Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да пухí дабіць


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Да пухі дабіць – зьвесьці на нішто, загубіць нешта. Пухá – падзабытае крыўскае слоўца, якога няма ў шматтомным “Тлумачальным слоўніку беларускай мовы”. А вось у слоўніку Насовіча яно ёсьць, з тлумачэньнем: пухá – тупы канец яйка. Колісь, на Вялікдзень, дзятва, а часам і дарослыя, гралі ў біткі: бралі фарбаваныя яйкі і стукалі імі – дзюба ў дзюбу, альбо пуха ў пуху. Чыё яйка разьбівалася, той мусіў аддаць яго пераможцу. Пры спрытным удары шкарлупіньне часьцяком расколвалася да пухі – адсюль і адпаведная фразэма.

За савецкім часам папулярна было дабіваць да пухі калгасы і саўгасы. Ну а сёньня тыя, хто дабіваў калгасы, гамузам узяліся дабіваць беларускую мову. І робяць гэта нібыта з божага блаславеньня, пад ухвальныя сьпевы адкамандзіраваных з Масковіі “архіпастыраў”. Самая пара нарадзіцца прымаўцы: што для папа “блага”, дык для беларуса зусім дрэнь.

У Расеі, зьвёўшы нешта на пусты канец, звычайна кажуць: давести до ручки. Згадваюць тую самую ручку і ў нас. Зь дзяцінства памятаю апалітычны куплет пра тое, як адзін дзядзька набыў сто лятарэйных білетаў, “выйграў трульнік, выйграў ручку, лятарэі з рук лятуць: “Людзі! Я дайшоў... да ручкі. Як бы мне свае вярнуць?”. Вось і нам, беларусам, варта задацца пытаньнем: “Як бы вярнуць нашую мову?”. А то ж даб''юць да пухі – і дуды ў мяхі.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал) Магія мовы: архіў 2005 (3-і квартал)
XS
SM
MD
LG