Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе падаваць у суд Казулін на дзеяньні памежнікаў Менск-2?


Уладзімер Глод, Менск Толькі адсутнасьць вынікаў экспэртызы дакумэнтаў, якія канфіскавалі ў лідэра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандра Казуліна 27 кастрычніка ў Нацыянальным аэрапорце "Менск-2", перашкаджае яму ўжо сёньня зьвярнуцца ў суд. Але былы рэктар БДУ гаворыць, што як толькі ён атрымае неабходнае заключэньне, адразу ж накіруецца ў суд.

Цяперашняе беларускае заканадаўства дазваляе вывучаць адабраныя ў грамадзянаў краіны дакумэнты на прадмет іх адносінаў, якія пагражаюць нацыянальнай бясьпецы, цягам аднаго месяца.

Спадар Казулін сьцьвярджае, што ніякіх процізаконных рэчаў і дакумэнтаў ў яго на лётнішчы не было:

(Казулін: ) "Забралі ў мяне дакумэнты, якія быццам бы маюць пагрозу для дзяржавы: запрашэньне ў Швэцыю на зьезд, плян гораду Мальмэ, як дасягнуць гатэлю, потым даведка пра дзейнасьць БСДП (Грамада), ліст Статкевіча двухгадовай даўніны Пэрсану – лідэру швэдзкіх сацыял-дэмакратаў. Ну, а ў суд пакуль зьвяртацца няма сэнсу – там адразу запатрабуюць заключэньне экспэртаў".

Кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) учора зьбіраўся вылецець у Мальмэ, дзе адбудзецца зьезд Сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі Швэцыі. Аднак падчас мытнага дагляду ў яго знайшлі згаданыя дакумэнты. Менавіта з-за іх былога рэктара БДУ не пусьцілі ў самалёт.

Намесьнік старшыні БСДП (Грамада) Уладзімер Нісьцюк зьвяртае ўвагу ня толькі на тое, што ўлады наўмысна сарвалі кантакты лідэра партыі з калегамі па Сацінтэрну, якія шмат дзе ў сьвеце зьяўляюцца правячымі партыямі. Ён перадусім, акцэнтуе ўвагу на тым, што апазыцыйныя палітыкі не прадпрымаюць ніякіх дзеяньняў у адказ і па сутнасьці праглынаюць зьнявагу:

(Нісьцюк: ) "Ствараецца прэцэдэнт, калі любога палітыка – Казуліна ці Лябедзьку – па жаданьні некаторых кіруючых асобаў спэцслужбаў могуць проста затрымаць, забраць у іх паперы бяз усялякіх аргумэнтаў і тлумачэньняў. Гэта – парушэньне закону і трэба абавязкова зьвяртацца ў суд і адстойваць свае правы. Самае непрыемнае – што, ўсё гэта застаецца без рэакцыі, як ўсясьветнай супольнасьці, так і ўнутранай дэмакратычнай апазыцыі. Гэта ўжо стала для нас звыклым. І гэта вельмі дрэнна".

Старшыня Нацыянальнага выканаўчага камітэту Анатоль Лябедзька, якога ўзгадваў у сваім камэнтары Ўладзімер Нісьцюк, вяртаўся са Страсбуру, дзе разам з Вінцуком Вячоркам праводзіў перамовы з кіраўніцтвам Эўразьвязу, дэпутатамі Эўрапарлямэнту і прадстаўнікамі Рады Эўропы. У Лябедзькі ў аэрапорце таксама канфіскавалі рабочыя матэрыялы, якія ён вёз з сабою.

Гл. таксама • А.Казуліна не пусьцілі ў Швэцыю • Па вяртаньні са Страсбуру Лябедзьку затрымалі ў аэрапорце
XS
SM
MD
LG