Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму скарачаецца колькасьць недзяржаўных унівэрсытэтаў?


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускай незалежнай прэсы за 28 кастрычніка

Генэральны дырэктар Беларускага металюргічнага заводу Мікалай Андрыянаў зьбіраецца падаць у суд на Віктара Кучынскага, паведамляе “Народная воля”. Увесь сыр-бор разгарэўся з-за ліста, які нядаўна нібыта атрымаў Кучынскі ад аднаго з супрацоўнікаў прадпрыемства, у якім сьцьвярджаецца пра службовыя злоўжываньні з боку кіраўніцтва БМЗ. Таксама газэта сёньня публікуе інтэрвію з часовым павераным у справах Чэхіі ў Беларусі Уладзімерам Румлам. З гэтага інтэрвію можна даведацца пра тое, што сярэдні заробак у Чэхіі ўжо дасягнуў 800 даляраў, а кошты там такія ж, як і ў Беларусі.

“Камсамолка”, як і шматлікія іншыя мэдыі, шукае адказ на пытаньне, ці пагражае нам птушыны грып. Сёньня Беларусь забясьпечвае сябе курыным мясам амаль цалкам. Адзіны рэгіён, зь якога сюды прывозяць мяса – Калінінградзкая вобласьць Расеі. У “чорным сьпісе” – больш за 30 краінаў, зь якіх курынае мяса завозіць нельга. Найбліжэйшыя з “грыпуючых” – Расея, Румынія, Казахстан, Харватыя.

“Брестская газета” піша, як берасьцейскую гімназію №1 распусьцілі на вакацыі на тыдзень раней, чым трэба. Там знайшлі кішэчную інфэкцыю. Цераз парушэньне санітарных нормаў у сталовай, шасьцёра гімназістаў трапілі ў лякарню.

БДГ апавядае, як дзяржава вырашае праблему стратных прадпрыемстваў -- шляхам далучэньня іх да больш пасьпяховых. Нядаўна да менскага завода “Крышталь” далучылі Клецкі кансэрвавы завод. Што атрымаецца з гэтага гібрыду, сказаць цяжка.

На старонках “Витебского курьера” адмыслоўцы аналізуюць прычыны, па якіх у краіне паступова скарачаецца колькасьць недзяржаўных навучальных установаў. У адным Віцебску сёлета зачынілі два філіялы прыватных вну. На думку экспэртаў, улады імкнуцца сканцэнтраваць фінансавыя плыні, якія ішлі раней празь недзяржаўныя ўстановы. Гэта адна з мэтаў, а другая – трымаць пад кантролем студэнтаў, напрыклад, пры дапамозе таго ж БРСМ. У недзяржаўным інстытуце такое немагчыма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG