Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя спыніла ўстаноўчы зьезд грамадзкай арганізацыі “Партнэрства”


Валер Каліноўскі, Менск Актывісты грамадзянскай ініцыятывы “Партнэрства” сёньня спрабавалі правесьці ўстаноўчы зьезд аднайменнай агульнанацыянальнай грамадзкай арганізацыі. Аднак міліцыя палічыла іх сход несанкцыянаванай акцыяй і даставіла ўсіх удзельнікаў у Маскоўскі РУУС Менску. Пасьля дачы пісьмовых тлумачэньняў каля 60 актывістаў “Партнэрства” былі адпушчаныя.

Каля сямідзесяці актывістаў “Партнэрства” з усіх рэгіёнаў Беларусі сабраліся правесьці ўстаноўчы зьезд у незвычайным месцы – менскім кінатэатры “Цэнтральны”, паколькі ў іншых месцах ім адмовілі ў арэндзе залі, паведаміла адна з арганізатараў Эніра Браніцкая. Але пасьля пачатку зьезду ў залю кінатэатру зайшло шмат міліцыянтаў у форме і ў цывільным, яны вывелі дэлегатаў на вуліцу і аўтобусамі даставілі іх у РУУС Маскоўскага раёна Менску,– паведаміла ўдзельніца зьезду Сьвятлана Панамарова з Клецку:

(Панамарова: ) “Аднаго хлопца там пабілі каля аўтобуса, па галаве ці па чым, я заўважыла, як яго павалілі. Супрацоўнік у цывільным нанёс яму два ўдары, не больш”.

Каля 20 актывістаў Партнэрства, якія ехалі з Гомеля, але на зьезд не патрапілі, іх аўтобус часова затрымалі. Мелі праблемы па дарозе і іншыя дэлегаты. Гаворыць дэлегатка з Берасьця Іна Апанасенка:

(Апанасенка: ) “Сёньня ноччу ў цягніку 660-м у 10-ты вагон, дзе ехала наша група, прыйшло шмат міліцыі лінейна-дарожнай і кэдэбісты, правяралі нашы рэчы. Адзін супрацоўнік сказаў, што закладзеная бомба, таму нас правяраюць”.

Кіраўнік ініцыятывы “Партнэрства” Мікола Астрэйка зазначыў, што іх зьезд праводзіўся ў сувязі з новымі патрабаваньнямі Мінюста, якія забараняюць дзейнасьць незарэгістраваным аб’яднаньням.

(Астрэйка: ) “Міністэрства юстыцыі са свайго боку патрабуе зарэгістравацца, а міліцыя перашкаджае нам правесьці зьезд. Таму відавочна, што ва ўладаў няма ніякага жаданьня працаваць ні з арганізацыямі, ні з партыямі. Яны не жадаюць іх мець зарэгістраванымі”.

На Міколу Астрэйку і яшчэ некалькі іншых арганізатараў зьезда былі складзеныя пратаколы аб арганізацыі несанкцыянавай масавай акцыі, пра гэта пасьпеў паведаміць сам спадар Астрэйка да таго, як сувязь з ім спынілася:

(Астрэйка: ) “Тут афармляюцца ўсе пратаколы, прычым паводле артыкула 167, і афармляюць не толькі мяне, але і многіх іншых удзельнікаў за парушэньне заканадаўства аб правядзеньні масавых акцыяў, за масавую акцыю у кінатэатры “Цэнтральны”.

Ініцыятыва “Партнэрства” вядомае арганізацыяй незалежнага назіраньня пад час выбарчых кампаніяў, яе актывісты мяркуюць працягваць сваю працу і пасьля сарванага зьезда, – зазначыла намесьніца старшыні ініцыятывы Эніра Браніцкая:

(Браніцкая :) “Мы хочам займацца тым жа, чым і займаліся, а менавіта назіраць за выбарамі, і рабіць гэта лепей і лепей. На будучых выбарах мы зьбіраемся закрыць хаця б 50 адсоткаў участкаў.”

Пасьля дачы пісьмовых тлумачэньня каля 60 актывістаў “Партнэрства” былі адпушчаныя, паведаміў РС прадстаўнік арганізацыі Зьміцер Ісаёнак, таксама вызвалены ў суботу ўвечары.

На чатырох арганізатараў зьезду на чале з лідэрам Партнэрства Міколам Астрэйкам складзеныя пратаколы аб адміністратыўным парушэньні за несанкцыянаваны сход. У панядзелак іх чакае суд, ім пагражае штраф альбо да 15 сутак арышту. Спадар Астрэйка і два ягоныя намесьнікі Эніра Браніцкая ды Аляксандар Бондараў зьмешчаныя ў менскі спэцпрыёмнік на вуліцы Акрэсціна. Яшчэ адна арганізатарка зьезду Сьвятлана Коннава, на якую складзены пратакол, адпушчаная да суда дадому, бо ў яе ёсьць непаўнагадовае дзіця.
XS
SM
MD
LG