Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кампанія “Белмэталэнэрга” падазраецца ва злоўжываньнях у Іраку


Валер Каліноўскі, Менск Справаздача незалежнай экспэртнай камісіі, якая расьсьледавала падазрэньні ў карупцыі вакол праграмы ААН “Нафта за харчаваньне” утрымлівае інфармацыю і аб некаторых беларускіх кампаніях. Зь іх найбольш месца адведзена “Белмэталэнэрга”, якая зьяўлялася трынаццатым паводле рэйтынгу гуманітарным апэратарам у рамках гэтай праграмы ААН. Паводле справаздачы камісіі пад кіраўніцтвам былога старшыні цэнтральнага банку ЗША Пола Волкера, “Белмэталэнэрга” незаконна пераплачвала вялікія сумы ірацкаму рэжыму ў абмен на выгадныя кантракты.

Гандлёвая кампанія “Белмэталэнэрга” была заснаваная ў канцы 1990-х гадоў, продаж тавараў у Ірак быў адным з галоўных відаў яе дзейнасьці. Яна нават мела ў Багдадзе свой офіс. Кампанія была цесна зьвязаная з “Інфабанкам”, які пасьля абвінавачаньняў у адмываньні грошай Садама Хусэйна, памяняў назву. “Інфабанк” валодаў 10% акцыяў “Белмэталэнэрга”.

Паводле справаздачы камісіі Волкера, “Белмэталэнэрга” мела 71 кантракт з Іракам на суму 249,3 мільёна даляраў на пастаўку трактараў, грузавікоў, будаўнічага ды іншага абсталяваньня. МЗС Беларусі раней сьцьвярджаў, што усе беларускія пастаўкі ў Ірак у рамках праграмы “Нафта ў абмен на харчаваньне” у 1999—2003 гадах складалі каля 200 мільёнаў даляраў. Але “Белмэталэнэрга” пастаўляла ў Ірак ня толькі беларускія тавары, але і расейскія. Камісія Волкера сьведчыць, што захавалася 20 пісьмовых гарантыйных пісьмаў “Белмэталэнэрга” аб незаконных выплатах у сувязі з гэтымі кантрактамі. У справаздачы Волкера зьмяшчаюцца фота такіх дакумэнтаў. У адным зь іх “Белмэталэнэрга” гарантуе ірацкаму боку выплату 10% ад сумы кантракту. Фактычна гэты быў так званы “адкат”, якім ірацкі рэжым звычайна карыстаўся ў адносінах з замежнымі кампаніямі.

Некаторыя з такіх дакумэнтаў былі падмацаваныя гарантыямі “Інфабанку”, які ў Іраку часу Садама Хусэйна паважалі.

Варта прыгадаць, што “Белмэталэнэрга” разам з “Інфабанкам” будавалі ў Менску ірацкую амбасаду. Будынак гэты па вайне яны зьбіраліся прадаць, але сьлядоў дзейнасьці новых гаспадароў на ім не відаць.

Кіраўнік “Белмэталэнэрга” Віктар Жаўрыд зазначаў прадстаўнікам камісіі Волкера, што, калі такія гарантыйныя дакумэнты падпісваліся, то яны не выконваліся, да іх ставіліся фармальна.

Акрамя паставак тавараў у Ірак, “Белмэталэнэрга” купіла 21,6 мільёна барэляў ірацкай нафты, за яе было заплачана 462 мільёны даляраў. Нафту гэтую перакупілі гіганты “Шэўрон” і “Бэйойл”, за што беларуская фірма атрымала невялікі адсотак. У справаздачы Волкера пераплаты ірацкаму рэжыму па нафтавых кантрактах “Белмэталэнэрга” ацэненыя на 2,9 мільёна даляраў. Справаздача таксама сьведчыць, што па гуманітарных (таварных) кантрактах кампаніяй было выплачана 15,7 мільёна даляраў у выглядзе аплаты так званага “пасьляпродажнага абслугоўваньня”. Яшчэ нейкія сумы пераплачваліся за транспартыроўку ў межах краіны.

Выснова справаздачы Волкера наступная: усе гэтыя выплаты рабіліся з парушэньнем санкцыяў ААН і правілаў ажыцьцяўленьня праграмы “Нафта ў абмен на харчаваньне”.

У кампаніі “Белмэталэнэрга” нам паведамілі, што ніхто апрача яе дырэктара Уладзімера Жаўрыда ня можа камэнтаваць абвінавачаньняў на яе адрас, вылучаныя камісіяй Волкера. А спадар Жаўрыд пакуль недаступны. Радыё Свабода гатова даць яму магчымасьць пракамэнтаваць апублікаваныя камісіяй факты і лічбы.
XS
SM
MD
LG