Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адбудзецца шэсьце ў Курапаты на Дзяды?


Вячаслаў Кулік, Менск Яшчэ ў мінулы панядзелак Менгарвыканкам санкцыянаваў правядзеньне 30 кастрычніка шэсьця і мітынгу ва ўрочышча Курапаты. Аднак паводле намесьніка старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Юрася Беленькага, гарадзкія ўлады патрабуюць копію дакумэнта аб аплаце расходаў па забесьпячэньні грамадзкага парадку, бясьпекі і мэдычнага абслугоўваньня. Сёньня – апошні дзень, калі гэтую копію можна прад’явіць уладам. У адваротным выпадку, шэсьце будзе аб’яўлена незаконным.

У інтэрвію нашаму радыё Юрась Беленькі заявіў, што не плянуе сёньня наведаць Менгарвыканкам. Паводле ягоных словах, галоўнае – ёсьць прынцыпова станоўчае рашэньне гарадзкой улады на шэсьце, а іншыя дадатковыя патрабаваньні папросту супярэчаць беларускаму заканадаўству:

(Беленькі: ) “Мы ёсьць палітычная партыя, а не камэрцыйная арганізацыя. Мы не займаемся гаспадарчай дзейнасьцю. Больш за тое, заканадаўства, дзейнае заканадаўства, прадугледжвае, што дзяржаўныя структуры павінны спрыяць палітычным партыям – канстытуцыя, закон аб палітычных партыях. Таму, хто пісаў гэты пункт, нешта пераблытаў. Напэўна, яны мелі на ўвазе палажэньні, якія тычацца нейкіх камэрцыйных мерапрыемстваў, таму не разабраліся”.

Якую ж суму патрабуе Менгарвыканкам заплаціць за шэсьце ў Курапаты? Выдаткі маглі быць вядомыя, калі б арганізатары шэсьця прайшлі па коле сталічных і абласных структураў. Прапанавалася заключыць дамовы на так званае спэцабслугоўваньне зь міліцыяй, хуткай дапамогай, дарожнымі прадпрыемствамі і іншымі. Дарэчы, тое самае Менгарвыканкам патрабаваў ад Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, які прасіў дазволу на грамадзкую акцыю ў парку Бангалёр 20 кастрычніка. Паводле лідэра кангрэсу Аляксандра Ярашука, прафсаюзам выставілі рахунак ажно на 5 тысяч даляраў за тое, што ў парк прыйдзе тысяча чалавек. Шэсьце ў Курапаты, як кажа спадар Беленькі, мае быць больш масавым.

(Беленькі: ) “Да пяці тысяч чалавек. Такая колькасьць людзей можа прыйсьці. Хаця вось апошнія гады паказваюць, што ад паўтары да трох тысяч людзей прыходзіла, калі такое, як сёньня, кепскае надвор’е, холадна. Усё ж такі цяжкавата прайсьці шлях. Цяжка для людзей. І, як сьведчыць практыка мінулых гадоў, вялікая колькасьць людзей прыяжджае проста ў Курапаты, на мітынг. Яны ня ўдзельнічаюць у самім шэсьці ці далучаюцца да шэсьця на апошнім этапе. Мы ўдзячныя ўсім людзям”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Юрась, вядома, што ў Курапатах кожную суботу адбываецца моладзевая талака. Дарэчы, талака прызначана і на заўтра. Як выглядае ўрочышча?

(Беленькі: ) “Хто, скажам, пэўны час ня быў у Курапатах, прыходзіць туды і адразу, вядома, заўважае, што Курапаты зьмянілі сваё аблічча ў лепшы бок. Гэтае ўрочышча прыбранае, дагледжанае. І гэта якраз заслуга сяброў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ. Адкрыта кажу. Ёсьць прыхільнікі, якія прыходзяць таксама. Натуральна, што непасрэдна перад Дзядамі таксама ладзіцца талака. Яна ў большым маштабе, бо трэба, канечне, каб перад Дзядамі выглядала адпаведным чынам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG