Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адбыўся пікет супраць расейскамоўнага вяшчаньня на Беларусь (фота)


Валянціна Аксак, Менск У Менску на пляцы Бангалор адбыўся пікет грамадзкай арганізацыі “Вэтэраны Адраджэньня”. Удзельнікі пікету выступілі супраць расейскамоўных праграмаў на Беларусь нямецкай радыястанцыі “Дойчэ вэле”, якія яна пачала трансьляваць 3 кастрычніка сёлета.

У пікеце, які з дазволу гарвыканкаму доўжыўся паўгадзіны, бралі ўдзел знаныя дзеячы беларускага адраджэньня — мастак Аляксей Марачкін, скульптар Алесь Шатэрнік, археоляг Эдвард Зайкоўскі і іншыя.

Усе яны трымалі плякаты з пратэстам супраць расейскамоўных праграмаў “Дойчэ вэле” на Беларусь. Вось што сказаў на пытаньне нашага радыё пра прычыны гэтага пратэсту вядомы рэжысэр, стваральнік тэатру “Вольная сцэна” Валеры Мазынскі:

(Мазынскі: ) “Слухаў я гэтыя праграмы. Яны апраўдваюцца амаль у кожнай праграме, што немагчыма па-беларуску, што нас слухае бальшыня, што размаўляе па-расейску і па-расейску разумее лепш. Гэта так сьмешна і наіўна. І я б, можа, не зьвярнуў бы ўвагі на гэтыя пятнаццаць хвілінаў, але тут ёсьць справа прынцыпу: гэта для мяне гучыць як непавага і зьнявага”.

Сёньняшні пікет — ня першы пратэст вэтэранаў адраджэньня супраць пазыцыі нямецкае радыёстанцыі. Гаворыць старшыня арганізацыі, знаны гісторык Міхась Чарняўскі:

(Чарняўскі: ) “У сярэдзіне лета мы пасылалі афіцыйны ліст ад управы грамадзкага аб’яднаньня “Вэтэраны адраджэньня” амбасадзе Нямеччыны. Вельмі хутка атрымалі адказ, асноўны сэнс якога, што “Дойчэ вэле” правільна робіць. І там было напісана, што не стаіць пытаньне па-беларуску, а стаіць пытаньне альбо па-расейску, альбо ніяк”.

Ігнараваньне думкі беларускіх адраджэнцаў у моўнай палітыцы вяшчаньня “Дойчэ вэле” на Беларусь закранае нацыянальныя пачуцьці цэлага народу, лічыць спадар Чарняўскі.

(Чарняўскі: ) “Перадачы “Дойчэ вэле” па-расейску на Беларусь — гэта, мы лічым, проста абраза і зьнявага беларускага народу”.

Пікет прайшоў без эксцэсаў. Міліцыянты рэагавалі на яго спакойна, а мінакі актыўна цікавіліся пазыцыяй пікетоўцаў.

Фотарэпартаж зь пікету

Deutsche Welle Belarus - Protest - it should be not in Russian, but in Belarusan language! "Мова? - Nein! Язык? - Ja!"

Deutsche Welle Belarus - Protest - it should be not in Russian, but in Belarusan language! "бИлИнгвИзм"

Deutsche Welle Belarus - Protest - it should be not in Russian, but in Belarusan language! "Deutsche Welle - каму дапамагаеш?"

Deutsche Welle Belarus - Protest - it should be not in Russian, but in Belarusan language! "У нас хапае русыфікатараў і без Deutsche Welle"
XS
SM
MD
LG