Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"У нас каля 50% бюджэту ідзе на сацыяльныя праграмы”


Міхал Стэльмак, Менск У Менску 28 кастрычніка адбылася прэзэнтацыя кнігі “Павышэньне ўзроўня жыцьця як прыярытэт сацыяльнай палітыкі”, выдадзенай пад эгідай ПРААН/ААН. Беларускаму грамадзтву прапануецца міжнародны досьвед змаганьня зь беднасьцю.

Аўтары кнігі – беларускія навукоўцы-эканамісты Натальля Яфрэменка, Натальля Пракоф''ева і Леанід Злотнікаў. У прадмове да іх дасьледаваньня кіраўніца менскага офісу ПРААН/ААН Джыхан Султаноглу зазначыла, што Беларусь, нягледзячы на сацыяльную арыентацыю дзяржавы, таксама сутыкнулася з праблемай беднасьці.

Кандыдат эканамічных навук Натальля Пракоф’ева лічыць, што іхная кніга будзе карыснай як дзяржаўным структурам Беларусі, так і грамадзянскай супольнасьці ў вырашэньні сацыяльных праблемаў:

(Пракоф’ева: ) “Вывучэньне чужога досьведу – гэта першая і неабходная ўмова эфэктыўнага руху Беларусі на шляху рэфармаваньня. Беларусь затрымалася на шляху рэфармаваньня, але гэта нас усё роўна чакае наперадзе. У нас сацыяльны бюджэт. У нас каля 50 працэнтаў бюджэту ідзе на сацыяльныя праграмы”.

Як вядома, беларускія ўлады асьцерагаюцца казаць пра існаваньне ў краіне беднасьці. Гэтага слова няма ў афіцыйным лексыконе ўладаў. Бедных жыхароў Беларусі яны называюць малазабясьпечанымі. Між тым, аўтары кнігі сьвядома кажуць менавіта пра беднасьць і пра шляхі змаганьня зь ёю у розных краінах, у тым ліку суседніх зь Беларусьсю: Расеі, Украіне, Польшчы, дзяржавах Балтыі. Асаблівая ўвага зьвяртаецца на міжнародны досьвед, зьвязаны з удзелам у гэтым працэсе няўрадавых арганізацыяў. Вось што патлумачыў на гэты конт Леанід Злотнікаў:

(Злотнікаў: ) “Цяпер у Беларусі дзяржава – апякун усіх бедных і сацыяльна абяздоленых. Так было ў замежных краінах заходняй Эўропы альбо Паўночнай Амэрыкі, але потым яны зразумелі, што на аказаньне сацыяльных паслуг яны нясуць вялікія страты, калі гэта робіцца празь дзяржаўныя органы. Калі сацыяльнай дапамогай займаюцца недзяржаўныя арганізацыі, калі дзяржава супрацоўнічае зь недзяржаўнымі арганізацыямі, фінансуе іх, дазваляе свабоду ў іх дзеяньнях, грамадзкія арганізацыі прыцягваюць фінансаваньне ня толькі дзяржаўнага сэктару, але і камэрцыйнага. У Беларусі гэтага няма”.
XS
SM
MD
LG