Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто рассакрэціў агентку ЦРУ?


Сьвятлана Курс, Прага Галоўны дарадца віцэ-прэзыдэнта Дзіка Чэйні, Льюіс “Скутэр” Лібі быў абвінавачаны сёньня на паседжаньні Вялікага журы ва ўчыненьні перашкодаў правасудзьдзю, непраўдзівых сьведчаньнях і сфальшаваных паказаньнях. Супраць даверанага памочніка прэзыдэнта Буша Карла Роўва абвінавачаньняў ня высунулі. Справа датычыць рассакрэчваньня асобы супрацоўніцы ЦРУ Валеры Плэйм у 2003 годзе.

Гэтая справа расьсьледавалася два гады пад кіраўніцтвам пракурора Патрыка Фіцджэралда. Кіраўнік офісу Чэйні, Льюіс Лібі, абвінавачаны ў непраўдзівых паказаньнях Фэдэральнаму вялікаму журы. Абвінавачаньні супраць памочніка прэзыдэнта Буша Карла Роўва сёньня не высоўвалі.

Справа, якая разглядаецца ў Вялікім журы, распачалася ў 2003 годзе. Перад вайной з Іракам адміністрацыя Буша накіравала ў Нігер камісію на чале з былым амбасадарам Джо Ўілсанам, каб праверыць зьвесткі пра тое, што ў гэтай афрыканскай краіне Садам Хусэйн спрабаваў набыць уран. Ўілсан вярнуўся ў Вашынгтон са зьвесткамі, што Хусэйн у Нігеры ўрану не набываў.

Былы амбасадар публічна абвінаваціў адміністрацыю Буша ў маніпуляцыі зьвесткамі выведкі з мэтай перабольшыць ірацкую пагрозу. Узьнікла пытаньне: чаму з сакрэтнай місіяй у Нігер накіравалі не выведніка, а цывільнага чалавека? Праз восем дзён амэрыканскія газэты са спасылкаю на крыніцы ў Белым Доме паведамілі, што Ўілсана быццам бы накіравалі ў Афрыку па пратэкцыі ягонай жонкі, 42-гадовай супрацоўніцы ЦРУ. Кар’ера Валеры Плэйм, аналітыка штаб-кватэры ЦРУ ў Лэнглі апынулася пад пагрозаю.

Джо Ўілсан заявіў, што, рассакрэціўшы ягоную жонку, Белы Дом адпомсьціў яму за крытыку Буша.

Лічыцца, што ўлетку 2003 году менавіта памочнік прэзыдэнта Роўв і кіраўнік офісу віцэ-прэзыдэнта Лібі перадалі рэпартэрам зьвесткі аб Валеры Плэйм.

Пракурор Пітэр Фіцджэральд дапытаў рэпартэраў, якія апублікавалі зьвесткі пра Плэйм, хто зь Белага Дому даў ім інфармацыю. 56-гадовая карэспандэнтка "Нью-Ёрк таймс" Джудыт Мілер адмовілася адкрыць суду крыніцу інфармацыі і атрымала 11 месяцаў турмы “за непавагу да суду”. Рэпартэр часопіса “Time” Мэт Купэр палічыў за лепшае крыніцы раскрыць.

Акты абвінавачаньня могуць выклікаць новы крызыс Белага дому, усьлед за ўраганам “Катрына”, вайною ў Іраку і правалу кандыдаткі Буша на пасаду судзьдзі Вярхоўнага суду Гарыет Маерс. Ёсьць зьвесткі, што адвакаты чыноўнікаў Белага дому прапанавалі пракурору Фіцджэралду пагадненьне з мэтаю пазьбегнуць абвінаваўчага акту. Аднак памочнікі Карла Роўва адпрэчваюць зьвесткі, што іхны шэф спрабуе дамовіцца з пракурорам.

Дэвід Джэрджэн, былы памочнік прэзыдэнтаў Рональда Рэйгана й Біла Клінтана, сказаў ў інтэрвію Лэры Кінгу ў СNN: “Роўв – правая рука прэзыдэнта, гэта добра вядома. І паколькі цяпер прэзыдэнт у глыбокай яме, бяз правай рукі ён адтуль ня вылезе”.

Сёньня адбываецца пасяджэньне Вялікага журы, дзе вырашаецца гэтая справа.
XS
SM
MD
LG