Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская прэса за 28 кастрычніка


Зьміцер Падбярэскі, Менск Беларуская прэса розных гадоў

“Звезда”, 1925 год. Выказваньне нейкага Крыніцкага на сходзе актыву Менскай гарадзкой арганізацыі КП(б)Б на тэму беларусізацыі:

“…пленум мусіў яшчэ раз паўтарыць, што тут ня ўсё добра ў тым сэнсе, што друкаванае слова і асабліва газэтная мова ня носіць яшчэ дастаткова папулярнага характару, і што ў тэрміналягічнай працы матэрыял беларускай вёскі ўлічваецца недастаткова, што тэрміналягічная праца ў значнай меры вядзецца на аснове матэрыялаў часта старых фаліянтаў і кніг 16—18 ст., а сучасны матэрыял беларускай вёскі забываецца. І пленум дае дырэктыву папрацаваць над гэтым істотнейшым бокам справы”.

“Беларуская крыніца”, 1935 год:

“Сумныя і чароўныя Задушкі і нязьмерна багатыя зьместам. Яны жыцьцё харашаць і ўзбагачаюць, яны яго раўняюць, засыпаючы прорвы, дакапаныя сьмерцяй, яны здабычы працы людзей жывых і памёршых — злучаюць у вадну цэласьць, у вадну несьмяротную вартасьць, яны ўрэшце пацьвярджаюць праўдзівасьць слоў паэты Сваяка аб памёршым чалавеку, што ён “не памёр, а нарадзіўся”…

“Звязда”, 1945 год:

“Згодна пастановы Соўнаркома БССР у Мінску створан Беларускі дзяржаўны тэатральны інстытут, які будзе рыхтаваць кваліфікаваныя кадры для тэатраў і эстрады нашай рэспублікі. Для выкладчыцкай работы ў інстытут запрашаюцца лепшыя акторы БССР, народны артыст рэспублікі Міровіч, прафесар Навак і іншыя. У інстытут падана 60 заяў. Сярод жадаючых вучыцца ў інстытуце ёсць удзельнікі Айчыннай вайны, былыя партызаны. Зараз тут ідуць прыймовыя іспыты па спецыяльных дысцыплінах (мастацкае чытанне, сцэнічныя эцюды) і агульна-адукацыйных дысцыплінах. Заняткі ў інстытуце распачнуцца ў першых лічбах лістапада гэтага года”.
XS
SM
MD
LG