ня зьменшыліся, бо цяпер трэба аплачваць страхавыя полісы і мясцовыя экалягічныя зборы, на некаторых пунктах патрабуюць аплату і за “электронную вэрсію” пэўных дакумэнтаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG