Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэйтынг якасьці палітычнага кіраўніцтва – Беларусь займае 107 месца са 119


Алена Струвэ, Менск Беларусь належыць да тых 48 краінаў сьвету, дзе ўстойліва трымаюцца аўтарытарныя рэжымы. З прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі палітычны прагрэс у краіне спыніўся. Паводле індэксу якасьці палітычнага кіраўніцтва, ягонай схільнасьці да рэфармаваньня, Беларусь займае 107-ю пазыцыю (паміж Бурундзі і Кубай). Такія вытрымкі з апошняга дасьледаваньня, якое праводзіла ў 119 краінах сьвету буйная нямецкая палітычная фундацыя імя Бэртэльсмана. У часе нядаўняй прэзэнтацыі свайго дасьледаваньня ў Бэрліне фонд імя Бэртэльсмана скрытыкаваў палітыку нямецкага ўраду што да ажыцьцяўленьня праграмы падтрымкі разьвіцьця ў маладых краінах.

Ад розных іншых вядомых рэйтынгаў апошняе дасьледаваньне фонду Бэртэльсмана адрозьнівае вялікая колькасьць ацэнкавых крытэраў. Акрамя эканамічнага ладу і росту, у дасьледаваньнях улічваецца сацыяльная сыстэма, роўнасьць магчымасьцяў, стан палітычных інстытутаў, сфармаванасьць нормаў прававой дзяржавы і гэтак далей. Паводле супрацоўніка фундацыі Хаўке Хартмана, які ў тым ліку займацца пытаньнямі Беларусі, высновы адносна палітычнага, сацыяльнага і эканамічнага разьвіцьця 119 краінаў сьвету рабіліся на падставе 7 тысяч пытаньняў.

(Хартман: ) “У выніку вызначэньня паказчыкаў таго, наколькі далёка прасунуліся гэтыя краіны ў галіне дэмакратыі, рынкавых рэформаў, былі падлічаныя некаторыя рэйтынгі. Напрыклад, статус дзяржавы, паказьнікі яе рынкавага і дэмакратычнага разьвіцьця. Калі ўзяць Беларусь, то тут яна займае 83-ю пазыцыю і знаходзіцца паміж Азэрбайджанам і Пакістанам. Калі ж гаварыць пра якасьць ураду, ягоную схільнасьць да правядзеньня трансфармацыяў у краіне, то тут Беларусь знаходзіцца на 107-м месцы, пасьля Бурундзі і перад Кубай.

У часе прэзэнтацыі праекту мы зрабілі шэраг рэкамэндацыяў нямецкаму ўраду. Нашы экспэрты перакананыя, што, ажыцьцяўляючы праграму падтрымкі разьвіцьця маладых краінаў, Бэрлін ня ў поўнай ступені ўлічваў наяўнасьць дэмакратыі ў тым ці іншым рэгіёне. Сродкі выдаткоўваліся на падставе колькасьці насельніцтва ў той ці іншай краіне. Гэта датычыць у тым ліку і Беларусі Тут ёсьць нямала пытаньняў”.

Паводле спадара Хартмана, грошы выдаткоўваліся хутчэй на эканамічны рост у рэгіёнах, а не на падтрымку дэмакратыі, часткай якой ёсьць павага да правоў чалавека. Як лічыць Хаўке Хартман, было б перабольшаньнем сьцьвярджаць, што нямецкі ўрад гэткім чынам фінансаваў беларускі рэжым, аднак пытаньні стану дэмакратыі ў Беларусі, правоў чалавеку амаль ня ўлічваліся.

У фондзе Бэртэльсмана згодныя з той крытыкай амэрыканскай праваабарончай арганізацыі “Human Rights Watch” на адрас былога нямецкага ўраду, пра якую піша сёньняшняя нямецкая газэта “Berliner Zeitung”. Як вынікае з публікацыі, дагэтуль Бэрлін ня надта абцяжарваў сябе жаданьнем крытыкаваць дыктатарскія рэжымы, напрыклад, у Беларусі ці Зымбабвэ, і часьцей за ўсё абмяжоўваўся маўчаньнем. Тым часам, сытуацыя з правамі чалавека і свабодай слова ў Беларусі становіцца ўсё больш складанай. Гаворка ідзе пра масіўны ціск на апазыцыю і няўрадавыя арганізацыі, перасьлед і ліквідацыю незалежных прафсаюзаў, зьнішчэньне незалежных мэдыяў і рэпрэсіі супраць асобных журналістаў.
XS
SM
MD
LG