Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Мілінкевіч завяршае фармаваньне абласных выбарчых штабоў


Алесь Дашчынскі, Менск Кіраўнік штабу адзінага кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Сяргей Калякін накіраваўся на зьезд сацыял-дэмакратычнай партыі Швэцыі. Тым часам завяршаецца фармаваньне цэнтральнага штабу, прызначаныя фактычна ўсе абласныя кіраўнікі. 3-га лістапада плянуецца разгледзець плян выбарчай кампаніі. Якімі клопатамі цяпер жыве штаб адзінага кандыдата?

Пакуль Сяргей Калякін разам зь сябрам штабу Аляксандрам Бухвоставым бяруць удзел у зьезьдзе швэдзкіх сацыял-дэмакратаў, дзе таксама адбудзецца міжнародная канфэрэнцыя, адзіны кандыдат Аляксандар Мілінкевіч вырашае арганізацыйныя пытаньні ў Горадні па фармаваньні абласнога штабу. Тут чатыры партыі прапанавалі чатыры кандыдатуры на кіраўніка абласнога штабу. На гэты момант зацьверджаны кіраўнікі астатніх рэгіянальных штабоў. Менскі гарадзкі ўзначаліла Валянціна Палевікова, Берасьцейскі абласны – Юрась Губарэвіч, Гомельскі абласны – Уладзімер Кацора, Магілеўскі абласны – Уладзімер Шанцаў, Менскі абласны – Пётар Голасаў, Віцебскі абласны – Хрыстафор Жэляпаў. Менская вобласьць разьбіта на тры кусты – Маладэчна, Салігорск і Барысаў. Пра фармаваньне штабу расказвае Аляксандар Мілінкевіч.

(Мілінкевіч: ) “Калі я кіраваў шатабм Домаша, то было вельмі проста. Проста падбіраеш прафэсіяналаў і прызначаеш, а тут трэба ўсё ж улічыць інтарэсы кааліцыі. Бо гэта штаб кааліцыйны. Такія абавязкі ў мяне былі і перад кангрэсам, што ў штабе павінны працаваць прадстаўнікі розных партый. Таму гэта стварае пэўныя цяжкасьці ў выбары людзей, таму што ёсьць на адно месца прэтэндэнты з розных партый. Але гэты пэрыяд мы фактычна ўжо прайшлі. Цэнтральны штаб сфармаваны. І ў панядзелак будзе апошні чалавек прызначаны на вобласьць. Таму абласныя кіраўнікі будуць і адразу пачнуць працаваць па раёнах. Пасьля кангрэсу быў крызыс, гэта было ўсім відавочна. І сёньня гэтага крызысу няма і, я думаю, што штабы ўжо гатовы да працы і праца гэта ідзе”.

Улічваючы тое, што дзяржаўныя мэдыі замоўчваюць інфармацыю пра вынікі кангрэсу дэмсілаў, у лістападзе адзіны кандыдат ад апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч плянуе распачаць паездкі па краіне і сустрэчы з рознымі аўдыторыямі.

Паводле намесьніка кіраўніка штабу Віктара Карнеенкі, штаб пакуль працуе менш дынамічна, чым хацелася б. Ён мае на ўвазе праблему кадравага напаўненьня па ўсіх накірунках. Але на справе штаб сябе праявіць падчас інфармацыйнай кампаніі.

(Карнеенка: ) “Наколькі гэта праца эфэктыўная – гэта пытаньне. І, безумоўна, тут нам яшчэ трэба шукаць эфэктыўныя спосабы інфармаваньня грамадзкасьці. Тут ёсьць пэўныя прапановы і не абыйдзецца бязь нейкіх пілётных варыянтаў. Мы паспрабуем наладзіць інфармацыйныя кампаніі ў некаторых гарадах. Вось такім чынам будзем заяўляць і прыступаць да сыстэмнай працы штабу – праз інфармацыйныя кампаніі і арганізацыю грамадзкіх прыёмных”.

Дадам, што за працу грамадзкіх прыёмных будзе адказваць актывіст АГП Сяргей Альфер.

Паводле кіраўніка штабу Сяргея Калякіна, у 2001 годзе галоўная памылка была ў тым, што апазыцыя позна вызначылася з адзіным кандыдатам. Тады гэта быў Уладзімер Ганчарык. Таксама запозна пачалося аб’яднаньне палітычных сілаў. Цяпер жа дастаткова часу для ўзгадненьня і арганізацыі выбарчагу працэсу ў цэлым. Паводле кіраўніцы Менскага гарадзкога штабу Валянціны Палевіковай, вопыт папярэдняй кампаніі ўлічваецца. У Менску пачалася арганізацыя раённых штабоў і падрыхтоўка да інфармацыйнай кампаніі “ад дзьвярэй да дзьвярэй”.

(Палевікова: ) “Прыходзіць вельмі многа цікавых людзей, гэта нашы паплечнікі, аднадумцы, партыйцы, прадстаўнікі грамадзкіх арганізацый, віп-пэрсоны, людзі, якія працавалі ў штабах кандыдатаў у дэпутаты ў 2004 годзе. На парлямэнцкіх выбарах у большасьці выпадкаў каманды працавалі вельмі актыўна, вопыт ёсьць. Да нас далучыліся таксама дэлегаты кангрэсу, прафсаюзы. Штаб у Менску – гэта вельмі адказны кірунак працы. Трэба, каб мы завялі гэты працэс, каб мы яго напоўнілі нейкай энэргетыкай і ўсіх людзей накіравалі на перамены да лепшага жыцьця. І каб яны нам паверылі –гэта самае галоўнае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG