Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Беларусі засьцерагаюцца ад птушынага грыпу?


Іна Студзінская, Менск У сьвеце нарастае трывога з нагоды пашырэньня вірусу птушынага грыпу. У пачатку адбылася нават сустрэча адпаведных міністраў Эўрапейскага Зьвязу для разгляду магчымых захадаў на выпадак пандэміі. У Беларусі з-за пагрозы птушынага грыпу Дзяржаўная вэтэрынарная служба ўзмацніла вэтэрынарна-санітарны кантроль.

Паводле інфармацыі намесьніка начальніка Галоўнага вэтэрынарнага ўпраўленьня Міністэрства сельскай гаспадаркі Міхаіла Бушылы, перш за ўсё, узмоцнены кантроль за транспартыроўкай, захаваньнем і продажам прадукцыі птушкагадоўлі. Катэгарычна забаронены ўвоз птушкі з дзяржаваў і рэгіёнаў, дзе былі зафіксаваныя выпадкі захворваньняў птушак. Міхаіл Бушыла пералічыў іх.

(Бушыла: ) "19 дзяржаваў, якія афіцыйна маюць выпадкі па патагенным грыпе: Віетнам, Тайлянд, Камбоджа, Інданэзія, Пакістан, Канада, ЗША, Малайзія, Кітай, Ганконг, Манголія, Казахстан, Расея, Харватыя, Турэччына, Грэцыя, Румынія, Ангельшчына".

Спадар Бушыла падкрэсьліў, што ўсе партыі прадуктаў птушкагадоўлі, якія трапляюць у крамы, правяраюцца на наяўнасьць неабходных суправаджальных дакумэнтаў. Але пару дзён таму я на ўласныя вочы бачыла ў сталічнай краме "Эўраопт" курыныя кумпячкі і грудкі, вырабленыя Калінінградзкай фірмай "Залаты пеўнік".

Вядоўца: Але ж гэта Расея, якая быццам бы ўваходзіць у лік краінаў, адкуль забаронены ўвоз птушкі ў Беларусь?

Намесьнік начальніка Галоўнага ветэрынарнага ўпраўленьня Мінсельгасу спадар Бушыла сказаў, што гэта Калінінград – адзіны расейскі рэгіён, адкуль імпарт прадукцыі птушкагадоўлі не забаронены менавіта з-за адасобленасьці ад расейскай тэрыторыі і жорсткім падвойным памежным кантролем.

(Бушыла: ) "У сувязі з цэнавым фактарам з-за мяжы амаль і ня ўвозяць тушкі птушкі. Увозяць паўфабрыкаты, вырабленыя ў Калінінградзкай вобласьці, гэта можна сустрэць. Але яны праходзяць дзьве мяжы: расейска-літоўскую і літоўска-беларускую. Ну ніяк без дакумэнтаў празь дзьве мяжы нельга праехаць!"

Пра вельмі сур''ёзны кантроль на мяжы і кантроль на рынках гаворыць і намесьнік галоўнага вэтэрынарнага інспэктара сталіцы Тамара Сьцепанькова.

(Сьцепанькова: ) "Кантроль ідзе падвойны: абавязкова на мяжы, а таксама, калі штосьці прайшло міма мяжы, пры рэалізацыі на рынку ёсьць яшчэ кантроль на рынках. І на кожную птушку, на кожную жывёлу ў заамагазіне ў нас ёсьць дакумэнт".

Дарэчы, нядаўна ў Лёндане быў зарэгістраваны выпадак сьмерці папугая ад птушынага грыпу. У беларускіх заалягічных крамах таксама прадаюцца папугаі, іншыя экзатычныя птушкі. Што кажуць адмыслоўцы на гэты конт, ці няма пагрозы набыць небясьпечную экзатычную птушку? Галоўны вэтэрынарны інспэктар Менску Іосіф Рамашка запэўніў: завоз дзікіх папугаеў практычна немагчымы, у продаж у заалягічныя крамы паступаюць толькі папугаі, якіх вырошчваюць у Беларусі.

Што да дзікіх птушак, то вэтэрынарнымі службамі ды егерамі ва ўсіх рэгіёнах Беларусі вядзецца кантрольны адстрэл, і адстрэленая дзічына накіроўваецца на лябараторныя дасьледаваньні. Пакуль ніякіх небясьпечных выпадкаў ня выяўлена. Амаль усе пералётныя птушкі адляцелі, таму да вясны можна жыць спакойна, лічыць намесьнік начальніка Галоўнага ветэрынарнага ўпраўленьня Міністэрства сельскай гаспадаркі Міхаіл Бушыла.

(Бушыла: ) "У рэспубліцы ўсё спакойна, бліжэй за Тулу няма ачага. Птушка наша здаровая, праблем пакуль няма. Так, захады прынятыя жорсткія, каб не дапусьціць заносу да нас. Таму на сёньняшні дзень баяцца няма чаго".
XS
SM
MD
LG