Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праблемы жаночага руху Беларусі


Аляксандар Уліцёнак, Менск Сёлета беларускі жаночы рух адзначае 15-годзьдзе свайго нараджэньня і дзясятую гадавіну з пачатку масавага стварэньня жаночых арганізацыяў па-за сталіцай – у рэгіёнах краіны. Зараз у Міністэрстве юстыцыі зарэгістраваныя каля 20 нацыянальных і больш за 50 рэгіянальных структураў. Ці дае гэта падставу гаварыць пра масавасьць, эфэктыўнасьць жаночага руху? Як ён уплывае на дынаміку грамадзкіх працэсаў ў Беларусі? Зь якімі праблемамі сутыкаюцца сёньня жанчыны-актывісткі?

Першы жаночы аргкамітэт, які ўвабраў у сябе актывістак нацыянальна-дэмакратычнага, экалягічнага рухаў, абаронцаў правоў воінаў-аўганцаў, напачатку 1990-х гадоў растварыўся ў новых для краіны арганізацыях. Сярод іх – Ліга жанчын, Камітэт салдацкіх маці, Жаночы хрысьціянска-дэмакратычны рух, Асацыяцыя жанчын-прадпрымальніц ды іншыя. А пасьля 1995 году шматлікія клюбы, ініцыятывы, групы пачалі актыўна ўтварацца і ў рэгіёнах. Гэта як самастойныя, арыгінальныя арганізацыі – напрыклад, “Жанчыны за адраджэньне Нарачанскага краю”, так і філіі нацыянальных, міжнародных структураў, палітычных партыяў, незалежных прафсаюзаў...

(Кулей: ) “Калі жанчына прыходзіць у грамадзкі рух, значыць, у краіне ёсьць праблемы. Бо грамадзкая арганізацыя -- гэта адказ на праблему. 50 працэнтаў арганізацый Берасьцейскай вобласьці узначальваюць жанчыны. І сябры гэтых арганізацый на палову, а то і больш -- жанчыны. Гэта ня толькі пытаньні жаночага руху. Гэта і правы чалавека, напрыклад "Беларусская Ассацыяцыя жанчын-юрыстаў", якую Галіна Дрэбезава ўзначальвае. Гэта й такія арганізацыі, як “Дзелавыя жанчыны” -- група жанчын, якія б хацелі спрыяць ўзмацненьню сярэдняга беларускага клясу”.

Іна Кулей – жонка кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыйнай кааліцыі Аляксандра Мілінкевіча – адзін зь лідэраў трэцяга сэктару, доўга працавала на Берасьцейшчыне. Яна выдатна ведае праблемы, якія ня проста хвалююць жанчын глыбінкі, а падштурхоўваюць да грамадзкай актыўнасьці. Найперш гэта новыя працэсы ў працоўнай сфэры і разбурэньне звыклай для большасьці сыстэмы сацыяльнага забесьпячэньня. Так званая дзяржаўная рынкавая эканоміка Беларусі найперш ударыла менавіта па жанчынах, адзначае і салігорская актывістка Ларыса Насановіч:

(Насановіч: ) “Нашмат ніжэй зарплата ў жанчын, чымсьці ў мужчын. У тых жанчын, якія занятыя жаночымі відамі вытворчасьці, такімі як лёгкая прамысловасьць, харчовая...”

Алена Залеская, намесьнік старшыні Віцебскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі:

(Залеская: ) “Жанчыны –самыя пакутуючыя ў такой дзяржаве. Самыя пацярпелыя -- эканамічна. Бязь працы ў асноўным жанчыны. Вы паглядзіце: ідзе рэкляма на працоўныя месцы – жаночых там няма. Таму жанчынаў трэбы было аб”яднаць і стварыць рух такі. Няхай не партыя, але рух жаночы павінен быць абавязкова”.

Урач Тамара Кот – адна са стваральнікаў жаночага руху ў Барысаве. Яна таксама лічыць, што пераструктурыраваная эканоміка моцна адбілася менавіта на тых, хто й без таго быў слаба абаронены дзяржавай:

(Кот: ) “Самая вялікая бяда – недахоп грошай. Ёсьць маці-адзіночкі, якія за сваю зарплату ня маюць магчымасьці даць і адукацыю нармальную дзіцяці, і апрануць, і накарміць...”

Аднак выразна адчулі праявы дыскрымінацыі і тыя жанчыны, якія раней збольшага ня бачылі асаблівых праблемаў на сваёй працы, перакананая Ларыса Насановіч:

(Насановіч: ) “Вельмі моцна ў апошні час б’е па жанчынах кантрактная сыстэма. Для многіх яна стварае стрэсавую сытуацыю. Раней жанчына з вышэйшай адукацыяй – бугальтар, эканаміст, тэхноляг, калі сутыкалася зь нейкімі парушэньнямі па віне таго ж кіраўніцтва, то яна адкрыта заяўляла пра гэта. Яна магла паспрачацца са сваім кіраўніком. Але зараз – не. Зараз ідзе падаўленьне ініцыятывы”.

Усе гэтыя ды іншыя вострыя праблемы, як казала спадарыня Іна Кулей, і стымулююць жаночы рух. Значная яго частка скіраваная найперш на пошук кантактаў з уладай, каб забясьпечыць вырашэньне канкрэтных штодзённых праблемаў. Прыхільнікі абарончай, патэрналісцкай тактыкі ўсяляк адмяжоўваюцца ад акцыяў нават зь мінімальным палітычным адценьнем. Пры гэтым яны спасылаюцца на тое, кажа лідэр Беларускага аб’яднаньня працоўных жанчын Марыя Аліева, што ў рэальным жыцьці людзі найперш зацікаўленыя менавіта ў вырашэньні надзённых клопатаў:

(Аліева: ) “Дапамагаем і юрыдычнай кансультацыяй, і накіроўваем да псыхолягаў, да тых жа юрыстаў. У апошні час людзі запытваюць, як атрымаць гуманітарную дапамогу, як накіраваць дзіця на аздараўленьне... Вось пра што яны запытваюць! Ну, яшчэ запытваюць кансультацыю па разводах, кантрактах, жыльлёвых пытаньнях...”

Урэшце рэшт -- каму як не жаночым арганізацыям займацца і зусім спэцыфічнымі праблемамі? З чым сутыкаюцца, напрыклад, у Салігорску, расказвае Ларыса Насановіч:

(Насановіч: ) “Працэнт мужчын-імпатэнтаў у Салігорску напэўна большы, чымсьці ў іншых гарадах. Гэта зьвязана зь цяжкімі ўмовамі на вытворчасьці. Шахцёры пакутуюць на гэта...”

У жыцьці ўсё ўзаемазьвязана. Салігорцы ня толькі шмат працуюць – у адрозьненьне ад іншых гарадоў тут затое і добра атрымліваюць за цяжкую працу... Аднак і па колькасьці выпітага на душу насельніцтва горад таксама сярод беларускіх лідэраў. Як вынік, кажа спадарыня Насановіч, гэта ўсё традыцыйна абарочваецца сямейна-бытавымі скандаламі. Паводле мужчынскай лёгіцы, высокія заробкі даюць ім права на бясспрэчнае лідэрства ў сям’і...

(Насановіч: ) “Калі браць чыста бытавы ўзровень, зь якім сутыкаюцца жанчыны, то гэта няўвага мужчын да іх праблемаў. Да іх жыцьця. Гэта вялікае распаўсюджваньне бытавога п’янства”.

Вось і атрымліваецца, што дзеля падтрымкі свайго аўтарытэту жаночыя арганізацыі мусяць займацца праблемамі сэксалёгіі, пытаньнямі псыхалягічнай рэабілітацыі пацярпелых... Калі справа абмяжоўваецца прыблізна гэтым, актывісткі знаходзяць пэўную падтрымку з боку дзяржавы. Хоць, лічаць многія, без удзелу міжнародных донараў наўрад ці ўдавалася б такім арганізацыям гадамі ўтрымлівацца на плыву... Аднак жа шмат якія структуры жаночага руху ўсё часьцей пачалі выходзіць за межы нэўтральных, нібыта традыцыйных для сябе накірункаў дзейнасьці. І тады ўлады не зьвяртаюць ужо ўвагу на тое, што маюць справу з прыгожай паловай, лічыць лідэр гомельскага абласнога аб’яднаньня “Ініцыятыва” Галіна Скараход:

(Скараход: ) “Справа ў тым, што ўлада ня вельмі дазваляе жаночым арганізацыям займацца рэальнымі сацыяльнымі праблемамі. Ёсьць такі падзел паміж дзяржаўнымі арганізацыямі, якія могуць працаваць на гэтым полі, і ёсьць яшчэ шмат арганізацыяў, якія б хацелі займацца такімі праблемамі, але ня могуць у сілу насьцярожаных адносінаў улады”.

Для блякады паўнавартаснага жаночага руху вэртыкаль, напрыклад, напоўніцу задзейнічала магчымасьці прэзыдэнцкіх дэкрэтаў нумар восем, які дазваляе прыпыняць замежную спонсарскую дапамогу трэцяму сэктару, трынаццатага – ён радыкальна абмяжоўвае юрыдычную правамоцнасьць такіх структураў... Расказвае лідэр Беларускага аб’яднаньня працоўных жанчынаў Марыя Аліева:

(Аліева: ) “Зараз вялікая праблема ў грамадзкіх арганізацыяў. Гэта юрыдычныя адрасы, гэта офісы, гэта фінансы... У нас у 32 гарадох былі офісы, былі юрыдычныя адрасы на кватэрах. А зараз гэтага няма. Нам давялося ліквідаваць нашыя структурныя падразьдзяленьні...”

Дзяржава фактычна паставіла жаночы рух перад выбарам: альбо займайцеся вузкаспэцыялізаванымі гуманітарнымі праектамі, альбо думайце пра выжываньне, калі вашыя сацыяльныя стратэгіі не стасуюцца з афіцыйнымі ідэалягічнымі ўстаноўкамі. І гэта сталася прычынай для своеасаблівага водападзелу паміж рознымі прадстаўнікамі адной плыні, гаворыць Марыя Аліева:

(Аліева: ) “Кожны паасобку. Няма таго, каб аб”яднацца і якую праблему вырашаць разам. Няма гэтага... Калі адну арганізацыю ліквідавалі, то другая маўчыць: абы толькі не мяне... Але ж прыйдзе час – ці раней ці пазьней, усё роўна будуць ліквідаваць іншую арганізацыю, асабліва якая трошачкі зьвязаная зь нейкім палітычным накірункам. У выбарах удзельнічаеце? У мабілізацыйных кампаніях, у зборы подпісаў… Усё! На табе паставяць крыж. І зараз усе ціхенька замоўклі...”

Зразумела, што калі працэсы штучнага разьяднаньня, непаразуменьня заўважныя на структурным узроўні, гэта яшчэ больш выразна адбіваецца і на ўзроўні асабістым. Размаўляю зь Інай Кулей – актывісткай трэцяга сэктару краіны, жонкай кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыйнай кааліцыі Аляксандра Мілінкевіча:

(Карэспандэнт: ) “Удзел у грамадзкім руху: ёсьць жаданьне, але ці стае магчымасьцяў для гэтага? Я маю на ўвазе перш за ўсё спэцыфіку беларускай глыбінкі”.

(Кулей: ) “Вось тут якраз ужо ёсьць разыходжаньне паміж жаданьнем і сапраўды ўдзелам. Таму што праявіць сябе ў правінцыі значна цяжэй. Там няма ўмоваў вызваліць вольны час на тое, каб яна магла гэты час патраціць на грамадзкую дзейнасьць альбо нават на сябе. Па-другое, на жаль, у нашым грамадзтве, асабліва ў раёнах, у глыбінцы, глядзяць на тых, хто праяўляе грамадзкую актыўнасьць, як на белых варонаў. Як на тых, каму трэба больш за астатніх... Якія нібыта непрыстасаваныя да нармальнага жыцьця: павольнага, разважнага – маўляў, ім увесь час трэба больш, чымсьці ёсьць!.. Ад сваіх суседзяў, сяброў яна не сустракае падтрымкі – яна сустракае зьдзіўленыя позіркі...”

Гэта сапраўды так, пацьвярджае дэпутат Пліскага сельсавету Глыбоцкага раёну Юлія Бука. Яна адна выхоўвае траіх дзяцей, марыць сур’ёзна заняцца некалі экалягічным турызмам. А пакуль думае пра тое, каб неяк выжыць. Дзеля гэтага пераехала ў родную вёску зь Віцебску, дзе далучылася некалі да грамадзкага руху. Цяжка актыўнаму чалавеку ў правінцыі?

(Бука: ) “Жанчыны – гэта плёткі. Я займаюся палітыкай. І вось зусім неактыўныя, зусім шараговыя жанчыны, бывае, кажуць: “А ты ў сваёй сям’і спачатку разьбярыся, чаго ты лезеш?!”.

Спадарыня Юля не здаецца. Яна перакананая, што ні сямейныя, ні працоўныя праблемы большасьці жанчынаў, у тым ліку і яе, ня вырашыць без радыкальных грамадзка-палітычных пераменаў у краіне.

(Бука: ) “Я экзатычны чалавек у сваёй мясцовасьці. Таму што ня кожная жанчына, маючы траіх дзяцей, паедзе на кангрэс... У мяне тут ёсьць людзі, якія пытаюцца: што вы там вырашалі? А некаторыя цкуюць: вось зьехала, сям’ю кінула... Кажуць: “Табе кепска жыць? Табе Лукашэнка даў такую дапамогу на дзяцей! Ты на іх жывеш і ты яшчэ выпендрываесься тут?!”

Іна Кулей лічыць: хоць жаночы рух перажывае сёньня ня лепшыя часы, уладзе ўсё ж не зрабіць яго цалкам падкантрольным. Бо людзі ўжо прачнуліся, і калі ў самых глыбінных вёсках ёсьць такія, як спадарыня Юлія Бука, працэс гэты раней ці пазьней пойдзе на ўздым:

(Кулей: ) “Наша справа -- знайсьці людзей, якія ўжо працуюць у трэцім сэктары альбо ў жаночым руху, падтрымаць, пазнаёміць зь іншымі, каб яны не адчувалі, што яны такія белыя вароны”.

(Карэспандэнт: ) “Спадарыня Іна, скажыце калі ласка, а ці ня думаеце вы пра тое, каб узяць пад увагу гэты жаночы рух?”

(Кулей: ) “Я не спэцыяліст менавіта ў галіне праблем актывізацыі жанчын у грамадзкім жыцьці, але як шараговы сябра, як проста жанчына, як маці прыму ўдзел у руху і думаю, што буду прыдатная...”
XS
SM
MD
LG