Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі абвяргаюць або не камэнтуюць абвінавачваньні камісіі Волкера


Валер Каліноўскі, Менск Прадстаўнікі беларускіх фірм і арганізацый пераважна не камэнтуюць альбо абвяргаюць абвінавачваньні, у якіх іх падазрае незалежная экспэртная камісія пад кіраўніцтвам Пола Волкера, што расьсьледавала факты карупцыі падчас рэалізацыі праграмы ААН “Нафта ў абмен на харчаваньне”. Справаздача гэтай камісіі была апублікаваная ўчора ў Нью-Ёрку.

Аксана Ільясава, супрацоўніца “Трастбанку”, які пад сваёй ранейшай назвай “Інфабанк” згадваецца ў справаздачы камісіі Волкера наконт карупцыі пад час рэалізацыі кантрактаў па праграме “Нафта ў абмен на харчаваньне”, паведаміла Радыё Свабода, што ў яе банку пакуль не вывучылі названы дакумэнт. Таму тут пакуль не камэнтуюць абвінавачваньні камісіі Волкера.

Аналягічная сытуацыя і ў гандлёвай кампаніі “Белмэталэнерга”, кіраўнік якой Уладзімер Жаўрыд пакуль не ідзе на кантакты з прэсай.

У МЗС Беларусі таксама пакуль ніяк не адрэагавалі абвінавачваньні камісіі Волкера на адрас беларускіх арганізацый і фірм.

Кіраўнік фірмы “Лада-ОМС” Аляксей Ваганаў у сувязі з публікацыяй справаздачы паведаміў Радыё Свабода, што ягоная дзейнасьць у Іраку ў рамках праграмы “Нафта ў абмен на харчаваньне” была законнай і празрыстай, падкантрольнай МЗС Беларусі і структурам ААН:

(Ваганаў: ) “МЗС даваў ўзгадненьні, і па лініі ААН ўзгаднялі. Цэны вызначалі яны, скідкі таксама толькі яны вызначалі... Мы адтуль сышлі, калі ўсё гэта пачалося. Мы надта празрыстая кампанія, каб усім гэтым займацца”.

У справаздачы камісіі Волкера згадваецца і Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі. Яе лідэр Сяргей Гайдукевіч абвяргае сваю і партыйную датычнасьць да нафтавых кантрактаў у Іраку:

(Гайдукевіч: ) “Быў у мяне чалавек, Рабатай Аляксандар Генрыхавіч, які на справе меў кантакты з усімі фірмамі, ён на сваё імя атрымліваў гэтыя факсы, і ён займаўся нейкімі пытаньнямі. Няўжо вы думаеце, што я лазіў Рабатаю ў ягоную ніжнюю бялізну”.

Былы актывіст ЛДПБ Аляксандар Рабатай прызнае, што ён езьдзіў у Ірак ў сувязі з нафтавымі кантрактамі, але не па сваёй ініцыятыве, а ад імя партыі, і ніякай асабістай выгоды ад гэтага не меў:

(Рабатай: ) “Тое, што я езьдзіў паводле даручэньня Сяргея Гайдукевіча, паводле яго мандату, я ніколі гэта не хаваў. Фармальна партыя нібыта не ўдзельнічала. І Жырыноўскі, і ўсе іншыя расейскія і не толькі расейскія арганізацыі фармальна не ўдзельнічалі, але ўсе атрымлівалі грошы”.

Спадар Рабатай лічыць, што інфармацыя ў справаздачы Волкера сапраўдная:

(Рабатай: ) “Гэтая інфармацыя яна рэальная, хто яе ня ведае, яна вядомая ўжо гады два”.

У цэлым у справаздачы названыя больш за 2 з паловай тысячы фірмаў з 66 краінаў, якія былі замешаныя ў карупцыйных зьдзелках з рэжымам Садама Хусэйна, у выніку якіх той атрымаў амаль 2 мільярды даляраў.

Праграма “Нафта за харчаваньне” дзейнічала ад 1996 да 2003 году і была закліканая дапамагчы звычайным іракцам выжыць ва ўмовах міжнародных гандлёвых санкцыяў супраць Іраку і эканамічнай разрухі пасьля першай вайны ў Пэрсыдзкай затоцы. У рамках праграмы Іраку дазвалялася прадаваць абмежаваную колькасьць нафты на сусьветным рынку і на сродкі ад продажу закупляць харчаваньне і тавары штодзённага ўжытку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG