Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Расея скептычна ацэньвае даклад ААН


МАСКВА. Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў скептычна выказаўся адносна дакладу спэцыяльнай камісіі ААН, якая расьсьледавала злоўжываньні ў праграме “Нафта за харчаваньне для Іраку”. На думку міністра, частка дакумэнтаў, на якіх грунтуецца даклад, несапраўдныя, подпісы афіцыйных асобаў на іх падробленыя. У дакладзе гаворыцца пра ўдзел вышэйшых расейскіх чыноўнікаў і кампаніі Лукойл у незаконных угодах з ірацкім рэжымам ў абыход санкцыяў ААН. Анатоль Чубайс, старшыня РАО ЕЭС, заявіў, што адзін з абвінавачаных чыноўнікаў цяпер працуе ў кіраўніцтве ЕЭС, а ягоны подпіс на дакумэнтах быў падроблены. Нямецкая кампанія Siemens таксама адпрэчыла падобныя абвінавачаньні ААН на свой адрас, назваўшы абвінавачаньні “заўчаснымі й неабгрунтаванымі”. Расейская ЛДПР адпрэчыла зьвінавачаньні ў незаконных зьдзелках з рэжымам Садама Хусэйна. Учора быў прэзэнтаваны даклад ААН, у якім сьцьвярджалася, што большая частка хабару рэжыму Садама Хусэйна ішла праз амбасаду Іраку ў Маскве. Са спасылкаю на ірацкія дакумэнты ўказваецца, што Ірак заплаціў нафтаю камуністычнай і лібэральна-дэмакратычнай партыям Расеі за падтрымку Багдаду. Думка кіраўніка камісіі Пол Волкер:

(Волкер:) “Садам, натуральна, выбіраў краіны, кампаніі й людзей, якія, як ён разьлічваў, законным ці незаконным чынам будуць падтрымліваць імкненьне Іраку абысьці санкцыі, ўведзеныя супраць яго пасьля вайны ў Пэрсідзкай затоцы. Праўда і тое, што супярэчнасьці ў самой ААН – Радзе бясьпекі, Сакратарыяце і іншых структурах – ускладнялі спыненьне махінацыяў і карупцыі ў рамках праграмы”.

Паводле дакладу, каля траціны ірацкай нафты коштам у 19 млрд. 300 млн. даляраў, атрымалі менавіта расейскія кампаніі. Зь беларускіх кампаніяў пад падазрэньне аб злоўжываньнях у Іраку патрапіла кампанія “Белмэталэнэрга”.
XS
SM
MD
LG