Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Пачобут: рашэньні ў маёй справе прымаюць ня ў Шчучыне, а ў сталіцы


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня актывісту Саюзу палякаў журналісту Андрэю Пачобуту была скасавана мера стрыманьня — падпіска аб нявыезьдзе. Ён зьяўляецца падазраваным па крымінальнай справе (артыкул 185 Крымінальнага кодэксу) аб запалохваньні Віктара Богдана — дырэктара шчучынскага Дома польскага. Адначасова Гарадзенская абласная пракуратура працягнула на месяц тэрмін расьсьледаваньня гэтай справы.

Пакінуўшы Шчучынскі РАУС, Андрэй Пачобут сеў у машыну свайго калегі па Саюзе палякаў Мечыслава Яскевіча, аднак іх затрымалі міліцыянты і прымусілі ехаць назад.

Сьледчы хацеў дапытаць спадара Яскевіча як сьведку па крымінальнай справе супраць Пачобута і яшчэ трох актывістаў Саюзу палякаў. Мечыслаў Яскевіч адмовіўся адказваць на пытаньні без адваката, і яму выпісалі позву на 2 лістапада.

Андрэй Пачобут гаворыць, што цягам дзесяці дзён яму павінны былі альбо прад’явіць абвінавачаньне або скасаваць меру стрыманьня — падпіску аб нявыезьдзе. Аднак сьледзтва працягнутае, і гэта можа сьведчыць пра тое, што падрыхтаваць абвінавачаньне пакуль не атрымліваецца, але мэта засталася тая самая.

Андрэй Пачобут мяркуе, што рашэньні адносна гэтай крымінальнай справы прымаюцца зусім ня ў Шчучыне, а ў сталіцы.

(Пачобут: ) “Улады дастаткова добра разумеюць, што калі нас пасадзіць, то адносіны з Польшчай былі б вельмі дрэнныя. Адначасова яны разумеюць, што Саюз палякаў працягвае дзейнасьць, і трэба нейкім сілавым мэтадам зьнішчыць нас”.

Хаця ўлады пакуль спрабуюць проста запалохаць актывістаў Саюзу палякаў, каб яны самі спынілі сваю дзейнасьць, лічыць Андрэй Пачобут.

Што датычыць дырэктара шчучынскага Дома польскага Віктара Богдана, па заяве якога была распачата крымінальная справа супраць актывістаў Саюзу палякаў, дык ён узмацніў свае пазыцыі. Яго абралі ў склад Галоўнай управы СПБ на паўторным зьезьдзе гэтай арганізацыі, што адбыўся з дапамогай беларускіх уладаў два месяцы таму у Ваўкавыску.

***

Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, у ліпені актывісты СПБ з Горадні змушалі спадара Богдана, каб ён выдаў ім ключы ад Дому польскага і пакінуў сваю пасаду. Падазраванымі па справе сьледзтвам прызнаныя журналісты Андрэй Пачобут і Анджэй Пісальнік, а таксама намесьнікі старшыні СПБ Юзаф Пажэцкі і Веслаў Кеўляк. У артыкуле 185 Крымінальнага кодэксу гаворыцца аб змушэньні да нейкіх дзеяньняў шляхам пагрозаў, ім прадугледжана пакараньне — да двух гадоў абмежаваньня свабоды.
XS
SM
MD
LG